Вынішчэнне гістарычнай памяці народа працягваецца

  

 

  Як шэдэўры драўлянага дойлідства губляюць беларускую душу. Піша прафесар архітэктуры   Тамара Габрусь.

 

 

Нашы продкі нараджаліся і жылі ў трывалым, непасрэдным, можна сказаць, сакральным кантакце з дрэвам. Немаўлятак клалі ў драўляныя начоўкі, з дрэва рабілі лавы, посуд, прасніцы і ткацкі станок, у апошні шлях нябожчыка адпраўлялі ў драўлянай дамавіне. З дрэва будавалі для сябе хату, а затым і Дом Божы — храм, якім асвячалі ўсё паселішча. І ў храме чалавек маліўся на дрэва: на дошках малявалі абразы, з дрэва рабілі іканастасы, шаты, скульптуры святых.

Юр'еўская царква ў Валавелі Драгічынскага раёна была ўзорам беларускага барока.

Юр'еўская царква ў Валавелі Драгічынскага раёна была ўзорам беларускага барока.Нядаўна ў храма забралі статус помніка і замянілі "банькі" не вежах псездарускімі цыбулінамі.

Шэдэўры народнага драўлянага дойлідства — сведчанне духоўнага багацця і майстэрства нашых продкаў, якое, на жаль, сыходзіць у нябыт. Ці здольная сучасная рэстаўрацыя захаваць, а не знішчыць гэта святое трымценне сапраўднай творчасці, гэты «Боскі абраз» артэфактаў?

Згодна з «Венецыянскай хартыяй», усе часткі будынкаў, канструкцыі, дэталі, вузлы і нават спосабы апрацоўкі паверхняў павінны адпавядаць часу ўзвядзення.

Дасягнуць гэтага можна, калі строга трымацца гістарычнай тэхналогіі будаўніцтва, якая сама па сабе з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, з выкарыстаннем аўтэнтычных інструментаў і прыёмаў апрацоўкі матэрыялаў. Сучасныя тэхналогіі рэстаўрацыі могуць быць ужытыя толькі ў выпадку, калі гістарычныя метады будаўніцтва страчаныя.

У Расеі — комплексныя, у ВКЛ — базілікальныя

Найбольш старажытныя помнікі драўлянага храмабудаўніцтва Беларусі XVII–XVIII стст. маюць выключную гісторыка-культурную каштоўнасць. Яны — носьбіты нацыянальнага эстэтычнага адчування прыгожага і духоўнага. Пасля дзесяцігоддзяў грэбавання гэтымі паняццямі, у наш час востра стала пытанне захавання і аднаўлення беларускіх архітэктурна-мастацкіх традыцый. Аднак праблемы рэстаўрацыі (дый проста рамонту) драўляных храмаў часта вырашаюцца валюнтарысцкім шляхам. Прагматычны падыход да рэстаўрацыі, беспардоннае выкарыстанне новых будаўнічых матэрыялаў разбурае гармонію і вобраз старажытных храмаў.

Беларуская традыцыя будаўніцтва драўляных цэркваў рознілася ад традыцыі, напрыклад, Расейскай Поўначы.

Для апошняй характэрныя збудаванні са зрубамі рознай вышыні і асобным пакрыццём кожнага зруба, найчасцей у выглядзе высокага шатра. У Вялікім Княстве Літоўскім часцей ставілі храмы базілікальнага кшталту — з падоўжанай кампаноўкай частак-зрубаў аднолькавай вышыні пад агульным высокім кроквавым дахам. Мастацкую выразнасць храму надавалі вежы і купалы, запазычаныя ў барочнага мураванага дойлідства, што панавала ў той час у заходнім хрысціянскім свеце. Такі «перанос» барока ў традыцыйнае драўлянае дойлідства надавала храмам этнічны каларыт, утварала нацыянальную беларускую разнавіднасць сусветнага архітэктурна-мастацкага стылю.

Шатры і «банькі»

На галоўным фасадзе драўлянага беларускага храма звычайна ставілі дзве вежы, накшталт мураваных барочных базілік. Найбольш пашыранымі былі вежы квадратнай формы (чацверыкі), накрытыя невысокімі (параўнальна з расейскімі) шатрамі, якія зваліся «каўпакамі». Іх вышыня была звычайна роўнай палове дыяганалі асновы, што рабіла іх візуальна статычнымі, падобнымі да егіпецкіх пірамід. Характэрна, што само беларускае слова «вежа» паходзіць ад цюркскага «шацёр». Адпаведнай была і традыцыйная форма пакрыцця вежаў замкаў і храмаў. Яна была парушана, напрыклад, пры рэстаўрацыі Мірскага замка, дзе на вежах зрабілі высокія шатры «з заломам», якія змянілі звыклае аблічча помніка.

Больш позняй формай завяршэння вежаў храмаў эпохі барока, пачынаючы з сярэдзіны XVIII ст., сталі фігурныя грушападобныя гранёныя купалы, якія зваліся «бані» ці «банькі», у залежнасці ад памераў. Назва паходзіць ад лацінскага слова baneum (так зваўся пуката-ўвагнуты посуд, якім карысталіся для абмывання ў тэрмах і купальнях, пазней — у баптыстэрыях пры абрадзе хрышчэння). «Банькі» рабілі шмат’яруснымі, на васьмігранных і шасцігранных шыйках, што стварала кантрасныя светлаценевыя эфекты.

Паставілі цыбуліны на круглых барабанах

Талачын.Як было і як стала . Фота Глеба Лабадзенка

Наваградак. Як было і як стала . Фота Глеба Лабадзенка

Самым па-мастацку выразным узорам архітэктурных форм позняга барока ў беларускім драўляным дойлідстве да нядаўняга часу была Юр’еўская царква ў вёсцы Валавель Драгічынскага раёна, пабудаваная ў 1766 як уніяцкая. З 1839 яна стала праваслаўнай. Традыцыйны двухзрубавы храм упрыгожвалі дзве вежы з вытанчанымі фігурнымі «банькамі», што надавалі ёй надзвычайную прыгажосць і ўзнёсласць. Менавіта такой яна зафіксавана навуковымі экспедыцыямі пры падрыхтоўцы «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», што надавала ёй статус помніка архітэктуры, які падлягае дзяржаўнай ахове. Новы час і новае заканадаўства пазбавілі храм статуса помніка, што дазволіла ў 2010 правесці варварскі рамонт. Замест «банек» узвялі псеўдарускія цыбуліны на круглых барабанах, напэўна, каб надаць «істінно православный» выгляд, парушыўшы «ўстаноўленую гармонію» (паводле К.-Г. Юнга) паміж духоўным і матэрыяльным светам беларусаў.

Падобным чынам у канцы ХХ ст. быў зменены вялікі барочны купал-«баня», які вянчаў сяродкрыжжа былой уніяцкай царквы св. Параскевы Пятніцы ў вёсцы Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна, пабудаванай у 1733.

Гэта адна з нешматлікіх ацалелых да нашага часу чатырохзрубавых крыжовых цэркваў, якія раней былі распаўсюджаны на беларускіх землях. Замест купала гора-рэстаўратары зрабілі вастраверхі шацёр, які памерам не адпавядае ўнікальнай архітэктуры храма.

Сакрэты шалёўкі

Акрамя адвольнага скажэння вярхоў, пры рамонтах прынцыпова мяняюць дэкаратыўнае і каляровае вырашэнне. Традыцыйныя драўляныя храмы Беларусі будаваліся спосабам агульным для ўсіх славянаў — гарызантальнымі вянкамі. Аднак адрозна ад расейскага дойлідства, дзе звычайна выкарыстоўваліся круглыя бярвенні без ашалёўкі, у ВКЛ ужывалася дрэва «часанае» ці «брусаванае». Затым сцены абшываліся вертыкальна пастаўленымі хваёвымі дошкамі, стыкі паміж якімі закрываліся тонкімі планкамі-нашчыльнікамі. У якасці сціплага дэкору выступала шалёўка «ў елачку» на шчытах франтонаў і дзвярах. Рознае ў розны час дня асвятленне мяняла глыбіню рэльефа, рабіла паверхню сцяны пластычнай, што дакладна адпавядала маляўнічай канцэпцыі стылю барока. Пры гэтым захоўвалася натуральная фактура дрэва. У наш час усе праваслаўныя храмы афарбаваныя ў ярка-блакітны колер, каталіцкія — у зялёны ці карычневы, чым адразу падкрэсліваецца іх канфесійная арыентацыя пры дэклараванай на словах талерантнасці. Гарызантальная шалёўка ў беларускіх храмах ужывалася вельмі рэдка, адрозна ад украінскіх.

У Маскоўскую ж Русь пілаваныя дошкі і тартакі трапілі толькі ў другой палове XVII ст. з беларускімі перасяленцамі.

Рамонт як знішчэнне

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі айчыннае драўлянае храмабудаўніцтва адчула ўздзеянне эстэтыкі класіцызму і так званых гістарычных стыляў. Асабліва моцным было ўздзеянне псеўдарускага стылю, які навязваўся на дзяржаўным узроўні, каб разбураць мясцовыя цяслярскія традыцыі. Базілікальную канцэпцыю храмаў замяніла комплексная, характэрная для Расеі: з’явіліся дадатковыя зрубы (трапезныя), прыбудаваныя званіцы з вастраверхімі шатрамі. Вертыкальную шалёўку з нашчыльнікамі замяніла гарызантальная… Той, хто здольны бачыць, па кампазіцыі храмаў і дэкору можа прачытаць іх гісторыю і гісторыю народа.

Сёння стаўленне дзяржавы да рэлігіі змянілася. Але з боку іерархічных колаў як праваслаўя, так і каталіцтва пануе валюнтарызм і тэндэнцыйнасць у стаўленні да айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны.

Пануе непавага і неразуменне эстэтычных каштоўнасцей сапраўднага народнага дойлідства. Адраджэнне рэлігійнага жыцця суправаджаецца не адраджэннем старажытных святынь, а іх маральным альбо фізічным знішчэннем, насаджэннем чужой эстэтыкі. Так, напрыклад, унікальны драўляны касцёл-санктуарый у Тракелях Воранаўскага раёна пасля рамонту страціў сваю аўтэнтычную вертыкальную ашалёўку і гонтавы дах, а разам з імі — мастацкую выразнасць і сапраўднасць. Падобная «рэстаўрацыя» праведзеная і з праваслаўнай Траецкай царквой XVIII ст. у вёсцы Княгінін Мядзельскага раёна. Унікальныя драўляныя Крыжаўзвіжанская царква ў вёсцы Гошчава Івацэвіцкага раёна і касцёл у вёсцы Лебедзева Маладзечанскага раёна замененыя на тыпавыя пабудовы з сілікатнай цэглы. Пасля больш чым паўвекавога перапынку ў развіцці сакральнага драўлянага дойлідства вынішчэнне гістарычнай памяці народа «з найлепшымі намерамі» працягваецца.

***

Тамара Габрусь — доктар мастацтвазнаўства, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфі і фальклору НАН Беларусі.

Венецыянская хартыя

Да помнікаў архітэктуры і гісторыка-культурных каштоўнасцяў сучасныя метады будаўніцтва і рамонту непрымальныя. Рэстаўрацыя павінна праводзіцца ў адпаведнасці з «Міжнароднай хартыяй па кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў і выдатных мясцін» («Венецыянскай хартыяй»), прынятай у 1964. Мэтай рэстаўрацыі з’яўляецца «захаванне помніка як твора мастацтва і як сведкі гісторыі».Складанасць навукова-рэстаўрацыйнай справы — у неабходнасці параўнання шырокага кола гістарычных крыніц, вывучэння арганізма помніка, удзелу ў працэсе кваліфікаваных майстроў, здольных ужываць метады і магчымасці дойлідаў мінулага.

Тамара Габрусь