Гільятына для спадчыны

Сяржук Серабро

 

Віцебскі гарвыканкам прыняў рашэнне аб зносе двухпавярховага цаглянага будынка №25/4 па вуліцы Урыцкага (знаходзіцца ў батанічным садзе), які, хутчэй за ўсё, з’яўляецца капліцай 1859 года, што належала віцебскаму памешчыку Сцяпану Восіпавічу Дуніну-Слепсцю, з надбудаваным другім паверхам.
Будынак ў Віцебскім батанічным садзе, які, верагодней за ўсе, з'яўляецца капліцай Сцяпана Восіпавіча Дуніна-Слепсця 1859 года з надбудаваным другім паверхам. Фота Сержука Серабро

Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт ужо абвясціў тэндар на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі на знос коштам 22 мільёны рублёў. У дакументах закупкі ўказаны 1939 год пабудовы будынка, але, верагодна, гэта год перабудовы альбо рамонту.

Будынак ў Віцебскім батанічным садзе, які, верагодней за ўсе, з'яўляецца капліцай Сцяпана Восіпавіча Дуніна-Слепсця 1859 года з надбудаваным другім паверхам. Фота Сержука Серабро

Як навакольныя жыхары, так і супрацоўнікі батанічнага сада, з якімі ўдалося пагаварыць, ведаюць, што там была “ці то капліца, ці то царква”. Згодна кнігі “Странички изъ недавней старины города Витебска”, выдадзенай Мікалаем Нікіфароўскім у 1899 годзе, “богач-хлебосол” Сцяпан Восіпавіч Дунін-Слепсць, які валодаў садам пасля першага ўладальніка Івана Іванавіча Вярэб’ева, пабудаваў “в тиши сада” для сябе араторыюм, дзе “проводил молитвенные часы” (ст. 105).

Малюнак капліцы паноў Слепсцёў. Władysław Bojarski / Kłosy, 1873. S. 389.

Два стрэльчатых вакны спецыфічнай формы адпавядаюць вокнам на малюнку 1873 года. Фото Юрыя Шэпелева, 2009 год

Спецыфічная верхняя частка стрэльчатага вакна. Фота Сержука Серабро

Згодна “Памятной книжке Витебской губернии” 1861 года калежскі асэсар Сцяпан Восіпавіч Дунін-Слепсць у Віцебску займаў пасаду папячыцеля богаўгодных устаноў, быў кавалерам ордэна св. Уладзіміра IV ступені і меў знак адзнакі за 15 гадоў бездакорнай службы (ст. 17). Таксама пры яго доме быў казённы ўзорны пансіён высакародных дзяўчат Крузе.

Будынак ў Віцебскім батанічным садзе, які, верагодней за ўсе, з'яўляецца капліцай Сцяпана Восіпавіча Дуніна-Слепсця 1859 года з надбудаваным другім паверхам. Фота Сержука Серабро

Сам араторыюм згадваецца ў “Памятной книжке Витебской губернии” 1865 года, дзе адзначаецца год пабудовы і тое, што “храм этот выстроен без всякой нужды” (ст. 198). У кнізе наступнага года дадаюцца звесткі пра пераносны алтар храма.

Бачны цагляны звод скляпення. Фота Сержука Серабро

Выяву гэтага будынка можна знайсці на ілюстрацыі Уладзіслава Баярскага “Kościołe katolickie w Witebsku”, апублікаванай у 1873 годзе ў часопісе “Kłosy”, а затым у 1884 годзе ў часопісе “Tygodnik Powszechny”. На жаль, на ілюстрацыі паблытаная нумарацыя малюнкаў, будынак адразу ж пазнаецца па вельмі спецыфічнай форме стрэльчатых вокнаў, якія захаваліся да сёння. Подпіс (пазначаны №10 замест №6), кажа, што гэта капліца паноў Слепсцяў.

Вокны з аркамі на былым фасадзе. якія таксама адпавядаюць малюнку 1873 года. Дзверы, верагодна, былі часткова закладзеныя і атрымалася трэцяе вакно. Фота Сержука Серабро

Вокны з аркамі на былым фасадзе таксама супадаюць з існуючымі. Пазней, праўда, дзверы, якія былі паміж імі, часткова замуравалі і зрабілі трэцяе вакно, што заўважна і па кладцы. А вось на другім паверсе вокны маюць простую прамакутную форму. Скляпенні ў будынку маюць цагляныя зводы. На ілюстрацыі Баярскага капліца намаляваная ў атачэнні дрэваў, што таксама кажа за тое, што гэта араторыюм Дуніна-Слепсця ў яго садзе.

Будынак ў Віцебскім батанічным садзе, які, верагодней за ўсе, з'яўляецца капліцай Сцяпана Восіпавіча Дуніна-Слепсця 1859 года з надбудаваным другім паверхам. Фота Юрыя Шпелева, 2009 год

Такім чынам, у Віцебску будзе знішчаны адзін з нямногіх ацалелых архітэктурных помнікаў XIX стагоддзя. На жаль, будынак не ўнесены ні ў якія ахоўныя спісы. Ён досыць даўно занядбаны і зарос плюшчом. Як быў храм “выстроен без всякой нужды” для расійскай імперскай адміністрацыі, так, пэўна, няма ў ім патрэбы і для сучаснай беларускай улады.

Будынак былой каталіцкай капліцы (№25/4 па вуліцы Урыцкага ў Віцебску), пабудаванай у 1859 годзе, знясуць, бо ВДУ не мае 2 мільярды рублёў на яго рамонт.

Такі адказ на свой зварот у Віцебскі гарадскі выканаўчы камітэт атрымала Таццяна Севярынец. “Будынак, які знаходзіцца на вул. Урыцкага,25, у Батанічным садзе, не ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. < …> Па інфармацыі ўласніка, адбылося абследаванне і ацэнка тэхнічнага стану надземных нясучых канструкцый двухпавярховага будынка.. З тэхнічнай справаздачы вынікае, што гэты будынак аднесены да катэгорыі аварыйна-небяспечных, неабходна правесці замену яго надземных нясучых канструкцый. Для ажыццяўлення рамонтна-мантажных работ на дадзеным аб’екце патрабуецца каля 2 млрд рублёў. На падставе гэтага і ў сувязі з адсутнасцю фінансавых сродкаў на рэканструкцыю раней уласнікам было прынята рашэнне аб зносе будынка”, — прыводзіцца вытрымка з адказу гарвыканкама на сайце bchd.info.

Пры гэтым, як ужо пісалі “ННВ”, толькі распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі абыдзецца універсітэту ў 22 000 000 мільёны рублёў, не кажучы ўжо пра самі працы па зносе будынка. Праўда, тэндэр на стварэнне гэтай дакументацыі, які быў абвешчаны 29 верасня, знаходзіцца ў незразумелай стадыі — на сайце www.icetrade.by так і не абвешчаныя яго вынікі.

паводле: http://news.vitebsk.cc