І сталася па веры і слову іхняму...

У генеральным плане 2003 г. упершыню былі абгрунтаваныя і распрацаваныя межы ахоўных зонаў крэпасці (гістарычнага цэнтра) і былога «Кобрынскага фарштата» (адміністрацыйнага цэнтра). Сімптаматычна, што іх распрацоўцы папярэднічала шчырая размова «Архітэктурнага цэха» Берасця, праведзеная пад эгідаю рэдакцыі часопіса «Архитектура и строительство» 29 траўня 2001 г. У размове асаблівая ўвага надавалася гістарычнаму цэнтру, унесенаму ў 1986 г. у Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў[1]. Рэплікі вядучых архітэктараў Берасця і іхнае стаўленне да помнікаў занатавала бязлітасная сценаграма:

Апрача квартала ўздоўж вуліцы Савецкай, комплекснай забудовы ў Берасці не было, а межы ўзаконенай гістарычнай забудовы ў нас агромністыя. Варта перагледзець межы гістарычнай забудовы. Другога варыянта няма. Не трэба чакаць новага генеральнага плана — так мы пакінем цэнтр ранейшым.

Адзін з архітэктараў наўпрост заявіў: «Не трэба вывучаць кожную цаглінку, мы і так бачым, што з’яўляецца помнікам, а што не»[2]. Так, без вывучэння «кожнай цаглінкі», галоўны архітэктар горада Алег Ляшук прыйшоў да высновы, што горад у пэўныя стагоддзі рос, «як падказвала яму прырода», а «непасрэднае аднаўленне разбураных збудаванняў не мае сэнсу»[3]. Пры такіх настроях прафесійнага лобі пачалася рэалізацыя зацверджанага ў 2003 г. «Генеральнага плана развіцця Берасця да 2020 г.». У 2005 г. БелНДІ горадабудаўніцтва выканаў праект дэтальнай планіроўкі, у якім ТАА «Цэнтр па рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый» выканаў праект зонаў аховы тэрыторыі крэпасці і былога «Кобрынскага фарштата»[4].

 

[1] Градостроительная история города Бреста // Архитектура и строительство. 2001. № 4.

[2] Тамсама. С.

Праект зон аховы гістарычнага цэнтра Берасця, аб’ект № 772-05-00 (архітэктурнае ўпраўленне Берасцейскага гарвыканкама, інв. № 158 ДСП-4, 23 снежня 2005 г.).