Помнік/ Еўропа/1918-2018/ Мемарыял.

Ірына Лаўроўская. Паводле мемуараў Віктара Волчыка (1910-1985).

Гісторыку мастацтваў рэдка выпадае шчасце мець дачыненне з аўтарам твору, які даследуе. Мне пашчасціла: галоўнага архітэктара творчага калектыву мемарыяльнага ансамбля “Брэсцкая крэпасць-герой” я ведала асабіста - Віктар Мацвеевіч Волчык - заслужаны архітэктар Беларусі быў маім выкладчыкам і навучаў мяне архітэктурным парадкам(ардэрам).  Значна пазней, даследуючы архітэктуру Берасьця Літоўскага паміж XVI-XVIII cт., зруйнаванага на карысць пабудовы крэпасці Расейскай імперыі ў XIXстагодзі, я, спадваля, апаніравала свайму выкладчыку, бо велічны мемарыял на славу абароны брэсцкай крэпасці ў чэрвені 1941 года,   узведзены на руінах крэпасці і старога гораду без якойкольвек увагі на гістарычную значнасць старажытнага Берасьця, руін старога гораду яго рынкаў, пляцаў даўніх кляштараў і касцёлаў XVII –XVIII стст..  Цяпер, дзякуючы падрыхтоўцы да выставы “Помнік. Еўропа цэнтраль-усходняя.1918-2018”, Нацыянальнага Музея Польшчы, зноў прыглядаюся да ансамблю, які працягвае ўплываць на жыццё горада.

 

Пасля вызвалення горада ў ліпені 1944 года, крэпасць стала месцам дыслакацыі падраздзяленняў 28 арміі  І Беларускага  фронту. Савецкі гарнізон складаўся з нядаўніх франтавікоў, ды “навабранцаў”, выхаваных ва ўмовах сталінскага тэрору, ваеннага ліхалецця і татальнай прапаганды.


Ім, прыстаўленым да разборцы завалаў крэпасьці, прыходзілася выцягваць з пад разбітых канструкцый парэшткі сваіх аднагодак, якіх трагічны лёс напаткаў у  крэпасці ў чэрвені –ліпені 1941г.  Целы жаўнераў найчасцей заставаліся неапазнанымі, першым выключэннем  стаў капітан Аляксей Наганаў (1915-1941), знойдзены ў 1949 годзе пад заваламі Тэрэспальскай брамы са зброяй ў руцэ. Такія знаходкі ўзрушвалі людскія эмоцыі, выклікалі спачуванне і цікавасць ня толькі жаўнераў, але і карэнных берасцейцаў, якім давялося адпакутываць  сумесны парад савецкіх і нямецкіх войскаў на галоўнай вуліцы гораду, перажыць дэпартацыю родных і блізкіх войскамі НКВД ў 1939-1941, нямецкую акупацыю і далей трываць ў варунках сталінскай ідэалогіі.  


Мастак Мікалай Чураба (1914-1998), сям’я якога спазнала ўсе акалічнасьці  тых часоў, у сваім дзённіку напісаў: «У 1947 годзе я (нарэшце) атрымаў пропуск у Брэсцкую крэпасць, і тое, што я там убачыў, пакінула незабыўнае ўражанне. З тых часоў гэтая тэма стала лейтматывам маёй творчасці...”. Ён стварае серыю графічных работ прысвечаных абароне, сярод іх: “Бой каля пралома цэнтральных варот Брэсцкай крэпасці”( Папера, аловак. 62 х 78 см.),” Клятва абаронцаў Брэсцкай крэпасці”, ( Папера, аловак. 62 х 78 см.),” Слава героям, што загінулі ў баях за радзіму”, (Папера, аловак. 62 х 78 см.) і іншыя.


 


У 1951 годзе да тэмы звяртаецца мастак- баталіст , выпускнік школы студыі імя Мітрафана Грэкава - Пётр Крываногаў (1910 - 1967). Напрацягу некалькіх месяцаў ён працуе на месцы здарэнняў, піша шэраг эцюдаў да карціны “ Абаронцы Брэсцкай крэпасці”(алей, холст, 250 х 460 см).

Напрыканцы 40-пачатку 50-х гг. тэма трагедыі чэрвеня - ліпеня 1941 года і вайны пачынае дамінаваць у манументальнай скульптуры горада.  


Архітэктар  Пётр Леонаў у першым пасляваенным генеральным плане горада,  прапаноўваў устанавіць гігантычны сімвалічны помнік расейскаму паўкаводцу  А. Сувораву паміж будынкамі абласнога камітэта Камуністычнай Партыі Беларусі і абласнага выканаўчага камітэту[6].


Тое ж месца разглядалася для ўстаноўкі першага ў гісторыі горада помніка “Героям брэсцкай крэпасці” [7]. Ад гэтай ідэі адмовіліся і ўзвялі  помнік “ Савецкаму жаўнеру” на старых гарнізонных могілак, там дзе перазахоўваліся целы невядомых жаўнераў, паднятыя з пад руін крэпасных пабудоў у 1944-1948гг. Скульптар – Леў Кербель (1917- 2003), адзін з аўтараў помніка “Савецкаму жаўнеру” на могілках Tiergarten у Берліне (1945), амаль цалкам паўтарыў яго кампазыцыю ў Брэсце, арганічна ўпісаўшы яе ў ландшафт. Тэма абароны крэпасці выходзіць па за межы БССР дзякуючы артыкулу Моісея Лейбовіча Гольдберга (1909—1968) ( псеўданім - Міхаіл Златогораў), надрукаваным ў часопісе  “Огонёк”, што выходзіць  накладам 154 000 асобнікаў.


Артыкул прыцягвае ўвагу і моцна ўзрушвае намесніка рэдактара часопіса “Новы мір”- Сяргея Смірнова (1915-1976). Ён прымае рашэнне напісаць кнігу аб падзеях 1941 года,   пачынае шукаць сведкаў трагедыі і даследываць лёсы тых, хто выжыў пасля баёў у крэпасці . С. Смірноў  піша артыкулы і вядзе перадачы на тэлебачанні, апавядаючы не толькі пра гераізм загінуўшых, але пра лёсы тых,  хто адпакутываўшы  нямецкі палон, трапіў у савецкія “фільтрацыйныя” лагеры.  Ён  асягае неверагоднага: тыя, хто шмат гадоў пакутываў ад пагарды грамадства раптоўна прызнаюцца героямі вайны, з пад варты вызваляецца Пётр Клыпа(1926-1983) - правобраз для будучага помніка “Смага”.  


У прадмове  да кнігі “Брэсцкая крэпасць”, якая упершыню выходзіць ў 1964 годзе Сяргей Смірноў змясціў адкрыты ліст да абаронцаў крэпасці ў якім піша наўпрост: “Десять лет назад Брестская крепость лежала в забытых и заброшенных развалинах, а вы — ее герои-защитники — не только были безвестными, но, как люди, в большинстве своем прошедшие через гитлеровский плен, встречали обидное недоверие к себе, а порой испытывали и прямые несправедливости..." [11]. Дзякуючы высілкам Сяргея Смірнова былі рэабілітаваны і адноўлены ў правах сотні былых жаўнераў крэпасці. З кожным артыкулам, выступам С.Смірнова цікавасць да падзей у крэпасці нарастала. Музей абароны крэпасці са сціплай экспазіцыяй з асабістых рэчаў, дакумантаў, зброі абаронцаў,  толькі за некалькі першых месяцаў працы з лістапада 1956 года наведалі 15000 чалавек .


Далей паток наведвальнікаў толькі нарастаў і патрабаваў адпаведнай інфрастуктуры.  3 чэрвеня 1958 года  Савет Міністраў БССР  у пастанове “ Аб музее абароны Брэсцкай крэпасці”, прыняў рашэнне аб свабодным наведванні   Цытадэлі крэпасці і даручае Галоўнаму Упраўленню па справах архітэктуры  пры Савеце Міністраў БССР распрацоўку генеральнага плану добраупарадкавання тэрыторыі Брэсцкай крэпасці.  Гэтае рашэнне паклала пачатак доўгаму шляху мемарыялізацыіі падзей 1941 года ў брэсцкай крэпасці.

Праект генеральнага плану крэпасці выконывалі супрацоўнікі праектнага інстытута “Белдзяржпраект”. Яны разглядалі тэрыторыю цытадэлі як мемарыяльную зону на якой  будзе створаны  ня столькі помнік загінуўшым, а “… мемарыяльны комплекс прысвечаны мужнасці і бесстрашнасці савецкага жаўнера”.  Кожны з  праектантаў пагаджаўся, што на тэрыторыі павіна быць дамінуючая скульптурная кампазыцыя, аднак яе стыль,  кампазыцыя, форма, памер і месца размяшчэння выклікала доўгія і гарачыя дыскусіі. Рэалізацыя задуманага зацягвалася і выклікала шматколькасныя пытання ў наведвальнікаў крэпасці.

Распачаўся доўгі пошук кампазыцыйнай ідэі мемарыяльнага ансамбля “Брэсцкая крэпасць-герой”. Паміж  1956 - 1963 гг., праведзена шэраг канкурсаў на якіх было разгледжана больш за 500 разнастайных праектных рашэнняў.

Першы конкурс адбыўся ў 1956 годзе, у ім прынялі ўдзел  сотні творцаў, якім  задача напачатку падавалася простай і нават банальнай, а на справе  аказалася вельмі складанай. В. Волчак заўважае: “Если перед художниками и архитекторами стоит задача создать мемориальный комплекс «Пискарёвское кладбище»-задача ясная, если надо создать комплекс «Сталинградская битва»- задача сложная, но ясная…Создание комплекса «Хатынь»- задача та жа. Но вот создание комплекса «Брестская крепость-герой»- тут одни вопросы. Как решить задачу?.



 

 

 


Аўтограф В.М.Волчыка. БДАТД

 

Адной з падставовых задач, якія павінен быў вырашыць конкурс - месца размяшчэння манумента.  Большасць аўтараў конкурсу 1956 года размяшчалі галоўную кампазыцыю ў цэнтры цытадэлі. Толькі адна група, на чале з беларускім архітэктарам Георгіем Заброскім (1909 – 1999 ), прапанавала месцам для ўзвядзення абеліску паўднёва- ўсходні вал крэпасці. З яго адкрывалася перспектыва ва ўсходнім накірунку вуліцы Маскоўскай. Гэта перспектыўнае горадабудаўнічае рашэнне прыцягнула  ўвагу журы і хоць не  было прызнана пераможным,  на пазнейшых этапах конкурсаў 1959, 1960-1963гг такая канцэпцыя стала асноўнай[17]. Адмовіліся ад яе дзеля пошуку разнастайнасці творчых помыслаў у  1964 годзе, калі  быў абвешчаны адкрыты конкурс Упраўленнем Дзяржаўнага Будаўніцтва БССР і Брэсцкім абласным выканаўчым камітэтам.  Праекты гэтага этапу конкурсу, паводле Віктара Волчака, дзяліліся на тры групы: “найбольш колькасная, тая, дзе галоўная скульптурная кампазыцыя прадстаўляла ўзброеных “да зубоў” жаўнераў; другая – з абстрактных форм якія павінны былі сімвалізаваць пафаснасць бітваў. У іх выразна адчуваўся ўплыў сучаснай заходнееўрапейскай архітэктуры. Трэцяя група – праекты,  выкананыя на высокім прафесійным узроўні, але ў халодных(так ў аўтара) класічных формах, што не было суаднесена з яскравым патрыятычным вагнем абаронцаў крэпасці”.

Насамрэч, творчыя групы з Расіі, Украіны, Латвіі, Беларусі шырока інтэпрытавалі   форму манументу: ад лаканічнага куба - праект пад дэвізам" Цвярдзейшы за камень", з барэльефам з выяваю фігур абаронцаў крэпасці і стэлаю, да скрыжаваных, нахіленых адзін да аднаго, у павялічанага маштабу (прыблізна 30 метраў)рэалістычных  штыкоў і пяцікутнай “чашы”  - праект пад дэвізам “Зорка”.


Лепшымі на гэтым этапе конкурсу прызнаныя праекты пад дэвізам "Цвярдзей за камень", архітэктараў М.Былінкіна, А.Макарава, А.Марэніча , Н.Мілавідава, Г.Саевіча  і скульптара М. Альтшуллера і праект пад дэвізам “Несмяротнасць” архітэктараў Г.Сы­соева, Ю.Грыгор’евав, В.Марокіна, Е.Цюкава, мастака І.Стасевіча і скульптара  А.Бембеля.   Пры ўсёй разнастайнасці прапаноў (а толькі дыпломамі было адзначана 43 праекты),  журы ізноў не прыняло канчатковага рашэння. Як згадывае Віктар Волчык “ даже лучшіе із проектов моглі быть, с одінаковым успехом, соорудены в любой географіческой точке СССР…все оні былі поражены стандартным подходом…”.  


Гэты этап конкурсу дазволіў творцам заглыбіцца ў тэматыку і атмасферу цытадэлі, але адначасова падняў значна шырэйшае кола пытанняў, якія патрабавалі  вырашыння.  Дзеля гэтага напрыканцы 1965 года быў праведзены ўжо закрыты конкурс. Да ўдзелу ў ім былі запрошаны аўтары адзначаных журы праектаў:  скульптары А.Бэмбель (1905 - 1986), М.Роберман (1921), М.Альтшуллер, М.Вронскі і архітэктары: Г.Сысоеў, А.Марэніч,  Ю.Шпіт (1930-2009), А.Сідарэнка.  Апрача таго запрасілі выбітных  савецкіх скульптараў Е.Вучеціча (1908-1974) і А.Кібальнікава (1912-1987).  


На гэтым этапе конкурсу выкрысталізаваліся некалькі вартасных ідэй, якія, пасля адпаведнай мадэфікацыі, былі ўключаны ў канчатковы праект мемарыялу. Так, напрыклад, творчая група начале са скульптарам  А.Бембелем і архітэктарам Г.Сысоевым прапанавала паніжэнне ўзроўню плошчы цэрыманіалаў. У той жа групе з’яўвілася ідэя устаноўкі над руінамі інжэнернага корпусу высокага трохгранага шпіля - абеліска.


Другі калектыў, у якім працавалі скульптар А.Кібальнікаў,  архітэктары А. Стаховіч (1934) і В.Заньковіч (1937), прапанаваў  размясціць пры ўваходзе ў крэпасць будынак панарамы, а шэраг скульптурных кампазыцый, прысвечаных асобным эпізодам бітвы, непасрэдна на тэрыторыі цытадэлі.  Адна з кампазыцый, прапанаваная гэтым калектывам, вырашана як трохграны абеліск, вакол якога разгортываецца драма няроўнай схваткі:  экспрэсіўная шматфігурная кампазыцыя ў цэнтры якой фігура жаўнера з характарыстычным нахілам галавы і тулава. У гэтым вобразе лёгка распазнаюцца рысы будучага галоўнага манумента мемарыялу. Трэцяя група творцаў, у якой працавалі архітэктары М.Бурдзін, В.Волчык, С.Мусінскі, Я Печкін, Ю. Шпіт і скульптары браты Марк і  Лейба(б.д.) Роберманы прадставілі рашэнне галоўнага мануманту ў двух варыяцыях. У першым – дамінуючы элемент прадстаўлены ў выглядзе трапяткога полымя, па задумцы аўтараў “всплеск пламені народного гнева і борьбы героев Бреста”, другі - той вобраз полымя, вакол якога скульптурная кампазыцыя абаронцаў крэпасці пад нагамі якой страпянуўся  другі ачаг полымя. Правобраз будучай кампазыцыі можна распазнаць ў скульптурнай кампазыцыі “Смага”.  Яшчэ адна група творцаў: скульптар Альтшулер, і архітэктары  М.Былінкін, А.Макараў, А.Марэніч, Н.Мілавідаў і Г.Саевіч таксама скарысталі сімвалічны вертыкальны шпіль і захавалі сваю першую прапанову: маналітны куб з гарыльефным адлюстраваннем фігур аабронцаў крэпасці, якая рэалізавалася на тыльным баку галоўнага манумента.


Напярэдадні падвядзення вынікаў конкурсу, некаторыя аўтары прапанавалі акрэсліць канкрэтныя крытэры, па якіх будуць вызначацца пераможцы, сярод іх называліся залежнасць   архітэктурна-прасторавай  кампазыцыі ад ассяродзя і нешаблонасць рашэння[23]. Але і гэты конкурс завершыўся без прыняцця канчатковага рашэння. Толькі гэтым разам журы, у склад  якога ўваходзілі  дзяржаўныя і партыйныя дзеячы, прынялі рашэнне аб стварэнні часовага аўтарскага калектыву для выпрацоўкі канчатковага рашэння мемарыяльнага ансамблю “Брэсцкая крэпасць-герой”.

Пастановаю Савета Міністраў  БССР быў зацверджаны склад аўтарскага калектыву ў ім сабраныя недаўнія канкурэнты: скульптары А.Бембель, А.Бобыль,  В.Занковіч,  архітэктары В. Кароль, В.Волчак, Ю.Казакоў, О.Стаховіч, Г.Сысоеў. Узначаліў аўтарскі калектыў скульптар А.Кібальнікаў,  а галоўным архітэктарам праекта прызначаны - архітэктар Віктар Волчак.

Напачатку сумеснай працы кожная група імкнулася дамінаваць і навязаць  ўласнае рашэнне:. ”гэты перыяд быў падобны спартовае спаборніцтва па тыпу “…на “перацягванне каната”.  Канфлікт які ўзнік у групе, створанай з розных калектываў  да канца так і не быў пераадолены, некалькі чалавек, якія працавалі над  новай канцэпцыяй манумента і прапаноўвалі іншую стылістыку кампазыцыі, пасля ўмяшальніцтва дзяржаўнай камісіі,  цалкам адышлі ад праектавання. На думку галоўнага архітэктара праекту “па ўласнаму жаданню”.

Генеральны план мемарыяла выпрацоўваўся напрацягу 2 гадоў. Першыя працоўныя чарцяжы былі выданы ў 1967 годзе,  пачалася падрыхтоўка тэрыторыі да будаўніцтва. Адначасова працягнуліся працы па ўдакладненню масштаба, месца размяшчэння, арыентацыі галоўных элементаў будучага мемарыялу. Апрача гэтага патрабавалася даследаваць і зафіксаваць стан гістарычных будынкаў крэпасці, правесці іх кансервацыю і частковае аднаўленне. Працы выканалі Спецыяльныя навукова-рэстаўрацыйныя майстэрні Міністэрства Культуры БССР, у падпарадкаванне якому ў 1969 годзе перайшоў Музей абароны крэпасці.

У кастрычніку таго ж году праект Мемарыялу быў канчаткова зацверджаны.  Што праўда, абвастрылася непрудагледжаная раней праблема: спантанічныя высадкі дрэваў на тэрыторыі крэпасці дэлегацымі і суродзічамі загінуўшых войнаў.  Пастановаю Савета Міністраў БССР ад 15 красавіка 1969 года № 140 аўтарскі калектыў атрымаў даручэнне распрацаваць архітэктурна - планіровачным заданне на праектаванне “Мемарыяльнага парку у сістэме мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць””. Участак для парку быў выбраны ва ўсходняй частцы Кобрынскага умацавання.


Абгрунтаваннем выбару тэрыторыі было тое, што размешчаны такім чынам парк не паўплывае на “ідэйна-мастацкае рашэнне Мемарыяльнага комплексу”.  Такім чынам тэрыторыя, на якой разгорнулася будаўніцтва мемарыяла асягнуў плошчы каля 80 га. Мемарыяльны ансамбль “Брэсцкая крэпасць-гарой”  быў урачыста адкрыты  25 верасня 1971 года, праз 15 год з часу правядзення першага творчага конкурсу.

3. Мастацка-вобразная канцэпцыя мемарыялу пачала фармавацца на фоне кароткай “хрушчоўскай адлігі”, наступіўшай пасля смерці Сталіна ды  завершылася ў эпоху tzw  “брэжнеўскага застою”[29]. За гэты час, суадносна зменам ідэалогічных ўстановак, змяняліся і падыходы да вобразнага ўвасаблення месца памяці:  ад сціплай клясічнай стэлы на галоўнай плошчы гораду да маестатычнага мемарыяльнага ансамблю, размешчанага непасрэдна на месцы здарэнняў. 

 Кампазыцыйным стрыжнем завершанага у 1971 годзе ансамблю, з’яўляецца пешаходная алея даўжынёю каля 850 метраў, што праводзіць наведвальнікаў праз сістэму плошчаў, звязываючых паміж сабой знакавыя месцы і помнікі мемарыялу.

Алея пачынаецца з  плошчы, сфармаванай на скрыжаванні вуліцы Маскоўскай (суч.Машэрава)  і Зубачова вядзе ўздоўж Мухаўца праз мост над старым крэпасным ровам, за якім праз галоўны уваход трапляюць на тэрыторыю крэпасці. Па задумцы аўтараў галоўны уваход выконывае ролю уверцюры да іх твору: Как в увертюре к музыкальному произведению звучат мелодии…так в решении главного входа находит свое выражение идея… которая в главном монументе получает своё полное звучание (можна – перакласьці як развіццё)”[30]. Насамрэч, галоўны уваход, падобны да парталу, праходзячы скрозь які наведвальнік вымушана падпарадкоўвацца мінорнай атмасферы мемарыялу.

Пластыка бетановай маналітнай  канструкцыі  (h) 10 х (l) 44 х (b)35  м ) вырашаная як вялізарны разлом, утвораны  моцным выбухам бомбы. Магутныя глыбы бетона галоўнага ўваходу   “выпадкова” складаюцца  ў пяціканцовую зорку, скрозь якую, адкрываеца від на манумент-“Мужнасць”, які, замыкаючы перспектыву, галоўнай алеі,  навісае  над плошчаю Цэрыманіалаў і руінамі былога інжэнернага корпусу (касцёл і калегіум аа.Езуітаў), масаю ў 10 000 тон м3.

Плошча Цэрыманіалаў, абмежавана з усходняга боку мастом праз рукаў Мухаўца, з трох  іншых - сістэмаю падпорных сцен, газонаў,  бакавых дарожак, вядучых да помніка “Смага”, руінаў былога “Белага палацу”( базыліанскай царквы св. Пятра і Паўла1788),  музея абароны крэпасці. Перапад вышынь плошчы Цэрыманіалаў і езуіцкай горкі, творцы скарысталі для арганізацыі ў яе падножжы двухяруснага некропаля .

Манумент “Мужнасць ”- маестатычная бетонная глыба вышынёю ў 30 м з паплечнай выяваю насупленага жаўнера баронячага савецкі штандар, адлітая з грубага неапрацаванага бетону. Тыльны бок манументу “Мужнасць”, арэнтаваны на захад, аздоблены барэльефам са сцэнамі абароны крэпасці. Падобныя барэльефныя выявы лёгка адсачыць у конкурсных працах  скульптараў А.Бембеля, братоў Роберманаў, М.Альтшуллера. Аднак,  у параўнанні з конкурснымі прапановамі,  гэты барэльеф, значна праігрывае ў выразнасці: толькі пры вельмі вострым і нізкім сонцы, барыльеф праяўляецца ў поўна меры. Завяршае кампазыцыю плошчы - штык - абеліск, шмазначна высунуты над  руінамі  інжэнернага корпусу(калегіум аа. Езуітаў) на вышыню 104,5 м, за якім, ўключаныя ў кампазыцыю - руіны былога гарнізоннага клубу (царквы св.Мікалая).

Па прызнанню галоўнага архітэктара праекту- Віктара Волчыка “мемарыял “Брэсцкая крэпасць-герой” , значна ўзмацніў  арсенал монументальной пропаганды СССР”.


Аднак гіпертрафіраваны масштаб мемарыялу, які востра крытыкуецца сёння,  адыграў  адмоўную ролю яшчэ ў брэжнеўскую эпоху.

Насуперак чаканням аўтараў, Саюз Архітэктараў БССР не намінаваў праект на дзяржаўную прэмію, з прычыны якую наўпрост пазначыў у пастанове: “Центральная композіція антіхудожественна, так как подавіла основную ценность Брестской крепості, её крепостные сооруженія”.

Пасля знікнення СССР і абвяшчэння Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (1991), мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” перажываў ня лепшыя часы. Моцна зменьшылася колькасць наведвальнікаў, а  ўзнялася цікавасьць да гісторыі старога гораду. Змяніўся погляд на падзеі  1939-1945 года. Вызначальнымі падзеямі таго часу было правядзенне раскопак ансамблю бернардынскіх кляштараў на тэрыторыі валынскага умацавання (1992-1993) і вяртанне   праваслаўнай Царкве будынку былой царквы св.Мікалая ( 1994).

Парадыгма мемарыяльнай зоны змяняецца: побач з гісторыяй абароны крэпасці з’яўляецца іншая немілітарная гісторыя развіцця гораду. З’яўляюццв кантраверсійныя праекты, якія ў той ці іншай ступені прапаноўваюць выкарыстанне вольнай ад забудовы тэрыторыі крэпасці, не мінаючы мемарыял[35]. Ансамбль мемарыялу працягвае жыццё ў іншай рэчаіснасці. Адны праекты, такія як рэстаўрацыя царквы св. Мікалая насычаюць яго новымі сэнсамі, другія, ўносяць дэсананс.  

Так аўтамагістральны пуцепровад “Западны абход” пракладзены ў непасрэднай блізасці да галоўнага ўваходу ў крэпасць, цалкам змяніў  успрыманне ансамблю.  Новы праект дэтальнай планіроўкі крэпасці не надае ўжо таго значэння “Уверцюры”, якую ёй надавалі аўтары ў 1971 годзе.