“Беларускі космас” Язэпа Драздовіча

піша Тамара Матыль

Драздовіч Язэп Нарцызавіч  нарадзіўся 13.10.1888 г., у засценку  Пунькі Дзісенскага павета Віленскай губерні, зараз Глыбоцкі р-н. Язэп Драздовіч - беларускі мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог. Адзін з заснавальнікаў нацыянальнага гістарычнага жывапісу. Нарадзіўся ў сям'і збяднелага шляхціца-арандатара. Скончыў Віленскую школу малявання (1908 г.). У 1910-14 гг. служыў у арміі, дзе скончыў фельчарскія курсы, у 1-ю сусветную вайну - на Заходнім фронце. Пасля звальнення з арміі з-за стану здароўя жыў на Дзісеншчыне ў фальварку Лявонаўка каля в. Германавічы.

У 1919-20 гг. у Мінску: мастак-дэкаратар у «Беларускай хатцы», Беларускім дзяржаўным тэатры; у 1919 г. арганізаваў культурна-асветніцкае т-ва «Заранка», якое адчыняла школы, аматарскі тэатр, бібліятэку; выкладаў малюнак у беларускай гімназіі і жаночай прагімназіі, супрацоўнічаў з літаратурнымі выдаведствамі як ілюстратар. Пасля вяртання на Дзісеншчыну, якая паводле Рыжскага дагавора 1921 г. адышла да Польшчы, у 1921-22 гг. спрабаваў арганізаваць на радзіме беларускія школы. У 1924-26 гг. выкладаў маляванне ў Глыбоцкай польскай школе, актыў на супрацоўнічаў з ТБШ. Працаваў у  Радашковіцкай беларускай гімназіі імя  Ф.Скарыны. У 1926-27 гг. супрацоўнічаў у  сатырычным часопісе «Маланка». У 1927 г. заснаваў мастацкую студыю пры Віленскай беларускай гімназіі. У 1927-29 гг. выкладаў маляванне ў беларускай гімназіі ў Навагрудку, вёў работу па зборы экспанатаў для Віленскага беларускага музея. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР вучыўся на кароткачасовых настаўніцкіх курсах і ў 1940-41 гг. працаваў настаўнікам малявання і батанікі ў Глыбокім і Лужках. Першыя малюнкі Драздовіча зроблены ў 1907 г.. Аформіў вокладкі «Беларускага календара на 1910», кнігі К.Буйло «Курганная кветка» (1914 г.), «Школьнага спеўніка» А.Грыневіча (1920 г.), і інш. 3 самага пачатку сваёй творчай дзейнасці выкарыстоўваў гістарычныя рэаліі і матывы. У 1916 г. стварыў скульптуру «Гарыслава» (выяву полацкай княгіні Рагнеды) і бюст Ф. Скарыны. Намаляваў серыю графічных краявідаў «Дзісеншчына» з сялянскімі сядзібамі і палеткамі, у канцы 1910 - пач. 1920-х гадоў графічныя серыі «Заслаўе», «Старажытная будоўля на Беларусі», «Вежа Празор», «Мінск, Высокае месца», «Месца ўпадзення Нямігі ў Свіслач». Графічныя малюнкі Драздовіча ўпрыгожылі падручнік геаграфіі А.Смоліча. На мяжы 1910—20-х гадоў зрабіў графічныя партрэты полацкіх і смаленскіх князёў, у т. л. Усяслава Чарадзея, жывапісныя карціны «Спаленыя сядзібы», «Усяслаў Чарадзей у парубе пад палатамі кіеўскага князя», «Пагоня Ярылы», альбом графікі «Глыбокае».

У 2-й пал. 1920-х гадоў стварыў вялякія графічныя серыі (па 14—16 лістоў) «Мір», «Глыбокае», «Навагрудак і навагрудцы», «Крэва», «Ліда», «Гальшаны», «Меднікі», «Трокі», прысвечаныя гарадзішчам, замкам і культавым збудаванням. У гэты час шмат вандраваў па Дзісеншчыне, Піншчыне, дзе рабіў графічныя замалёўкі, збіраў этнаграфічныя матэрыялы для «Беларускага этнаграфічнага слоўніка».

Вежа ў Троках.

ааа

У 1927 г. і 1-й палове 1940-х гадоў напісаў некалькі карцін і акварэляў, прысвечаных Скарыне. Па матывах «Слова пра паход Ігаравы» напісаў карціну «Песня Баяна». У 1940—46 гг. вяртаецца да мінулага свайго народа - карціны «Палачане выганяюць накінутага ім князя», «Усяслаў Чарадзей пад Гародняй», «Пярсцёнак Усяслава Чарадзея».

Драздовіч - пачынальнік касмічнай тэмы ў выяўленчым мастацтве: серыі «Жыццё на Марсе» (1931), «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы» (1932), «Космас» (1940). Аўтар навукова-папулярнай брашуры па астраноміі «Нябесныя бегі» (1931). Этнаграфічна-пазнавальнае значэнне маюць яго шматлікія замалёўкі ўзораў дойлідства, прылад працы і прадметаў побыту земляроба, адзення. Вывучаў фальклор Дзісеншчыны і Піншчыны. Склаў зборнік «Песні Дзісеншчыны», захаваліся рукапісы паэмы «Трызна мінуўшчыны» і гістарычна-бытавой аповесці «Гарадольская пушча», апавяданне «Сон Гараноса» з яго ілюстрацыямі. У Вільні пад псеўданімам Я.Нарцызаў выдаў кніжку «Пабрацімцы і вялікая шышка» (1923 г.). У Свіры, пазней у родных мясцінах праводзіў археалагічныя даследаванні. У ненадрукаванай працы «Дзісенская дагістарычная старына» апісаў 30 археалагічных помнікаў. Адкрыў некалькі стаянак каменнага і бронзавага вякоў, шмат каменных крыжоў, сабраў калекцыю каменных сякер. У выніку археалагічных пошукаў напісаў працу “Дзе знаходзяцца Дудуткі і Гародня”. Памер 15.09.1954 г.

Пахаваны Язэп Драздовіч  ў в. Ліпляны Глыбоцкага р-на.

За ілюстрацыі дзякуем http://pawet.net