Мінск. Комплекс адміністратыўных і жылых будынкаў старога аэрапорта.

Падрыхтавалі Іван Сацукевіч і Павел Растоўцаў


У пачатку 1930-х гадоў на паўднёвай ускраіне Мінска, у полі ля Койданаўскага тракту быў створаны аэрадром. Першапачаткова на тэрыторыі аэрадрома размяшчаліся ваенныя часткі, але ў 1940 г. урачыста быў адкрыты пасажырскі аэравакзал.

Карта 1. 1933 г.


Але для паспяховага функцыянавання і прыёму пасажырскіх самалётаў неабходна было пашырыць тэрыторыю аэрадрома і ўзвесці будынкі інфраструктуры. Тэрыторыя аэрадрома была пашырана, для гэтага спатрэбілася нават знесці шэраг тэхнічных пабудоў, пазначаных на карце 1 і змяніць напрамак Койданаўскага тракту. На працягу 1935-39 быў пабудаваны комплекс адміністратыўных, тэхнічных і жылых дамоў мінскага аэрапорта. На сёння з гэтага комплексу захавалася 4 пабудовы.

Карта 2. 1942 г.


  1. Будынак аэравакзала (зараз паліклініка Дзяржкамітэта па авіяцыі РБ). Адрасаваны па вуліцы Дзм.Караткевіча, 9а, хоць ад забудовы гэтай вуліцы будынак аддзелены трасай 2-га траспартнага кальца. Як будынак аэравакзала функцыянаваў да 1956 года, калі быў узведзены новы аэравакзал (Чкалава, 38). Будынак быў моцна пашкоджаны ў ліпені 1944 года падчас нямецкай бамбёжкі. Адноўлена была толькі цэнтральная частка будынка без бакавых флігеляў. Двойчы перабудоўваўся: першы раз ў 1960-ыя, другі – у 2002-2003. Нягледзячы на зменены выгляд, асноўная частка сучаснага будынка захоўвае сцены першапачатковага будынка 1935-36 гг. Будынак былога аэравакзала захоўвае памяць пра палітычных і культурных дзеячаў БССР і СССР (? Я.Купала, Я.Колас, П.Панамарэнка), якія бывалі ў ім у 1936-1956 гг.

Будынак аэравакзала пасля нямецкай бамбёжкі 5-6 ліпеня 1944 г. Бачна, што левае крыло будынка знішчана поўнасцю, у астатняй часткі адсутнічае дах.


Будынак мінскага аэравакзала ў 1955 г.


Цэнтральная частка фасада ў 1955 г.


Сучасны выгляд.


  1. Адміністратыўны будынак (зараз там размяшчаецца адміністрацыя дзяржпрадпрыемства “аэрапорт Мінск-1”, Белівестбанк і шэраг іншых устаноў). Знаходзіцца на вуліцы Дзм.Караткевіча, 7.

Галоўны і бакавы паўднёва-усходні фасады адміністратыўнага будынка.


Трохправярховы будынак быў узведзены ўздоўж вуліцы Аэрапорт (сучасная Дзм.Караткевіча) па канонах папулярнай ў 1930-ыя гады архітэктуры канструктывізму. Магчыма, першапачаткова будынак быў жылым. Тарцавыя сцены маюць ступенчатае завяршэнне. На ўсіх паверхах вялікія па памерах вокны чарагуюцца з сярэднімі і нават маленькімі.

Бакавы паўночна-заходні і задні фасад.


На жаль, у “халодныя” 1990-ыя гады была зменена форма ваконных праёмаў лесвічных шахт задняга фасада.

  1. Жылы будынак (вуліца Дзм.Караткевіча, 8). Пабудаваны трохпавярховы чатырохпад’ездны жылы дом быў у 1939 годзе. Галоўны фасад выходзіць на вуліцу Дзм.Караткевіча і знаходзіцца амаль насупраць адміністратыўнага будынка (вул. Дзм.Караткевіча, 7).

Галоўны фасад.


Галоўны фасад рытмічна падзелены лесвічнымі шахтамі чатырох пад’ездаў на роўныя часткі.

Галоўны фасад 1-га і 2-га пад’ездаў.


Лесвічныя шахты 1-га і 2-га пад’ездаў больш высокія за іншыя. Магчыма, першапачаткова яны завяршаліся назіральнымі пляцоўкамі супрацьпаветранай абароны. У 1990-ыя гады паміж імі быў дабудаваны 4-ы мансардны паверх.

Від на галоўны фасад ля пад’езда № 3.


  1. Жылы будынак (вуліца Дзм.Караткевіча, 4). Пабудаваны ў 1939 годзе. Галоўны фасад таксама выходзіць на вуліцу Дзм.Караткевіча. Праект гэтага будынка з’яўляецца амаль дакладнай копіяй дома № 3 (Дзм.Караткевіча, 8). Адзінае адрозненне – лесвічныя шахты ўсіх чатырох пад’ездаў маюць аднолькавую вышыню.

Від на жылы дом па Дзм.Караткевіча, 4 ад праезнай часткі 2-га транспартнага кола Мінска.

Галоўны фасад ля 1-га пад’езда.


Два балконы трэцяга паверха ў пачатку 2000-ых былі “мадэрнізаваны” з дапамогай сайдынгу без уліку знешняга выгляду будынка.

Карта размяшчэння будынкаў па вуліцы Дзм. Караткевіча, 4, 7, 8, 9

Комплекс адміністратыўных і жылых будынкаў старога аэрапорта ў Мінску з’яўляецца каштоўным прыкладам архітэктуры канструктывізму міжваеннага перыяду і варты ўключэння ў спіс помнікаў архітэктуры.

 

Крыніцы:

Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі ф. 6, воп. 2, спр. 18, арк. 1;

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь ф. 4, воп. 37, спр. 59, арк. 98;

паводле матэрыялаў ICOMOS