Прэзентацыя Бюлетэню Маніторынгу Гістарычнай Прасторы


У  Менску адбылася прэзентацыя першага нумару Бюлетэня Маніторынгу Гістарычнай Прасторы,
 

 


У 2015–2016 гг., беларускія спецыялісты, што супрацоўнічаюць  з фондам European Urban Institute, здзейснілі тэставы маніторынг стану выбраных гістарычных аб’ектаў, збудаваных на тэрыторыі Беларусі у ХVІ–ХХ стст. У тэставым рэжыме адсочваліся аб’екты, унесеныя ў Звод помнікаў у 1990-я гг., і тыя, што ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, па стану на 2015–2016 гг. Пацвярджаліся агульны стан аб’ектаў і змены па велічыні і забудове ўчастка, фіксаваліся ўласцівасці выкарыстаных будаўнічых матэрыялаў, выяўляліся прыбудовы і надбудовы, звязаныя з гэтым, змяненні сілуэта архітэктурнага аб’екта. Адначасова збіралася інфармацыя аб дапамозе з боку спецыяльных дзяржаўных устаноў, адказных за ахову гісторыка-культурных каштоўнасцей (ГКК), фіксаваліся імёны дабрачынцаў, ступень заангажавання ў ахову ГКК лакальных, рэлігійных і этнічных супольнасцяў. У асобную групу маніторынгу былі выдзелены сінагогі і малітоўныя дамы, назаўжды пакінутыя знішчанымі ў Халакост вернікамі. Ім і прысвечаны першы нумар Бюлетэня Маніторынг гістарычнай прасторы. Выданне адметнае багатым іконаграфічным матэрыялам аб сінагогах і малітоўных дамах, выяўленага ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці, Гродненскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным архіве, Музее беларускага Палесся. Дапаўняюць выданне фотаздымкі сабраныя пад час экспедыцый і маніторынгу (2015-2016).. Асаблівай увагі заслугоўваюць інвентарызацыйныя матэрыялы гістарычнай забудовы Беларусі, сабраныя экспедыцыяй Маскоўскага архітэктурнага інстытута ў 1945–1949 гг. Упершыню друкуецца мапа сінагог і малітоўных дамоў міжваеннага перыяда г. Брэста.

 


Першы выпуск Бюлетэня стаў магчымым дзякуючы падтрымцы і шчырай адвазе выбітных асоб, што прадстаўляюць пяць краін свету. Кожны з тых, хто прыняў запрашэнне далучыцца да праекта, мае значныя навуковыя і прафесійныя дасягненні. Кожнаму з іх маем гонар шчыра падзякаваць і выказаць надзею, што іх публікацыі, адкрыцці, рэплікі і заўвагі з’явяцца на старонках Бюлетэня Маніторынг гістарычнай прасторы неаднаразова.

На прэзентацыі прысутнічаў надзвычайны і паўнамоцны пасол Ізраэля ў Беларусі Алон Шогам, прафесар і акадэмік Сяргей Сергачоў, экс кіраўнік управы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства Культуры Беларусі, археолаг - Ігар Чарняўскі, намеснік старшыні Беларускага  Саюзу Архітэктараў - архітэктар Міхаіл Гаўхфэльд, вядомыя  навукоўцы, даследчыкі -аўтары артыкулаў, размешчаных ў выпуску - Вольга Кукуня, Святлана Адамовіч, Юры Барысюк і інш.