СІНАГОГІ БЕЛАРУСІ. БЮЛЕТЭНЬ МАНІТОРЫНГУ ГІСТАРЫЧНАЙ ПРАСТОРЫ 1/2016

Першы нумар Бюлетэня прысвечаны сінагогам і малітоўным дамам Беларусі цяпер даступны ў электронным выглядзе. У ім публікуюцца матэрыялы архівістаў, даследчыкаў і мастацтвазнаўцаў. Зыходзячы з вялікай запатрабаванасці і інтарэсу да манаграфіі Марыі і Казіміра Пяхотак «Bożnicy drewniane» (1957), у першым нумары з да­зволу аўтаркі надрукаваны артыкулы аб сінагогах, якія знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Публікуецца таксама дапоўнены і ўдакладнены пераклад з ідыш артыкула Элі Лісіцкага «Пра магілёўскую сінагогу» з часопіса «Rimon» / «Гранат» (1923 г., № 3) аб гісторыі магілёўскай сінагогі, зроблены Д. Лісоўскім.

Бюлетэнь змяшчае багаты іконаграфічны матэрыял, што датычыць сінагог і малітоўных дамоў, выяўлены ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці, Гродненскага дзяржаўнага гісторыка­археа­лагічнага архіва, Музея Беларускага Палесся. Асаблівай увагі заслугоў­ваюць інвен­тарызацыйныя матэрыялы гістарычнай забудовы Беларусі, сабраныя экспедыцыяй Маскоўскага архітэктурнага інстытута ў 1945–1949 гг.2 Упершыню друкуецца мапа сінагог і малітоўных дамоў міжваеннага перыяду г. Брэста. Дапаўняюць выданне фотаздымкі, сабраныя ў час папярэдніх экспедыцый і маніторынгу стану гістарычных аб’ектаў (2015–2016).

Першы выпуск Бюлетэня стаў магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы Кара­леўства Нідэрландаў і шчырай дапамогі выбітных асоб, што прадстаўляюць пяць краін свету: Аўстралію, Беларусь, Ізраіль, Расію, Польшчу.

Маем гонар шчыра падзякаваць кожнага, хто прычыніўся да рэалізацыі з гэтага праекта.

Накіроўваем таксама словы падзякі Іўдзейскаму рэлігійнаму аб’яднанню Беларусі, Цэнтру Габрэйскага мастацтва Габрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме (The Center for Jewish Art, Hebrew University of Jerusalem), Нацыянальнаму гістарычнаму архіву Беларусі, Дзяржаўнаму архіву Брэсцкай вобласці, Гродзенскаму дзяржаўнаму гісторыка­археалагічнаму архіву за шчырае і плённае супрацоўніцтва.