Архітэктурны фокус Аляксандры Баярынай

Зараз я пакажу адну простую рэч, ад якой у некаторых беларусаў адвіснуць сківіцы. Архітэктурны фокус. Апранаем традыцыйную форму беларускай хаты ў сучасныя тэхналогіі і глядзім на сучасную беларускую архітэктуру.
 

Адразаем вынас даху, прыбіраем ці памяншаем падмурак, прымяняем матэрыялы сучасных метадаў апрацоўкі, выбіраем шклопакеты такіх памераў, якія дазваляюць тэхналогія і характарыстыкі шкла, дасканала стыкуем канструкцыі і дэталі сучаснымі высокатэхналагічнымі метадамі. Выкарыстоўваем наш галоўны традыцыйны матэрыял — дрэва. Дах можна таксама зрабіць з дрэва, бо ў нас процьма гістарычных прыкладаў такіх дахаў.

Фокус даволі прымітыўны, таму дзіўна, што наша свядомасць шукае рысы сучаснай беларускай архітэктуры недзе ў іншых месцах, а гэтым формам замежнай жылой архітэктуры адмаўляе ў відавочным падабенстве да нашай роднай традыцыйнай.

Адразу хачу адказаць на ўсе «супраць» у выглядзе меркаванняў «гэта замежная архітэктура», «гэта галандская, скандынаўская, літоўская форма, але толькі не наша». Такія меркаванні грунтуюцца на нацыянальным комплексе непаўнавартасці, які дыктуе, што трэба знайсці сваю адметнасць у тым, чаго ў Еўропе яшчэ няма. Ды і не толькі ў Еўропе! Трэба, каб ва ўсім свеце такога не было, толькі тады мы прызнаем нешта сваім і пачнём ім ганарыцца.

Памылкова шукаць адметнасць толькі ў тым, чым мы не падобныя да суседзяў. У галандцаў бульба — нацыянальны прадукт, літоўцы зацвердзілі на гербе і грошах нашу гістарычную Пагоню. Паводле вашай логікі прыйдзецца прыбраць бульбу з нашых нацыянальных страў, забыць пра нашу гісторыю і яшчэ шмат чаго выкрасліць з беларускай культуры, што падобна да суседскага ці ёсць у суседзяў.

Мы пакуль толькі імкнёмся знайсці сваю ідэнтычнасць, спрабуем пералічыць сапраўды наша, каб цвёрда ведаць, якія мы і ў чым канкрэтна нашы адметныя рысы. І гэта будзе зроблена, бо іншага шляху ў нас няма. Толькі шукаць трэба ў сябе дома, у сваіх каранях і на сваёй зямлі. Варта хутчэй пазбавіцца комплексу непаўнавартасці, спадарства, каб палепшыць нашу рэчаіснасць.

І бульба наша, і гісторыя, і архітэктура. У нас папросту не было магчымасці быць сабой шмат гадоў. Патрэбны сілы і адвага, каб прызнаць, што мы маем права на сваю гісторыю, што мы можам звязаць сябе сучасных са сваёй гісторыяй пры дапамозе прафесійнай працы.

Пошук нацыянальнай адметнасці мусіць ляжаць у даследаванні традыцый і выбудоўванні лініі працягу традыцый аж да акрэслівання будучыні ў выглядзе філасофскіх, прынцыповых, часам утапічных праектаў развіцця. Праца архітэктара-прафесіянала мусіць палягаць у майстэрстве распавядаць у сучасных матэрыялах пра нас і наша роднае. Сам працэс развіцця павінен прыносіць і адкрыцці, але і адкрыцці мусяць быць часткай нашай культуры, а не замежнай і чужой.

Прадбачу супраціў: у нашай культуры шмат чужога, што прыйшло з-за мяжы, таму ці можам мы лічыць гэта сваім? Адказ просты: можам лічыць сваім усё, што культура прыняла, асімілявала. Бо свет прапанаваў нашмат болей, а беларусы выбралі толькі тое, што пасавала асабіста ім. Тое, што мы прынялі і асімілявалі, — безумоўна наша.

Такім чынам, наша традыцыйная форма магла б сёння быць шырока і разнастайна прадстаўлена на прасторах беларускіх зямель у дадзеных прыкладах. Прыклады выпадковыя, але дастатковыя для ілюстравання ідэі.

Цікава, што нашы традыцыйныя хаты пры ўсёй сваёй аднолькавасці не ўспрымаюцца намі як аднолькавыя. Дастаткова дробных дэталяў, каб і хата, і вёска, і раён маглі мець свой незабыўны твар. Прыведзеныя сучасныя прыклады таксама даволі аднатыпныя. Менавіта гэта падобнасць гарантуе ансамблевасць і цэльнасць забудовы. І менавіта гэтай якасці ў нашых катэджных раёнах не знайсці. Як архітэктары, так і замоўцы з’яўляюцца ахвярамі папулярнага шкоднага штампа «індывідуальны праект». Мы страцілі навыкі праектавання прыгожага, ансамблевага, нацыянальнага жытла. Патрэбны намаганні ўсяго грамадства, каб пераадолець гэту сітуацыю.

Важна адзначыць, што архітэктурныя формы розных краін і нацый могуць быць падобныя, бо архітэктура знаходзіцца ў сувязі з кліматычнымі ўмовамі, а клімат не заканчваецца на дзяржаўнай мяжы. Адметнай архітэктуру робіць культура народа. Менавіта яна здольная нараджаць сучасную нацыянальную архітэктуру, у якой мы сёння маем патрэбу.

Інтэрнацыянальная архітэктура, па якой немагчыма сказаць, у якой краіне і кім яна пабудавана, не з’яўляецца высокім дасягненнем прафесіяналізму. Замежныя архітэктары падкрэсліваюць важнасць уліку культурнага кантэксту. Навошта ж нам імкнуцца да сярэдненькага замежнага ўзроўню праектавання і пладзіць узоры інтэрнацыянальнага стылю?..

Аутар: Дмітры Корсак

паводле: