Артыкул, прысвечаны Публічнаму Банку Дадзеных

Алена Ляшкевіч, гісторык, магістр мастацтвазнаўства, прайшла навучанне ў Нясвіжскай акадэміі, працавала ў аддзеле па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інбелкульта, цяпер – аспірантка НАН Беларусі, спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”

У газеце "Культура" выйшаў артыкул, прысвечаны Публічнаму Банку Дадзеных, размешчанаму на http://euimedia.com/data. Прапануем разгорнуты варыянт тэкста артыкула.

 

9 красавіка прайшла прэзентацыя публічнай базы дадзеных гісторыка-культурных каштоўнасцей, створанай пад патранатам фонда European Urban Institute. База дасяжная на сайце euimedia.com. Акрамя базы на сайце публікуюцца артыкулы на тэматыку архітэктурнай спадчыны, інфармацыя пра дзейнасць фонда.

Ад папулярных рэсурсаў кшталту globus.tut.by прэзентаваная база дадзеных адрозніваецца наяўнасцю поля для маніторынгу актуальнага стану помнікаў і прафесійнай мадэрацыяй. У камандзе праекту – архітэктары Ірына Лаўроўская і Тамара Матыль, культуролаг Таццяна Мармыш, урбаніст Валер Фамінскі, краязнаўца Уладзімір Садоўскі. Самае галоўнае, што гэта прафесійная база дадзеных будзе дасяжная самым шырокім колам грамадства. Каманда праекта запрашае да супрацы – на сайт можна загружаць уласныя матэрыялы як аматарам-вандроўнікам, так і прафесійным архітэктарам. Такім чынам спадзяюцца выратаваць ад забыцця праектна-сметную дакументацыю розных гадоў, нават калі праекты рэстаўрацыі не былі рэалізаваныя.

Каманда праекту прайшла навучанне тэхналогіі QGIS у Любліне, у фірме-прадстаўніцы амерыканскага распрацоўшчыка. У галіне аховы спадчыны тэхналогія дазваляе візуалізаваць базу дадзеных, накладаць адна на адну гістарычныя і сучасныя мапы, арэалы распаўсюджвання архітэктурных стыляў, помнікаў пэўнага тыпу. Ірына Лаўроўская апавядае, што, наклаўшы з выкарыстаннем тэхналогіі QGIS на мапу Брэста ўсе сінагогі, што там былі, атрымала акурат абрысы Брэсцкага гета. Падавалася б, гэта вельмі проста, але ж не адразу здагадаешся, што межы гета калісьці акурат па сінагогах і былі вызначаныя нямецкай адміністрацыяй.

Па-за аховай спадчыны сфера для выкарыстання тэхналогіі QGIS вельмі шырокая. Напрыклад, у офісе люблінскай фірмы вісіць мапа злачынстваў, здзейсненых у горадзе за апошні год, створаная з дапамогай тэхналогіі. “Адразу бачна, па якіх вуліцах лепш не хадзіць уначы” – смяецца, апавядаючы пра гэта, Валер Фамінскі.

Наступным крокам пасля запаўнення базы дадзеных праектная каманда плануе пошук сродкаў на 3D сканэр. Прыстасаванне каштуе каля сарака тысяч даляраў і дазваляе з дапамогай накіраванага лазернага пучка стварыць “воблака кропак”, у якім будзе захоўвацца інфармацыя пра помнік архітэктуры – не толькі яго выгляд, але і структура матэрыялу, з якога ён пабудаваны. Як прыклад выкарыстання 3D сканэра Ірына Лаўроўская прывяла сваю працу з кляштарам бернардынаў у Брэсце. Даследчыца мела гіпотэзу, што ў будынку выкарастаны пабудовы розных часоў. Пасля 3D сканавання пэўных частак будынка сапраўды выявілася, што матэрыял розны.

Ці ў выпаку з руінамі: 3D сканаванне дазваляе здзяйсняць якасны маніторынг, адсочваць страты. За паўгадзіны можна адсканаваць цэлы будынак. Але чым больш часу ідзе сканаванне, тым паўнейшая атрымліваецца інфармацыя.

Далучыўшыся да абмяркавання, загадчыца аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч звярнула ўвагу ўдзельнікаў прэзентацыі на праблему захаванасці дадзеных на серверах. Часта ва ўладальнікаў няма рэсурсаў, каб зрабіць рэзервовую копію (а іх лепш мець як мінімум дзве). Да таго ж у Беларусі не інтэграваныя базы дадзеных па архітэктурных, археалагічных, музейных, архіўных, нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, каштоўнасцях, вывезеных за мяжу.

Для працягу абмяркавання было вырашана неўзабаве сабраць на круглы стол зацікаўленых прадстаўнікоў грамадства, супрацоўнікаў Міністэрства культуры, журналістаў, прадстаўнікоў улады.

Скарочаны варыянт тэкста апублікаваны ў газеце "Культура", № 16 ад 16 красавіка 2016 г.

Артыкул