Пра што не мог здагадацца Напалеон Орда?

Ілля Свірын, аглядальнік газеты "Культура"

Газета "Культура" апублікавала артыкул, прысвечаны інвентарызацыі культурнай спадчыны. Ніжэй прапануем тэкст публікацыі.

Інвентарызацыя інвентарызатараў

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя па мястэчках ды сядзібах колішняга Вялікага Княства Літоўскага вандраваў паважнага выгляду мужчына з мальбертам. На ягоных аркушах заставаліся руіны замкаў, старадаўнія храмы, палацы ды паркі. Дзякуючы выключна гэтым малюнкам, сёння мы можам сабе ўявіць, як некалі выглядалі многія з іх. Ці думаў тады Напалеон Орда, што ягоную справу некалі назавуць інвентарызацыяй гісторыка-культурнай спадчыны? Можа, і не, але інтэнцыя ў яго была падобная. Праўда, сёння ён бы назапашваў свае выявы не ў альбоме, а ў якім-небудзь блогу. За прамінулыя паўтара стагоддзі, у тым ліку, і стаўленне да спадчыны як такой. Але праблемы з яе інвентарызацыяй па-ранейшаму актуальныя. Гэта засведчыў і “круглы стол” на дадзеную тэму, які прайшоў у мінскай мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага 27 красавіка па ініцыятыве фонду “Культурная спадчына і сучаснасць”.

З архітэктурнай спадчынай усё збольшага зразумела. Даступныя кожнаму інтэрнэт-атласы “Радзіма” і “Глобус” ахопліваюць, напэўна, усе аб’екты, якія (часам нават з пэўнай нацяжкай) можна аднесці да гэтай катэгорыі. Прычым варта адзначыць, што абодва праекты ад самага пачатку з’яўляюцца валанцёрскімі. Іх стваральнікі і напаўняльнікі — гэта проста энтузіясты, і плён іх бескарыслівай у фінансавым вымярэнні працы, канешне ж, уражвае. Дзіўна, дарэчы, чаму гэтыя ўнікальныя для постсавецкай прасторы ініцыятывы даволі рэдка згадваліся падчас “круглага стала”, а іх завадатараў не было сярод яго ўдзельнікаў.

Іншая справа — пастаянны маніторынг актуальнага стану таго ці іншага аб’екта, як фізічнага гэтак і юрыдычнага. З гэтым пакуль праблема: цэнтралізаванага рэсурсу, які б яго адсочваў, у нас няма. І калі зацікаўленаму чалавеку раптам спатрэбіцца даведацца, ці была, урэшце, ліквідаваная дзірка ў даху сядзібнага дома ў вёсцы Арэхаўна, што на Ушаччыне, яму давядзецца альбо доўга сноўдацца па закутках Інтэрнэта, альбо… з’ездзіць ды паглядзець самому.

Дадзеную лакуну абяцае запоўніць база даных, якая ствараецца фондам “European Urban Institute” (пра яе мы згадвалі ў “К” №16). Прадстаўляючы гэты праект на “круглым стале”, спецыялісты па ахове спадчыны Ірына Лаўроўская і Тамара Матыль не пакінулі сумневаў: пачын вельмі сур’ёзны, не ў апошнюю чаргу, дзякуючы замежнаму фінансаванню. Параўнальна са згаданымі атласамі, разлічанымі перадусім на аматара падарожжаў, новая база мае быць больш грунтоўнай і “навуковай”, а сам матэрыял — належным чынам сістэматызаваным. Прыкладам, інвентар будзе ўключаць не толькі фота аб’ектаў, але і іх іканаграфію ў гістарычнай парадыгме і нават нерэалізаваныя праекты рэстаўрацыі. І хаця пакуль праект яшчэ не выйшаў нават на стадыю “бэта-версіі”, хочацца верыць, што яго стваральнікам удасца дасягнуць папраўдзе прынцыпова новага ўзроўню ў справе інвентарызацыі аб’ектаў спадчыны. Прычым яны спадзяюцца, што неўзабаве іх партал стане не проста банкам актуальных звестак, але таксама і інструментам дзеяння. І ўбачыўшы свежаспілаванае ў старым парку дрэва ці нейкі іншы абуральны факт, неабыякавы чалавек здолее “ў пару клікаў” паведаміць пра гэта адказнай за захаванне таго самага аб’екту асобе.

Тое, што такая база даных павінна быць публічнай і агульнадаступнай, падаецца неаспрэчным. Зусім іншая справа  — інвентарызацыя помнікаў археалогіі. Як адзначыў падчас круглага стала намеснік дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза, некаторыя папулярныя выданні ўжо сталі настольнымі кнігамі для чорных капальнікаў. Заканамерна, што менавіта супрацьдзеянню гэтаму злу была прысвечана значная частка яго дакладу. У той самы час, у гэтай галіне ёсць і яшчэ адна праблема: заяўленая ў мінулым дзесяцігоддзі татальная інвентарызацыя тых археалагічных аб’ектаў, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, на сённяшні дзень адбылася добра калі ў паўсотні раёнаў. Прычына зразумелая: брак ініцыятывы на месцах. Ды і спадзявацца выключна на энтузіястаў у дадзеным выпадку не выпадае: без удзелу спецыялістаў такая працэдура проста немагчымая.

Між тым, згаданы Дзяржспіс утрымлівае далёка не ўсе вядомыя нам археалагічныя аб’екты — насамрэч іх у разы болей. Таму патрэба стварэння асобнага банку даных наспела ўжо даўно. Пагадзіўшыся з тым, што такая база павінна быць даступнай толькі для спецыялістаў — каб не спрашчаць жыццё тым самым “капачам”, — каардынатар семінара, начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч, аднак, адзначыла: гэта не адмяняе неабходнасці стварэння агульнадаступнага партала, прысвечанага беларускай археалогіі. Прычым тут важная папулярызацыя не столькі саміх аб’ектаў спадчыны (далёка не кожны з іх можа ўяўляць з сябе турыстычную цікавостку), колькі адэкватных да іх падыходаў з боку грамадства.

Падобны партал, прысвечаны нематэрыяльнай культурнай спадчыне, ужо быў створаны стараннямі згаданага інстытута. Там можна знайсці як інвентар яе элементаў з іх апісаннем, фота- і відэафіксацыяй, так і актуальныя навіны, нарматыўныя дакументы і шмат чаго іншага. Як падаецца, сайт разлічаны перадусім на “прасунутага карыстальніка”, ды і частка назапашанай інфармацыі ў адкрыты доступ не патрапіла — гэта звесткі пра тыя элементы НКС, якія іх носьбіты не надта хочуць падзяляць з усімі ахвотнымі.

…Урэшце, “круглы стол” прымусіў задумацца і пра яшчэ адну надзённую сёння праблему, пра якую нават і здагадацца не мог Напалеон Орда. Наспела выразная патрэба нейкім чынам сабраць у адным месцы (скажам, на адной вэб-старонцы) усе інвентары — ад афіцыйнага Дзяржспісу да згаданых ужо валанцёрскіх ініцыятыў. Бо на сёння просты карыстальнік можа ў гэтым лесе трошачкі разгубіцца.

Фота Юрыя Іванова

Крыніца: Культура