Мінкульт устаў на абарону гістарычных будынкаў у Мінску, якія хоча знесці БПЦ

Праекты па аднаўленні гістарычных будынкаў і забудове на вуліцы Вызвалення ў цэнтры Мінска, разгледжаныя Міністэрствам культуры, прадугледжваюць захаванне пабудоў, зносу якіх дамагаецца Беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ).

Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі 18 красавіка ў сталіцы начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры Ігар Чарняўскі.
 

 

 

Нагадаем, 11 красавіка стала вядома, што мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, звярнуўся да віцэ-прэм'ера Наталлі Качанавай па садзейнічанне ў пытанні выключэння некалькіх будынкаў па вуліцы Вызвалення са спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў для наступнага іх зносу. У лісце мітрапаліт Павел адзначыў, што дамы № 6, 6а і 8 знаходзяцца ў аварыйным стане, не эксплуатаваліся больш за 25 гадоў, не маюць ніякага гістарычнага значэння і не ўяўляюць культурнай і архітэктурнай значнасці.

Начальнік аддзела па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцяў Міністэрства культуры Наталля Хвір у каментарыі БелаПАН заявіла, што ў Мінкультуры з гэтай нагоды ніхто не звяртаўся, але запэўніла, што міністэрства «не дазволіць знесці будынкі». «Гістарычны цэнтр Мінска сам па сабе з'яўляецца каштоўнасцю. Будынкі па вуліцы Вызвалення можна аднавіць, гэта мы і будзем рэкамендаваць царкве», — сказала яна.

На прэс-канферэнцыі Чарняўскі паведаміў, што за апошнія гады міністэрства разгледзела па меншай меры чатыры варыянты праектных рашэнняў, якія тычацца вуліцы Вызвалення. «Усе яны па-свойму нядрэнныя, можна, вядома, рабіць папраўкі, крытыкаваць, але тым не менш усе гэтыя праектныя прапановы мяркуюць захаванне будынкаў № 6 і 6а», — адзначыў чыноўнік.

Паводле яго слоў, згаданыя дамы належаць БПЦ, таму менавіта царква павінна выступіць ініцыятарам і замоўцам рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на гэтых будынках. Каментуючы пазіцыю Мінкультуры, якое выступае за захаванне гэтых гістарычных будынкаў, Чарняўскі падкрэсліў, што гэта патрабаванне заканадаўства: «Трэба ісці законным шляхам».

Варта адзначыць, што яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў названыя аб'екты былі бязвыплатна перададзеныя ўладамі БПЦ, офіс якой размешчаны тут жа, на вуліцы Вызвалення, 10. Дом № 8 быў выведзены са спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў яшчэ ў 2014 годзе. Зараз пытанне стаіць пра суседнія будынкі, № 6 і 6а.

11 сакавіка гэтага года праект будаўніцтва Духоўна-адміністрацыйнага цэнтра абмяркоўваўся на сустрэчы мітрапаліта Паўла з Аляксандрам Лукашэнкам. Беларускі кіраўнік ідэю падтрымаў. Аднак тады заяў аб зносе будынкаў не паступала.

Першакрыніца: http://by.belapan.by