Жыў-быў дойлід…

“Ісці як вада — чалавеку не да твару”
Сустракаюцца ў жыцці людзі, пра якіх назаўсёды застаюцца светлыя згадкі, таму што жылі яны шчыра і адкрыта, з дабром і разуменнем ставіліся да ўсіх, хто быў побач, сумленна і з душой рабілі любімую справу, даючы магчымасць вырастаць свайму таленту і тым самым паказваючы добры прыклад вучням. Такім адметным чалавекам быў вядомы беларускі дойлід, педагог, акадэмік Беларускай акадэміі архітэктуры, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта, член Саюза архітэктараў Беларусі, аўтар шматлікіх артыкулаў і шэрагу дапаможнікаў і падручнікаў па забудове і планіроўцы селішчаў Анатоль Кудзіненка.

/i/content/pi/cult/547/11913/14-1.jpgУ 1970 годзе я прыйшла на працу ў архітэктурна-планіровачны аддзел Брэсцкага філіяла інстытута “Белдзяржпраект”, у якім на той час налічвалася паўсотні архітэктараў, інжынераў і тэхнікаў па праектаванні забудовы горада, інжынерных камунікацый, добраўпарадкаванні і азеляненні. Усе спецыялісты размяшчаліся ў двух прасторных пакоях за кульманамі і сталамі, на якіх мацаваліся вялізныя, як прасціны, чарцяжы. Аддзел узначальваў таленавіты архітэктар Анатоль Кудзіненка. Было яму на той час З0 гадоў. Разумны, усмешлівы, дасціпны, думаю, што ён шмат каму падабаўся з ягоных равесніц. Прынамсі, мая каляжанка Галіна Палякова, пазіраючы ўслед яму, часам загадкава жмурылася і з захапленнем прамаўляла:

“Кудзіяр-р-р!..”

Згадваю памяшканне аддзела, дзе засяроджаны Віктар Селівонец чараваў каля макета мікрараёна з паперы і кардону. Група архітэктараў на чале з Канстанцінам Кожычам праектавала будучыя кварталы. Інжынер Віктар Мазураў з падначаленымі займаўся дарогамі, праездамі і тратуарамі. Азеляняльнікі Таццяна Чаканоўская і Вольга Рагуліна круцілі цыркулямі кружочкі, якія некалі павінны былі стаць дрэвамі. Паўнаваты і акуратны чарцёжнік Мікалай Чаранкоў, якому ледзь пераваліла за 60 (па тых маіх уяўленнях — вельмі стары), быў кранальна ўважлівы да жонкі. Усе пацяшаліся з таго, як ён кожны раз перад абедам тэлефанаваў ёй і папярэджваў: “Ніначка, я іду!..”

Прамінула ледзь не паўсотні гадоў, шмат каго з маіх былых калег ужо няма на свеце, а яны застаюцца жыць у маёй памяці, і той час згадваецца мне шчаслівым і радасным, як нязводнае і незабыўнае свята, мо таму, што я тады была юная, а яшчэ таму, што людзі былі уважлівыя і душэўныя. Безумоўна, атмасфера зычлівасці і разумення сыходзіла ад начальніка аддзела, ад Анатоля Дзмітрыевіча. Быў ён не проста таленавіты, а добры і спагадлівы, хоць вельмі заняты (па вечарах займаўся і выкладчыцкай дзейнасцю), умеў па-добраму пажартаваць, не цураўся выпіць фужэр віна, калі ўсім аддзелам адзначалі чыйсьці дзень нараджэння. Ужо тады ў характары Анатоля Дзмітрыевіча заўважаліся задаткі педагога. Памятаю, як аднаму маладому архітэктару ў прафесійнай спрэчцы ён сказаў: “Ты ідзеш, як вада, па шляху найменшага супраціўлення. Чалавеку гэта не да твару…” На ўсё жыццё запомніўся выраз “шлях найменшага супраціўлення”, які азначаў ляноту і нядбайства.

У адну снежную зіму я паехала наведаць бацькоў у Белаазёрск. Дарогу перамяло, два дні не хадзілі рэйсавыя аўтобусы, немагчыма было выехаць у Брэст. Патэлефанавала Анатолю Дзмітрыевічу і распавяла пра гэтыя варункі. Ён дазволіў мне затрымацца без усякіх заяў, а тым больш без спагнанняў.

У той час архітэктурна-планіровачны аддзел займаўся праектаваннем Усходняга жылога раёна ў Брэсце, дзе акрамя жылых дамоў, меркавалася пабудаваць грамадскі цэнтр на скрыжаванні вуліцы Маскоўскай і Партызанскага праспекта, які складаўся з Дома культуры прафсаюзаў і адміністрацыйнага будынка Маскоўскага раёна. Упершыню ў горадзе былі запраектаваны некалькі 16-павярховых будынкаў вежавага тыпу. У 1971 годзе пачалася канчатковая карэкціроўка дэталёвай планіроўкі Усходняга жылога раёна пад кіраўніцтвам Кудзіненкі. Цяпер гэты раён забудаваны і лічыцца прэстыжным. Анатоль Дзмітрыевіч жа таксама браў удзел у стварэнні праектаў забудовы Камянца, Драгічына, генплана Калінкавіч, мікрараёна ў Пінску, турбазы на Белым возеры у Брэсцкай вобласці, спарткомплексу ў Баранавічах і Кобрыне...

Нядаўна мне прыснілася, што я падпісвала новы праект у былога начальніка. Ён паставіў на хаду кароткі подпіс: 

“Кудзя”,

бо, як заўсёды, некуды спяшаўся. Так з любоўю за вочы звычайна і называлі яго супрацоўнікі: “наш Кудзя”. Пасля, калі, абдумваючы той сон, вырашыла напісаць гэты артыкул, аказалася: мне мала што вядома. Знайшла звесткі ў Інтэрнэце. Анатоль Кудзіненка нарадзіўся 23 студзеня 1940 года на Гомельшчыне. У 1963 годзе скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, паступіў у аспірантуру, абараніўся ў 1972 годзе, працаваў у праектным бюро ў Гомелі, з 1965 года — у Інстытуце будаўніцтва і архітэктуры Дзяржбуда БССР, у 1967-м быў запрошаны ў брэсцкі філіял інстытута “Белдзяржпраект”. У 1973 годзе ўзначаліў кафедру архітэктурнага праектавання і малюнка Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута, а пасля быў там жа прафесарам. Памёр 14 снежня 2010 года.

Былы выкладчык Беларускага політэхнічнага інстытута Уладзімір Кулін ведаў Кудзіненку з гадоў вучобы як здольнага і актыўнага студэнта, які быў сярод першых не толькі ў спасціжэнні навукі, але і ў гульні ў футбол. Ва ўспамінах, прымеркаваных да гадавіны памяці вучня, ён пісаў: “Я часта маляваў з яго віхрастыя сяброўскія шаржы, а таксама акварэльныя партрэты і нарэшце сабраўся напісаць алеем. У пятніцу, год таму, я папрасіў Анатоля Дзмітрыевіча прыйсці да мяне ў суботу або ў нядзелю. А ён не прыйшоў. Я не мог падумаць, што яго ўжо няма на свеце, што ён раптоўна памёр… Пасля пісаў ягоны партрэт на адзіноце з незвычайнай тугою. Вобраз Анатоля Дзмітрыевіча я стварыў з сумнай усмешкай: быццам ён развітваецца з намі. Увогуле, жыў-быў дойлід, мастак і педагог, светлая яму памяць…”

У інтэрв’ю, узятым студэнткай Вольгай Нікітчык да 65-годдзя Анатоля Кудзіненкі, на пытанне пра прафесійную кар’еру ён расказаў: “У прынцыпе, і не хацеў быць архітэктарам, а марыў стаць мастаком, таму што добра маляваў. Збіраўся паступаць у мастацкі інстытут, але ў мяне былі строгія бацькі. Яны казалі, што мастакі — гэта багема. Параілі паступаць на архітэктуру — я і пайшоў. Паехаў у Мінск з драўляным чамаданчыкам і паступіў. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Вучыўся ў вядомага прафесара Аляксандра Пятровіча Войнава [...] ”.

Пра студэнцкія гады згадваў з захапленнем: “Ездзілі на цаліну збіраць ураджай. Мы там цэлае лета былі, усе тры месяцы. І грошай тады зарабілі кучу. Надоўга хапіла. Вучыцца было цікава. У час канікулаў аб’ездзілі увесь Савецкі Саюз. [...] Адзінае, чаго ў нас не было, — гэта замежжа. У Ленінградзе была абмерачная практыка, у Маскве — пераддыпломная. Мы былі больш самастойныя, чым цяперашнія студэнты. Дарэчы, цяпер думаюць больш пра грошы. А мы раней думалі пра будучую прафесію, былі вялікія фантазёры, захопленыя рамантыкі, а цяпер пераважаюць прагматыкі.”

Пазней, калі Анатоль Дзмітрыевіч сам працаваў выкладчыкам, таксама вазіў групы студэнтаў на практыку. У адзін з такіх гуртоў трапіў мой сын. Я адпусціла яго ў Польшчу без ваганняў з упэўненасцю, што ўсё будзе добра. Студэнты любілі свайго прафесара. Ці шмат каму з выкладчыкаў вучні прысвячаюць вершы? Яму прысвячалі…

Кудзіненка працягваў займацца праектаваннем, ведаю, што браў удзел слынны архітэктар у стварэнні праектаў храмавых пабудоў на Брэстчыне, жылых будынкаў у Шклове і Барані.

У 1986 годзе я была прынятая ў Саюз пісьменнікаў і ўпершыню прыехала на з’езд у Мінск. Увечары пасля пасяджэння нечакана на галоўным праспекце сталіцы сустрэла Анатоля Кудзіненку. Ён пацікавіўся, чаму я тут? Я растлумачыла, але ён ніяк не мог зразумець, якое дачыненне я маю да пісьменніцкай арганізацыі. Я ніколі не афішавала сваё захапленне паэзіяй, таму ніхто з калег не ведаў пра гэты мой, можна сказаць, падпольны занятак. Анатоль Дзмітрыевіч паскардзіўся, што згубіў кашалёк, і папрасіў пазычыць грошай на дарогу. Чалавек ён быў творчы і захоплены, таму не дзіўна, што ў побытавым плане іншы раз — няўважлівы.

На працягу ўсяго жыцця 

Кудзіненка

захаваў захапленне жывапісам і цягу да вандровак. Калі адкрылася магчымасць пабыць за мяжой, турыстам наведаў Францыю, Германію, Італію і іншыя краіны. З усіх паездак прывозіў мноства здымкаў і малюнкаў. З артыкула былой супрацоўніцы Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта Таццяны Шульгі даведалася пра адну з выставак яго акварэльных малюнкаў на кафедры архітэктурнага праектавання: “На акварэльных малюнках бестурботна гуляюць майскія промні ў венецыянскіх вулачках-каналах; хаваюцца ад чэрвеньскай спякоты ў цяньку дрэў беленькія украінскія мазанкі; шматколерны заход сонца адсвечваецца на гуллівых хвалях Сожа. Прыцягваюць яскравасцю парыжскія замалёўкі Манмартра…” Далей у артыкуле паведамлялася, што Анатоль Дзмітрыевіч згадаў кур’ёзны выпадак, які здарыўся з ім у Парыжы: “Там, аказваецца, мастакі купляюць месцы для пленэраў. І, калі я размясціўся на плошчы Манмартра, каб замаляваць пейзаж, які мне спадабаўся, мастакі пачалі мяне праганяць. Але пасля, калі даведаліся, што я з Беларусі, дазволілі маляваць без платы і ўсё прыгаворвалі: “Русіко, русіко…”

Анатоль Кудзіненка раздорваў свае малюнкі сябрам і калегам. Адзін з ягоных супрацоўнікаў сфатаграфаваў усе акварэлі Кудзіненкі, якія захоўваліся ў прыватных калекцыях, цяпер іх можна ўбачыць у Інтэрнэце.

Ведаю, што ў Анатоля Дзмітрыевіча — двое дзяцей: старэйшая дачка і сын, які нарадзіўся ў пачатку 1970-х гадоў. Прамінула шмат гадоў. Я змяніла прафесію. Працавала ў брэсцкай абласной газеце “Народная трыбуна” , і раптам аднойчы мяне знайшоў там Кудзіненка з сынам Андрэем, знешне трохі падобным да бацькі — з такімі ж непаслухмянымі валасамі. Прыйшлі яны параіцца наконт будучай прафесіі маладога чалавека, які скончыў вышэйшую навучальную тэхнічную установу у Кіеве, але набытая прафесія яго не задавальняла. Ён захапляўся паэзіяй, а яшчэ яму хацелася б здымаць кіно. Я папярэдзіла, што паэзія не дае прыбыткаў, акрамя радасці для душы. Паэту абавязкова мець працу, каб забяспечыць сябе сродкамі для існавання. Бацька і сын выслухалі мяне і пайшлі. Мусіць, пасля зрабілі правільны выбар, бо цяпер мы ведаем таленавітага кінарэжысёра Андрэя Кудзіненку.

Сёлета, каб Анатоль Дзмітрыевіч быў жывы, адзначыў бы юбілей — 75-годдзе з дня нараджэння… Але добрыя справы не паміраюць разам з людзьмі, а застаюцца жыць у памяці сучаснікаў, у выніках дзейнасці вучняў, а іх у Анатоля Кудзіненкі было шмат, яны вылучаліся ўласным меркаваннем, асаблівай хадой думак у падыходзе да праблемы, прывітымі настаўнікам. Яго выхаванцамі былі такія вядомыя архітэктары, як Віктар Арсеньеў (Санкт-Пецярбург), Аляксандр Асадаў (Масква), Барыс Лядзенка (галоўны архітэктар Смаленска), у Брэсце паспяхова і творча працуюць Аляксей Андраюк, Валер Кяскевіч, Алег Ляшук, Валянцін Гапіенка, Міхаіл Гайдуковіч... На факультэце ён ствараў усе ўмовы для свабоды мыслення, бо быў перакананы: незалежнасць — аснова светапогляду творцы, у тым ліку і архітэктара.

Хочацца замацаваць памяць пра гэтага таленавітага і светлага чалавека, які пакінуў пасля сябе гарады, забудаваныя па ягоных праектах. Пажадана, каб у Брэсце з’явілася вуліца з ягоным імем. Яго калегі і студэнты, думаю, з гонарам хадзілі б па вуліцы Анатоля Дзмітрыевіча і ўсведамлялі, што настаўнік вядзе іх у будучыню.

Зінаіда ДУДЗЮК, пісьменніца

паводле: Культура