Мінск. Семінар-практыкум "Публічная База дадзенных Гісторыка-культурных каштоўнасцей"

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы 9 красавіка 2016 года адбыўся другі семінар-практыкум "Публічная База дадзенных Гісторыка-культурных каштоўнасцей". Удзельнікі семінара змаглі даведацца пра функцыянальныя асаблівасці платформы Базы, створанай пад патранатам фонда European Urban Institut пры фінансавай падтрымцы Каралеўства Нідэрландаў, методыкаў працы і ўнясення інфармацыі ў Базу аб асаблівасцях і стане аб’ектаў паводле асобных катэгорыяў, відаў і геаграфіі. Таксама на семінары былі прадстаўлены магчымасьці выкарыстання Геаграфічнай Інфармацыйнай Сістэмы (GIS) для правядзення эфектыўнага маніторынга стану і выкарыстання гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Тамара Матыль, архітэктар, каардынатар фонда European Urban Institut, рэпрэзентавала ўдзельнікам семінара інструментарый Базы, прадэманстравала і ахарактарызавала яе апісальна-маніторынгавыя палі. Падкрэсліла, што адной з найважнейшых харатарыстык Базы ёсць навуковы падыход і адкрытасць для шырокай публікі. Таксама спецыяліст абазначыла, што сайт http://euimedia.com/ , на якім месціцца база, мае функцыю рэсурса-акумулятара інфармацыі ў сферы захавання помнікаў культуры.

 

 

Архітэктар, дырэктар фонда European Urban Institut сп. Ірына Лаўроўская абазначыла глабальную праблему, якая легла ў аснову з’яўлення дадзенага праекта, – паступовае знікненне матэрыяльных каштоўнасцяў Беларусі, якія з’яўляюцца сімваламі ідэнтычнасці нацыі без якіх спадзявацца на здаровую памяць нацыі  немагчыма. Адзначыла, што спадчыну Нацыі не варта разглядаць выключна ў сучасных межах Рэспублікі Беларусь, а разглядаць яе ў межах гістарычнай прасторы, у якой фармавалася і развівалася Нацыя. Праект Публічнай базы Гісторыка-культурных каштоўнасцей - полікультуровы і мультынацыянальны. Дадала, што Публічная База ГКК з’яўляецца “прадуктам” шматзначнага працэсу, паколькі стварэннем і напаўненнем Базы займаюцца як прафесіяналы – архітэктары, гісторыкі, якія спраўджваюць інфармацыю, а таксама, не малаважная роля ў рабоце над праектам адводзіцца валанцёрам, задача якіх – фіксаваць “на месцах” змены ў стане помнікаў культуры і накіроўваць інфармцыю мадэратарам Базы.

 

 

Сябра Рады фонда European Urban Institut, незалежны эксперт па стратэгіях і гарадскіх палітыках сп. Валер Фамінскі да ўвагі ўдзельнікаў прадставіў асаблівасці выкарыстання Геаграфічнай Інфармацыйнай Сістэмы, падкрэсліў, што сёння яна з’яўляецца ўніверсальным сродкам для маніторынгу стану аб’ектаў архітэктуры.

Удзельніца семінарa, дырэктар фонда Культурная спадчына і сучснасць сп. Ала Сташкевіч выказала меркаванне, што База можа стаць важным інфармацыйным рэсурсам як у сэнсе маніторынгу культурных каштоўнасцей, так і ў значэнні маніторынгу грамадскай актыўнасці і агучыла неабходнасць аб’яднання высілкаў дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый вакол рашэння праблемы інвентарызацыі помнікаў матэрыяльнай культуры Беларусі.