Зоны камфорту, зоны... дыскамфорту, зоны ўплыву: як дзеячы культуры адчуваюць уласную сферу дзейнасці? (Фота)

Кацярына Раманчык, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», фота аўтара
1437.JPG

Чаму культурніцкі пасыл не даходзіць да беларускай публікі? Як пераадольваць дазвольны прынцып існавання, а таксама ўласныя страхі і перадузятасць у кантактах з бізнесам і ўладамі?..

Мноства пытанняў і мноства ж адказаў прагучала на адмысловым семінары-майстэрні для культурніцкіх дзеячаў «Культура як сродак сацыяльнай трансфармацыі: інавацыі і невыкарыстаныя магчымасці», які зладзіў Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь» на пазамінулых выходных.

Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь» паступова ўваходзіць у лік гульцоў на полі даследавання палітыкі ў сферы культуры ў Беларусі. Новым крокам стаў адмысловы семінар-майстэрня, арганізаваны 14-16 жніўня для грамадска-культурніцкіх дзеячаў краіны. Васямнаццаць удзельнікаў з самых розных рэгіёнаў Беларусі, якія прадстаўлялі і дзяржаўныя, і недзяржаўныя ініцыятывы ў сферы культуры, а таксама СМІ, сустрэліся дзеля грунтоўнай супольнай працы. Трохдзённая праграма ўключала абмеркаванне асаблівасцей аналізу сваёй прафесійнай сферы, знаёмства з паспяховымі практыкамі культурніцкага менеджменту ад беларускіх калег, а ў заключнай частцы — і спробы супольнага праектавання.

Усё немагчымае магчыма?

У першы дзень семінара Тацяна Вадалажская прадставіла вынікі маніторынгу рэалізацыі Рэспублікай Беларусь Канвенцыі ЮНЕСКА «Аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыражэння» . Афіцыйная прэзентацыя даследвання адбылася напрыканцы чэрвеня гэтага года. Яго аўтары, каманда Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, прапанавалі 5 вымярэнняў для ацэнкі культурнага policy краіны:

  1. Умовы для развіцця і праявы культурнай разнастайнасці;
  2. Уплыў сектара культуры на развіццё грамадства;
  3. Унутраныя рэсурсы і патэнцыял развіцця сферы культуры;
  4. Развіццё міжкультурнага ўзаемадзеяння і кантактаў;
  5. Узаемадзеянне розных суб'ектаў культурнай палітыкі.

Эксперты маніторынгу ў свой час ахарактарызавалі ўзровень палітыкі ў сферы культуры як нізкі (ад 8,9 да 12,5 балаў з 30 магчымых). Удзельнікі семінара-майстэрні атрымалі магчымасць даць паводле гэтых крытэрыяў сваю ацэнку сітуацыі і, тым самым, параўнаць свае высновы з вынікамі працы экспертаў маніторынгу. Карціна атрымалася крыху больш аптымістычная (на адзінкі балаў), аднак агулам сітуацыя — на тым жа адносна нізкім узроўні па кожным з пяці вымярэнняў. Выклікі, або перашкоды, якія патрабуюць пільнай увагі ў паслядоўнай, сістэмнай працы кожнага творчага і культурніцкага дзеяча, закраналі ўсе вылучаныя вымярэнні:

  • Палітычныя і ідэалагічныя абмежаванні, якія накладае дзяржава; дазвольны прынцып існавання;
  • Ізаляванасць сектара культуры агулам, маргіналізацыя многіх недзяржаўных творчых, грамадска-культурніцкіх плыней («Культурніцкі пасыл не даходзіць да людзей. Трэба змяняць мову, фармат»);
  • Фармаванне ўстойлівай сучаснай беларускай ідэнтычнасці: захаванне і пашырэнне выкарыстання беларускай мовы;
  • Павышэнне менеджарскіх кампетэнцый дзеячаў культуры, адэкватнае стаўленне ў сістэме адукацыі («Увесці, аднавіць культурніцкія дысцыпліны ў школе і садку»);
  • Унутраныя і знешнія культурніцкія камунікацыі («Узаемадзеянне розных НДА-суб’ектаў, бізнесу і культуры, НДА і органаў улады, пошукі платформ узаемадзеяння»; «Больш адкрыты міжкультурны дыялог»).

Што з гэтых перашкод у агульнай для многіх прафесійнай сферы залежыць ад палітычнай волі ўлады або мясцовых адміністрацый, а што знаходзіцца ў зоне ўласнага ўплыву і адказнасці культурніцкіх дзеячаў? Якія з іх з’яўляюцца вынікам звыклага, зручнага, але і стэрэатыпнага мыслення і нават перакладзенай адказнасцю, а якія — нагодамі для цікавых праектаў?

Шэсць гісторый пра цвярозую апантанасць і святочную штодзённасць

Адказы на гэтыя пытанні пачаліся ўжо ў першы вечар, але другі дзень быў прысвечаны ім цалкам, хоць фармальна быў падзелены на тэмы працы са «спадчынай» і «інавацыямі» ў культуры. Шэсць запрошаных гасцей прынеслі шэсць гісторый пра тое, як вялікае пачынаецца з малога.

Ігар Раханскі, рэстаўратар, кіраўнік Праектнага бюро Беларускага камітэта ICOMOS, пазбавіў надзеі знайсці рашэнне, аптымальнае і прымальнае для ўсіх зацікаўленых бакоў, калі гаворка закранае рэвіталізацыю гісторыка-культурнай спадчыны. Трэба ўсведамляць сваю функцыянальную ролю ў працэсе надання аб’екту статусу помніка і, яшчэ лепш, трэба ўсведамляць функцыянальныя ролі ўсіх астатніх груп уплыву («культура», «навука», «тэхніка», «метадалогія»). Часам толькі імі і можна патлумачыць логіку складання найважнейшага праектнага дакумента — каштарысу — і вызначэння тэрмінаў выканання.

Журналіст, грамадскі дзеяч, кіраўнік курсаў «Мова Нанова» Глеб Лабадзенка пацвердзіў вызначальнасць чалавечага фактару ў лакальных культурных сітуацыях у Беларусі. Ён таксама выказаў сваю пазіцыю наконт таго, што дазволіла нефармальным курсам беларускай мовы стаць брэндам і існаваць у 10 розных гарадах Беларусі: «Не важна, што стала прычынай грамадскай цікаўнасці да роднай мовы і культуры — важна выкарыстоўваць гэтую тэндэнцыю». Калі разнастайнасць матываў, досведаў і падыходаў у выніку грае на масавае пашырэнне пазітыўнай культурнай з’явы, не трэба шукаць «аўтараў» гэтай сінергіі, трэба яе падпітваць сваім кропкавым або сістэмным унёскам. І не забывацца ўказваць яго ў афіцыйных запытах аб партнёрстве з мясцовымі ўладамі.

Надзея Ількевіч, культурніцкая менеджарка, дырэктарка «Школы супергерояў», паказала, як суадносяцца і спалучаюцца ролі «гарадскога актывіста» і «гарадскога праекціроўшчыка». Прыклад «Школы супергерояў» сведчыць пра тое, што грамадскі актыўнасць і грамадская адказнасць за сваю прастору пражывання — не толькі права, але і набор кампетэнцый, навыкаў, які патрабуе навучання. Аналіз сітуацыі, вызначэнне праблемы і мэты, пошук найлепшай канцэпцыі і фармату і, канешне, логіка рэалізацыі — ва ўсім гэтым ёсць асаблівасці, якім можна і варта вучыцца. Другая ўзорная асаблівасць «Школы» Надзеі — выразнае пазіцыянаванне, будаванне брэнду на выразна абазначаных каштоўнасцях: актыўнай адказнасці і клопаце за свой горад.

Уладзімір Булаўскі і Раман Воранаў, моладзевая культурніцкая супольнасць VITEBSK4.ME (Віцебск), увасобілі сабой адкрытасць, кантактнасць, гнуткасць, крэатыўнасць, паслядоўнасць і навуковую абгрунтаванасць, якую толькі могуць мець лідэры падобных супольнасцей. За 7 гадоў супольнасць VITEBSK4.ME стала выразнай культурнай сілай, «кропкай прыцягнення» ў анлайн- і афлайн-прасторы Віцебска. «Сакрэты» поспеху былі геніяльна простымі: а) трэба «вырошчваць» актыўную культурную аўдыторыю праз школы журналістаў, культурніцкіх менеджараў, менеджараў аховы гісторыка-культурнай спадчыны; б) казаць пра свае вынікі не менш, чым пра планы (этап post-production); в) знаходзіць узаемныя інтарэсы з мясцовай адміністрацыяй і няспынна паказваць ёй гэта; г) выкарыстоўваць адкрытыя, вулічныя, фарматы падзей, а сам працэс культурніцкага менеджменту — публічным.

Дзве вечаровыя дыскусіі выліліся ў прызнанні, як любоў да свайго горада і сваёй краіны трансфармуецца ў «Патрыятызм.2.0».

Яніна Каралевіч-Картэль, рэдактарка гарадскога часопіса Citydog.by, растлумачыла рэдактарскую палітыку сайта: «Гарадская культура — гэта стыль жыцця, стыль апранання тых, хто жыве побач з табой, месцы і маршруты, якія мы любім». Гарадскія фрыкі вартыя быць гарадскімі легендамі, а тыя, хто прапануе гораду нешта цікавае, — прынамсі, быць вядомымі. Калі матыў існавання інфармацыйнага рэсурса — зрабіць жыццё гараджаніна больш зручным, змястоўным, натхніць на самарэалізацыю, то, як ні прадказальна, так і атрымліваецца: СМІ робіцца каталізатарам шматлікіх пазітыўных грамадска-культурніцкіх змен.

Яўген Клішэвіч і Іван Вядзенін, стваральнікі і кіраўнікі crowdsourcing-плафтормы Talaka.by паказалі магчымасці згуртавання праектных каманд і пошуку рэсурсаў для рэалізацый грамадсказначных праектаў. Па-за тэхнічных дэталей і прынцыпаў працы платформы, выявілася цікавая тэма: «магія» публічнасці». Аказваецца, гэта выдатнае апрабаванне не толькі праектнай ідэі грамадскай крытыкай (альбо забыццём), але і ўласнай гатоўнасці зрушыць ідэю з «мёртвай кропкі» і давесці яе да канца. Зазвычай такое апрабаванне на адказнасць робіцца гарантам гэтай адказнасці: пад публічным «кантролем» ты не можаш сысці на палове шляху.

Ад правільнай тэорыі — да правільнай практыкі

Таццяна Пашэвалава, праграмны менеджар Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь», як заключны эксперт, з павагай да неаспрэчнага праектнага досведу сабраных культурніцкіх дзеячаў, зрабіла некалькі важных акцэнтаў на выклікі ў беларускай практыцы сацыякультурніцкага праектавання:

  • Праект альбо не праект? Праект вырашае пэўную праблему, злучае ў адну сістэму функцыі і задачы, арганізуе наяўныя рэсурсы, дае інструмент падлічыць нашу дзейнасць. Аднак распрацоўваць праект варта не для ўсякай працы: для многіх грамадсказначных, але простых акцый гэта будзе лішнім. З іншага боку, у праектны выгляд ёсць сэнс прыводзіць некаторыя працы, якія выконваюцца ў працэсным, пастаянным рэжыме, акурат для зручнасці падліку і кантролю;
  • Перадпраектная дзейнасць: аналіз і прамоцыя. Для таго, каб ідэя знайшла водгук у патэнцыйных партнёраў, трэба апісаць і здолець «прадаць» яе кантэкст, актуальнасць. Для гэтага варта забяспечыць даследчую, аналітычную працу і прасоўванне яе вынікаў і, што асабліва важна, мабілізаваўшы падтрымку іншых зацікаўленых сектараў, слаёў грамадства;
  • «Правільная тэорыя — лепшая практыка»: эканомце свае сілы на памылкі: «Вучыце матчастку!». Менавіта добрая тэарэтычная праца забяспечвае паспяховасць і эфектыўнасць намаганняў у вашых дзеяннях. Супрацьпастаўленне тэорыі і практыкі, гуманітарных і дакладных навук — зусім неканструктыўна. У якасці прыкладу неабходнага спалучэння Тацяна, інжынер па адукацыі, прадставіла логіка-структурны падыход да праектнай дзейнасці;
  • Даведвайцеся, хто менавіта робіць праект або праграму, на якую шукае рэсурсную падтрымку. Ці здольны ён ажыццявіць гэтыя працы, якая яго рэпутацыя? Ці суадносны ён да той ступені амбіцый, якая закладзена ў праекце?

Галоўным вынікам трэцяга дня, а між тым і самога семінара, сталі ідэі, распрацаваныя камандамі ўдзельнікаў. З чатырох прадстаўленых групавых задум праектам была прызнаная толькі адна. Тым не менш, кожная з іх мела ў сабе адказ адзін з сфармуляваных вышэй выклікаў у сацыякультурнай сферы Беларусі, безадносна да магчымай спецыфікі канкрэтнага рэгіёна:

  • «Суперрэгіёны» — нефармальная адукацыйная ініцыятыва, якая магла б вырашыць праблему няякаснай інтэрпрэтацыі традыцыйнай (аўтэнтычнай лакальнай) культуры Беларусі... культурніцкімі адмыслоўцамі падчас падрыхтоўкі планавых мерапрыемств, стварэння ўласнага (найперш турыстычнага) бізнесу;
  • «Вандроўная» школа па культурніцкім менеджменце «КаварАРТдак» — нагадвала адукацыйна-каардынацыйны цэнтр па абмене лепшымі прафесійнымі практыкамі. Патэнцыйная «віртуальная каманда» складаецца з прадстаўнікоў Наваполацка, Слуцка і Брэста, аднак аўтаркі ідэі надалі выключна важнае значэнне пашырэнню сеткі міжрэгіянальных сувязей;
  • «Арт-Баранкі» — па сутнасці, стартап-ідэя творча-камунікацыйнай прасторы, прызначанай аб’яднаць усе крэатыўныя сілы Баранавічаў пад адным дахам. Па-за фінансавых рызык ідэі, была агучаная і небяспека спыніцца на ўзроўні культурніцкага «гета» — ахапіць сталую, але незначную колькасць баранаўчан;
  • «Ненарытая» гісторыя» — «дэкларацыя» праграмнай дзейнасці прысутных на семінары гісторыкаў, спецыялістаў па гісторыка-культурнай спадчыне аб «вычышчэнні» найноўшай гісторыі Беларусі ад шматлікіх міфаў і стэрыатыпаў, наданні паўнаце гістарычным фактам і адэкватнай іх інтэрпрэтацыі. Па-за маштабнасцю і амбітнасцю ідэі, тут больш (і пазітыўна) уражвае адчуванне людзьмі місіі ўласнай дзейнасці.

З «канспекту» арганізатараў. Нататкі на палях

Атрымаць «двойку» ці хісткую «тройку» за стан культуры нацыі — сорамна. І так звыкла сорамна, што ўжо амаль натуральна, калі табе сорамна. І, у выніку, не тое, каб сорамна. Так «зона дыскамфорту» пераўтвараецца ў «зону камфорту»: вельмі зручна — паверыць, што ты не можаш ні на што паўплываць. І не проста не можаш — навошта гэта табе? Вельмі зручна — паверыць, што табе «ёсць чым займацца», а культура нацыі — гэта клопат і адказнасць дзяржавы.

Праўда, усё змяняецца, калі ты раптам можаш параўнаць. Калі бачыш прыклады людзей, што вераць у свае каштоўнасці і робяць сваю справу: малы крок за малым крокам. Альбо прасцей: калі бачыш людзей, якія... таксама імкнуцца да лепшага. Альбо складаней: людзей, якія не задаюць пытанне: «І калі гэта скончыцца?», але задаюць пытанне: «Што я магу з гэтым зрабіць?» Людзей, якія мысляць паняткам «зона ўплыву», бо чамусьці ведаюць: чалавечы фактар — вырашальны фактар.

Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»