Люблін вачыма Рамана Латушкі

Горад, вядомы ўсім нам з падручнікаў па Гісторыі Беларусі. Менавіта тут у 1569 годзе была падпісаная унія, што аб’яднала Вялікае княства Літоўскае і Польскае Каралеўства ў адну вялікую дзяржаву Рэч Паспалітую, межы якой абмывалі адначасова два моры – Балтыйскае і Чорнае. Люблін – добры варыянт як для баўлення канца тыдня непадалёк ад Беларусі.

#1. Сярэднявечныя Кракаўская, Рыбная і Гарадская брамы, Каронны трыбунал у атачэнні аўтэнтычных камяніц — ад ратушы да старажытнага замку брукоўкай старых люблінскіх вуліц адбіваецца рэха праўдзівай даўніны.

Ажыўленасць жыццю Старога горада надае незлічоная колькасць утульных рэстарацый і кавярняў, дзе падаюць традыцыйныя польскія журэк і капыткі ды вараць фірмовыя гатункі піва. 

Гарадская брама

Вуліцы Старога горада.

Стары горад.

#2. Сетка падвалаў, якія некалі мелі прамое гаспадарчае прызначэнне, цяпер уяўляюць сабой прывабную турыстычную падземную трасу пад самым Старым горадам.

Вандроўка сутарэннямі старажытнага Любліна знаёміць са шматвекавой гісторыяй горада. Напрыклад, знішчальны пажар 1719 года прадстаўлены ў выглядзе відовішчнай, кшталту батлеечнай, пастаноўкі.

#3. Адным з напраўду найкаштоўнейшых помнікаў сярэднявечанага мастацтва не толькі Польшчы, але і Еўропы ў цэлым, з’яўляецца капліца Святой Троіцы ў Люблінскім замку. Сцены невялікага касцёлу ўпрыгожваюць даўнія руска-візантыйскія фрэскі часоў Ягайлы.

Асаблівасць культавай пабудовы грунтуецца якраз на яднанні заходняй каталіцкай і ўсходняй праваслаўнай хрысціянскіх традыцый. Напамінкам пра падпісанне Люблінскай уніі застаўся след нявіннага вандалізму аднаго з удзельнікаў тых падзей Пятра Яжэўскага, які надрапаў на сцяне капліцы сваё імя і прозвішча, а таксама дату. 

Капліца св. Троіцы

#4. З аглядавай пляцоўкі, што на вяршыні неагатычнай Трынітарскай вежы, адкрываецца найпрыгажэйшы панарамны від на стары Люблін.

Каб адолець вышыню ў 40 метраў, неабходна ўзняцца на цэлых 207 прыступкаў. У комплексе ж замкавых пабудоў размешчаны яшчэ адзін добры пункт для агляду горада зверху — вежа-данжон XIII стагоддзя, накшталт нашай Камянецкай. Не менш выкшталцона сярэднявечны Люблін выглядае ў лагодных промнях вечаровага сонца з узгорку Чвартак, дзе месціцца касцёл Святога Мікалая.

Замкавая вежа-данжон

Стары горад на захадзе. Віды з Чвартку

#5. У адной з выставачных залаў Люблінскага замку экспазіцыянуецца бадай найвядомейшы твор пэндзля выбітнага польскага мастака ХІХ стагоддзя Яна Матэйкі «Люблінская унія», напісаны з нагоды 300-годдзя стварэння дзяржавы «абодвух народаў».

Спраўджаны шэдэўр аўтара цэлай нізкі карцін на гістарычную тэматыку ашаламляе сваёй маштабнасцю ды веліччу выяўлення, падобна «Грунвальдскай бітве», выстаўленай у Каралеўскім замку ў Варшаве.

Люблінскі замак.

#6. Поўная цікавостак і цэнтральная вуліца Любліна Кракаўскае прадмесце, якая змясціла цэлы шэраг архітэктурных помнікаў.

Гэта і густоўна аздобленыя камяніцы, і будынак Новай Ратушы, і некалькі старых касцёлаў. Добры кавалак Кракаўскага прадмесця з’яўляецца выключна пешаходнай зонай з разнастайнымі кавярнямі і крамамі. Судакранаецца вуліца і са знакавай Літоўскай плошчай, на якой усталяваны помнік Люблінскай уніі. Манумент прызнаны на ўзроўні Еўрасаюза сімвалам еўрапейскай спадчыны. 

#7. Наведваючы Люблін абавязкова трэба скаштаваць найбольш вядомы мясцовы ласунак цыбуляж, які ўяўляе сабой прасяную булку, пакрытую сумессю цыбулі з макам.

Таксама Любліншчына славіцца сваімі алкагольнымі напоямі — гарэлкай Lubelska з самымі рознымі смакамі (журавінавым, парэчкавым і нават ананасавым), пітным мёдам APIS ды півам Perła.

#8. Люблін — горад студэнтаў. Кожную восень з надыходам навучальнага году яго насельніцтва павялічваецца ледзь не ўтрая. І беларусаў у тым ліку можна сустрэць сярод студэнтаў прэстыжных Люблінскага ўніверсітэта Марыі Складоўскай-Кюры або Люблінскай палітэхнікі.

Цікава, што менавіта ў Любліне працяглы час працаваў на выкладчыцкай пасадзе Караль Вайтыла, будучы Папа Рымскі Ян Павел ІІ, імя якога цяпер носіць тутэйшы Каталіцкі ўніверсітэт.

Кракаўскае прадмесце.

#9. На дзіва, Люблін — адзін з усяго трох польскіх гарадоў, апрача Гдыні і Тыхаў, вуліцамі якога курсуюць тралейбусы.

Гэтай акалічнасцю ўдала скарысталіся мясцовыя ўлады, што стварылі адмысловы турыстычны маршрут, па якім запусцілі старэнькі савецкі ЗіУ. Па дарозе ж экскурсавод распавядае пра архітэктурныя помнікі, якія мінае тралейбус.

#10. У горадзе, сувымерным па колькасці насельніцтва з беларускімі Магілёвам або Віцебскам, знаходзіцца адразу некалькі буйных гандлёва-забаўляльных цэнтраў.

Адным з найбольш папулярных з’яўляецца размешчаны непадалёк ад гістарычнага цэнтру Lublin Plaza. Паміж шопінгам па крамах вядомых еўрапейскіх брэндаў (H&M, Promod, Wrangler, Boss) ёсць мажлівасць выпіць добрай кавы са смачнымі пірожнымі ў Coffeehaven альбо згадаць смак «руркі» ці «гофраў» з узбітымі вяршкамі ды фруктамі.

Апрача «горада натхнення», як наўсцяж пазыцыянуе сябе Люблін, на адлегласці ў гадзіну-паўтары ад яго цягніком альбо аўтобусам знаходзяцца яшчэ колькі неабыякіх турыстычных мясцінаў, якія варта ўціснуць ў свой план падарожжа. Вядзецца найперш пра «пярліну Рэнесансу» Замасць, горад, унесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Альбо невялікі, размешчаны на ўзгорыстай мясцовасці ля берагу Віслы Казімеж-Дольны. Таксама не менш натхняе і пабудаваны ў французскім стылі палацава-паркавы ансамбль Замойскіх у Казлоўцы. 

Казлоўка.

 

 

Раман Латушка, фота аўтара паводле НН