Практыка драўлянага будаўніцтва ў Заходняй Беларусі 1921-1939 гг.

 

   аўтар -   Харэўскі Сяргей – беларускі мастак, гісторык архітэктуры, мастацтвазнаўца. Выпускнік мастацкай вучэльні імя А. Глебава (1982-1987), Інстытуту жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР (1988-1992), асьпірантуры Беларускай акадэміі мастацтваў (1994-1997). Мастацкі рэдактар часопіса «Бярозка», газэты «Свабода». Выкладчык Акадэміі Мастацтваў Беларусі, дацэнт Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэту (ад 2005). Аўтар шматколькасных публікацый, сярод якіх найважнейшыя: “Гісторыя мастацтва і дойлідства Беларусі” (2007), “Культавае дойлідства Заходняй Беларусі 1915-1940 гг.” (2008), зборнік эсэ па гісторыі культуры і праблемам ідэнтычнасці Беларусі “ПраЧутае” (2011), “Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу” (2011). Друкуецца ў «Нашай Нівы» з моманту яе аднаўленьня (1991), аўтар і вядучы праграмы «Галерэя Свабоды» на радыё «Свабода». Сябра Саюзу Беларускіх пісьменнікаў.

 

           1. Умовы і асаблівасці паваеннай урбаністычнай сытуацыі ў Заходняй Беларусі пасьля 1921 г.

Заходняя Беларусь была занятая нямецкімі войскамі, а пазней, калi увайшла ў склад Польшчы, стала рэгiёнам, дзе працягвалi развiвацца мясцовыя традыцыi будаўніцтва i апрабоўвацца новыя стылi.

У акрэслены намі перыяд, да 1939 году, архітэктура ў этым краі перажыла і ўнутраную стылістычную эвалюцыю і адчула на сабе польскі й агульнаеўрапейскія архітэктурна-мастацкія ўплывы. У новых гістарычных умовах міжваеннага часу архітэктарам давялося вырашаць задачы па стварэнні новых адміністратыўных цэнтраў, дзяржаўнаму і культаваму будаўніцву.

Галоўныя акалічнасці, з якімі сутыкнуліся польскія ўлады, архітэкатры і будаўнікі ў Заходняй Беларусі, гэта былі катастрафічныя ваенныя разбурэньні, масавая міграцыя насельніцтва, патрэбы разбудовы новыя дзяржаўных адміністрацыяў і вайсковых аб’ектаў, ліквідацыя непісьменнасці і аднаўленне рэлігійнага жыцьця ва ўмовах палітыкі рэвіндыкацыі.

Франты Першая сусветнай і польска-бальшавіцкай войнаў праходзілі пасярэдзіне Беларусі, дзе загінула больш як 1 млн. 200 тыс. чалавек.  У выніку баёў былі дашчэнту знішчаныя сотні вёсак, спаленыя такія мястэчкі як Смаргонь, Солы, Свір, Мядзел, Мір, Маладзечна, Вілейка ды інш.

Расейская авіяцыя разбамбіла цэнтры Баранавічаў і Лунінца ды інш.. А пры адступленні расейскіх войскаў былі ўзарваныя масты ў Гродна, Стоўбцах, Солах ды інш. Былі знішчаныя многія храмы, палацы, помнікі архітэктуры, сярод іншага моцна пацярпеў і замак у Крэве, што апынуўся безспасрэдна на лініі фронту.

У выніку ваенных дзеянняў з Беларусі ў Расею выправілася больш як 2 мільёны 292 зарэгістраваных бежанцаў. Зь іх, праз некалькі гадоў, больш як 700 тыс. вярнуліся ў Заходнюю Беларусь пасьля Рыжскага міру 1921 г. Адначасна польскі ўрад выдаткоўваў землі ўздоўж польска-савецкае мяжы . з. “асаднікам” – былым польскім легіянэрам з этнічнае Польшчы, а ў 1930-я гг. і цывільным каланістам, агульная колькась якіх перавысіла 7 тыс. сем’яў.

У выніку новага адмінстрацыйнага падзелу тэрыторыя Заходняй Беларусі была падзеленая між 4 ваяводзтвамі – Беластоцкім, Віленскім, Навагрудзкім і Палескім, былі створаныя новыя павятовыя цэнтры. Вялікім клопатам для дзяржаўнай польскай адміністрацыі на тэрыторыях Заходняй Беларусі ў міжваенны час стала праблема размяшчэння новых рэгінальных адміністрацыяў – ваяводставаў, старостваў, яго аддзелаў, гмінаў, вакзалаў, поштаў,  жыльля для вайскоўцаў, цывільных служачых і іх сем’яў. Капітальных грамадзянскіх будынкаў бракавала, а жылы фонд быў моцна рабураны вайною.

іл.1. Праект Беларускае гімназіі ў Будславе. Л. Вітан-Дубейкаўскі, 1918 г

3 падобнымі праблемамі сутыкаліся ўсе павятовыя і ваяводскія ўлады і ў некаторых іншых паселішчах Заходняй Беларусі. Тутсама быў расквартараваны Корпус Аховы Памежжа (Korpus Ochrony Pogranicza), для якога былі ўзьведзеныя капітальныя вайсковыя мястэчкі ўздоўж савецкае мяжы: у Давыд-Гарадку, Клецку, Стоўбцах, Маладзечне і г. д.

У часе войнаў незьлічоныя страты панесла спадчына культаваг дойлідства Беларусі. У Расею былі вывезеныя царкоўны скарбы, каштоўныя абразы і званы.

Храмы розных канфэсіяў былі спаленыя. Заканчэньне войнаў, масавая эмiграцыi з СССР святароў, неабмежаванасць рэлiгiйнай прапаганды i роўнасць культаў (замацаваных у Канстытуцыi Польшчы 1925 г.)садзейнiчалi пашырэньню практыкi культавага будаўнiцтва. Рэзка ўзмацніліся пазіцыі каталіцкае царквы. У выніку працэсу рэвіндыкацыі вярталіся культавыя будынкі і землі, якія раней належалі каталіцкай царкве лацінскага і ўсходняга абрадаў. Так былі вернутыя колішнія касцёлы ў Гродна, Брэсце Пінску, Стоўбцах, Навагрудку, Быцені ды інш. У выніку кампаніі рэвіндыкацыі аднаго боку, ў праваслаўнай царквы былі аднятыя шматлікія храмы, а з іншага – стымулявалася новае царкоўнае праваслаўнае будаўніцтва.

іл.2. Касьцёл Пятра і Паўла ў Дрысьвятах, а)выгляд з боку апсіды;  в) інтэр'ер, хоры, архіт. Л. Вітан-Дубейкаўскі, 1927 г., фота 1920-х гг. (Kvetka Vitan, "Lavon Vitan-Dubeukauski. Da 85 uhodkau naradzennia", New York, 1954)

Зняцце колішніх сегрэгацыйных абмежаванняў спрыяла імкліваму росту колькасці такіх субэтнічных і рэлігійныйх меншасцяў, як стараверы, якія ў міжваенны час збудавалі на тэрыторыі Беларусі 11 новых цэркваў і малельняў, музульманаў, якія аднаўлялі старыя і ўзвялі 7 новых мячэцяў і малельных дамоў ды інш.

Першая сусветная вайна, акупацыя нямяцкай арміяй і польска-бальшавіцкая вайна не перарвала ў Заходняй Беларусяй традыцыйнага дойлідства.Працягваюць плённа развiвацца рэгiянальныя школы народнага драўлянай архітэктуры (асаблiва ў Паазер’і на Палессi). Гэта паўплывала i на фармаванне нацыянал-рамантычнай плынi ў заходнебеларускiх землях, спрыяла стварэнню архітэктурных вобразаў, што увасобiла мясцовыя гiстарычныя i мастацкiя традыцыi.

 

2. Практыкі дзяржаўнага будаўніцтва 1920-1930-х гг.

У Заходняй Беларусi працавалі й тварылi многiя польскія архiтэктары, такiя, напрыклад, як, Юліюш Клос (Juliusz Kłos 1881-1933) заб. Стэфан Нарэмбскі, Юзаф Пій Дзеконьскі, Стэфан Шылер, Тэадор Буршэ ды іншыя.

Як мы казалі перад новай польскай адмінстрацыяй міжваеннага часу ў Заходняй Беларусі сталі задачы аднаўленьня працы транспарту, разьвіцьё сеткі дарог, стварэньне новых ваяводзкіх і павятовых цэнтраў, будаўнітцтва вайсковых гарадкоў, школаў, поштаў і забесьпяэньня жыльлём іх служачых і іх сем’яў.

іл.2.Праект урадавае калоніі ў Браславе,архіт. Ю. Клос, 1923-24

іл.3. Праект урадавае калоніі ў Браславе,архіт. Ю. Клос, 1923-24

    іл.4. Праект урадавае калоніі для Нясьвіжа, архіт. Т. Буршэ, цывільны інжынер Юзаф Крупа. 1924

Дзеля гэтых мэтаў была створаная адмысловая дзяржаўная кампанія, створаная ў ў 1923 г.  дзеля ўзвядзення калоніяў урадавых дамоў -- комплексаў адміністрацыйных і жылых будынкаў. Урадавыя калоніі ўзводзіліся цэнтралізавана адначасна ў 44 паселішчах Навагрудскага, Палескага, Валынскага і Віленскага ваяводстваў. У распрацоўцы праектаў бралі чынны ўдзел польскія архітэктары з розных гарадоў Польшчы. Архітэктарам давалася замова на распрацоўку урбаністычных праектаў, розных тыпаў будынкаў для комплекснае забудовы, даручаўся нагляд за ажыцьцяўленьнем праектаў. Разам над 33 тыпамі розных будынкаў працавалі ў гэтай праграме 14 архітэктараў. 19 іншых архітэктараў выконвалі паасобныя ўрбаністычныя праекты. Напрыклад, Т. Буршэ, менавіта ў 1920-х гадах праектаваў розныя дзяржаўныя будынкі і комплексы для ўраднікаў у Нясвіжы, Баранвічах, Пінску. А таксама, сярод іншага, у тыя гады паводле праекту архітэктара Тэадора Буршэ была рэканструявана частка аднаго крыла замка ў Міры, спаленага падчас вайны, пад жытло ўладальніка князя Святаполк-Мірскага.

Вялікі ўнёсак у развіцьцё тагачаснае архітэктуры ў Беларусі, яе вывучыэньне i зьберажэньне помнікаў зрабіў польскі архітэктар Юліюш Клос. Ён жа стаў праекціроўшчыкам забудовы цэнтра Браслава, урадавай калоніі ў Глыбокім, касцёла Маці Божай Анёльскай у Мяжанах, дамоў у Шаркоўшчыне, Падсвіллі,  ды інш. аб’ектаў. Прафэсар Ю. Клос, у рамах урадавае праграмы, распрацаваў праекты двух тыпаў жылых дамоў, паліцэйскіх пастарункаў, поштаў і стажніц.

 іл. Праект ксасьцёла ў Янатрудзе, Полацкі павет, Л. Вітан-Дубейкаўскі, 1916 г.

іл. Праект касьцёла Маці Божае Анёлскае ў Мяжанах, Браслаўскі павет, архіт. Ю. Клос, 1923

Яшчэ ў 1922 г Ю. Клос., для працы над праектам касцёла ў Мяжанах, наведаў Браслаўшчыну, дзе ён звярнуў увагу на архаічную забудову часткі вёскі, асобныя гаспадарчыя будынкі, цікавыя з пункту гледжання традыцый народнага дойлідства. Найбольш адметныя аб’екты, прафесар фатаграфаваў. У Гістарычным архіве Літвы зберагаюцца дзясяткі фотаздымкаў, зробленых архітэктарам у Беларусі, адметных помнікаў і мясцінаў у Беларусі. У 1929 г. ён кансультаваў працу В. Кешкоўскага па інвентарызацыі помнікаў рэгіёна. У 1930–1931 гг, Ю. Клос разам са С. Лорэнцам, Я. Булгакам і студэнтамі Віленскага ўнівэрсітэта прымае ўдзел у экспедыцыях па далейшай інвэнтарызацыі помнікаў Беларускага Паазер’я.

Існавалі прынцыповыя патрабаванні пры распрацоўцы дзяржаўных праектаў: новыя комплексы урадавых калоній павінны былі спалучацца са стылем мясцовай забудовы і адпавядаць тагачаснаму ўзроўню урбаністыкі. Паводле задумы гэтай маштабнай будаўнічай акцыі, яна мусіла паспрыяць ня толькі канкрэтнаму вырашэньню праблемаў з дзяржаўным будаўніцтвам, але й дэманстраваць мабільнасць і адказнасьць польскіх ўладаў, а ттаксама спрыяць разьвіцьцю культуры на ўскраінах, пацярпелых ад нядаўніх войнаў.

У 1920-я гады ў дзяржаўным будаўніцтве актыўна выкарыстоўваліся варыяцыі стылю нэабарока. У тагачаснай лiтаратуры гэтыя павевы знайшлi свае назовы:«кшталт двароў шляхецкiх», «старапольскi стыль», альбо «старапанскi». Новая хваля «неабарока», абапiраючыся на дэкаратыўна-пластычныя формы ўласнай архiтэктурнай спадчыны, актыўна iх прапагандавала, найперш, у грамадзкiм будаўнiцтве (ваяводскiя канторы, паштамты, вакзалы, напрыклад, у Слонiме, Смаргонi, Наваельні, Лідзе i г.д.). Тут выявiлася тэндэнцыя да падкрэслення «крэсовых» традыцый, што цалкам адпавядала мясцовым патрыятычным настроям. Барочны неарамантызм характэрны, прыкладам, для будынкаў ваеннага ведамства ў Слонiме, пабудаванымх у пачатку 1920-х г. паводле праекта архiтэктараў В. Векера i З. Тарасiна. Гэтыя будынкi створаны паводле новай канструктыўнай схемы. Рацыянальная свабодная планiроўка спалучалася ў iх з рэтраспектыўнымi архiтэктурнымi элементамi, запазычанымi са спадчыны ХVII–ХVIII стст.

У 1930-я ггг. стылістыка дзяржаўнага будаўніцтва рэзка зьмянілася на карысьць функцыяналізму, або канструктывізму. У якасьц прыкладу тут можна прывесьці комплекс гэтак званай «Настаўніцкай калоніі»ў Гродна што складаецца некалькімі жылымі, гаспадарчымі і грамадскімі будынкамі, узведзенымі ў стылі «драўлянага канструктывізму».У сярэдзіне 1930-х гг. на месцы былой вуліцы Глінянай былі пракладзеныя вуліцы Жвіркі і Вігуры. Раён гэтых вуліц атрымаў назву «Настаўніцкая калонія» і быў пабудаваны па спецыяльным комплексным праекце.

Асновай калоніі стала ўзведзеная пры вуліцы Базыліянскай (цяпер Лермантава) агульная школа №8 (цяпер спецыяльная школа №4). Тутсама, у раёне вуліц Жвіркі і Вігуры было пабудавана каля 12 драўляных будынкаў для настаўнікаў гэтай новай і іншых школаў горада.

Спалучэнне некалькіх кубічных ці прамавугольных аб’ёмаў розных памераў прыдае гэтым будынкам незвычайны, вельмі сучасны ў параўнанні з навакольнымі класічных формаў будынкамі, выгляд. Унікальнасць комплекса ў тым, што ўсе ўзведзеныя ў стылі канструктывізму будынкі драўляныя. Выпадкі выкарыстання дрэва ў якасці будаўнічага матэрыялу для пабудоў у такім сучасным для першай паловы ХХ ст. стылі, як канструктывізм, тыповая для на тэрыторыі міжваеннай Заходняй Беларусі.

Таксама за дзяржаўны кошт аднашляліся многія помнікі дойлідства, гістарычная і мастацкая каштоўнасць якіх не падлягала сумненню. Былі закансэрваваныя замкі ў Крэва, Навагрудку, Гродна. Адноўлены былі сядзібы А. Міцкевіча ў Навагрудку і Т. Касьцюшкі ў Мерчоўшчыне. У 1920-я гады паводле праектаў архітэктараў кафедры польскай архітэктуры Варшаўскай Палітэхнікі былі адбудаваныя касцёл Св.Міхаіла ў Смаргоні, старажытныя касьцёлы ў Ішкалдзі і Гнезна, 2 нясвіжскія, 2 лідскія, 2 слонімскія, клецкі, пінскі, дзятлаўскі, сталовіцкі касцёлы, 2 навагрудскія, касцёлы і кляштары францішканцаў у Пінску і Гальшанах, значная колькасць капліц і інш. Сярод іншых помнікаў даўніны былі адноўленыя і некаторыя найбольш каштоўныя сінагогі, такія як у Пінску, Друі і Воўпе.

3. Стылістычныя асаблівасьці архітэктуры міжваеннага часу

     Разнастайнасць задач, якiя стаялі перад архiтэктарамi ў пачатку ХХ ст., прадвызначыла разнастайнасць iх творчых прынцыпаў: так у рэчышчы неакласiцызму працаваў С. Фiласевiч, неаготыкі – А. Філіповіч-Дубовік, неабарока – А. Філіповіч-Дубовік, Е. Жаландкоўскi, В. Вакер, С.Шылер i iнш. А Вацлаў Міхневіч працаваў адначасна і ў стылістыцы неагатокі і ў стылістыцы барока. Вітан-Дубейкаўскі, Клос, Дзеконьскі ды іншыя дойліды спрычыніліся да стварэння нацыянальна-рамантычнай плыні ў архітэктуры. Крыніцамі пошукаў нацыянальных рамантыстаў была цікавасць да неабарока, што стала вельмі папулярным і ў цывільным, дзяржаўным будаўніцтве, імпарт прыёмаў гэтак званых закапанскага, татранскага, старапольскага стыляў, што ўжо склаліся ў Польшчы перад Першай сусветнай вайной.

     Заснавальнiкам   беларускага нацыянальнага стылю ў дойлiдзтве стаў Лявон Вітан-Дубейкаўскі (1869-1940) заб. Да 1907 г. ён меў асабiстае бюро ў Смаленску. Пабудаваў царквы ў Манастыршчыне і Вязьме, касцёл у Смаленску i каплiцу на каталiцкiх могілках, а ў 1901 г. – фабрыку жалезабетонных вырабаў. У 1916 г. ён стварае праект для вёскі Янатруда Полацкага павету, на замову ксяндза Будзькі менавіта ў “беларускім стылі”, які рэалізаваць не патрапў з прычын вайны. Але ў 1927-ым i 1929гг. ён будуе велічны касцёл Пятра і Паўла ў мястэчку Дрысвяты над возерам, на Браслаўшчыне. І дасёння гэта – самы вялікі сакральны будынак з дрэва ў Беларусі. Менавіта ў ім Вітан-Дубейкаўскі ўвасобіў ідэю свайго беларускага стылю. Дубейкаўскi распрацоўваў і ўласную будаўнічую тэрміналёґію й сыстэматызаваў сваю тэорыю беларускага стылю ў кнізе "Рэформа беларускага дзераўлянага дойлідзтва". У 1934—1938гг. архітэктар кіраваў аднаўленнем кляштара для ордэна айцоў марыянаў у Друі, а таксама францішканскага сабора ў Вільні, зрабіў праект каталіцкага кляштара ў Непакалянаве каля Варшавы. Летам, у час адпачынку, рупліва даглядаў свой сад у Вільні, а зімою дапісваў сваю галоўную тэарэтычную працу— «Эвалюцыя і рэформа дзераўлянага будаўніцтва», у якой разглядаў асаблівасці драўлянага дойлідства Беларусі. Ва ўступе да іншае свае працы, артыкула «Як будаваць хату» (1937 г.) ён пісаў: «У беларускім пісьменстве няма дагэтуль нічагусенькі аб нашым дзеравянным будоўніцтве, а калі што на кніжным рынку знаходзіцца, то гэта — у чужой, мала або й зусім незразумелай для беларуса, мове, ды й чужога пакрою, з недахопамі апрацоўкі ды нашых гаспадарчых патрэб, а таксама і традыцыі беларускага дзеравяннага будаўніцтва. (…)

 Гэткі стан заняпаду драўлянага будаўніцтва наагул, а галоўнае, цяпер, калі сяло расходзіцца на паасобныя гаспадаркі аднадворнай сялібы (хутары), памкнуў мяне к суцэльнай апрацоўцы плянаў трох хат: меншай, сярэдняй і большай гаспадарскай хаты, а таксама двух домікаў для мястэчкавай інтэлегінцыі, каб, маючы прыклад і фаховую навуку, імкнуўся наш Народ к культурнаму будаўніцтву на падставе сваіх традыцыйных формаў архітэктуры і гаспадарчай стройнасці». Таксама Дубейкаўскі пабудаваў у сваі адметным стылі будынкі беларускае гімназіі ў Браславе, лясьніцтва і падлясьніцтва ў Кене, пад Вільняю, шэраг іншых дзяжаўных і прыватных аб’ектаў.

Цікавыя інтэпрэтацыі стылю мадэрн у духу народнага дойлідства мы знаходзім у розных аб’ектах. Напрыклад —праваслаўная Пакроўская царква ў вёсцы Асінагародак, Пастаўскага раёну, касцёлы ў вёсках Дайлідкі Смаргонскага і Руда Яворская Дзятлаўскага раёнаў, Свята-Троіцкая царква ў вёсцы Кіявец на Валожыншчыне ды інш.

У 1936 г. у Маладзечана, на тэрыторыі польскага вайсковага гарнізона быў пабудаваны касцьцёл Святога Язэпа у рэтраспектыўна-рэнесансным духу. Храм меў мураваныя калоны і паўкруглую апсіду, астатнія часткі былі зробленыя з дрэва.

Касцёлы ў духу “новага барока” паўсталi ў Солах, Пелішчы, Баранавiчах, Налібоках, Дарава, Ваверцы, Анжадова ды ў iншых мясцовасьцях.

Канструктывiзм пакiнуў заўважны след у архiтэктуры 1920–1930 гг., у канцы 1930-х г. дамiнiруючы ў грамадзянскiм будаўнiцтве. У рэчышчы канстуктывізму і функцыяналізму былі ўзведзеныя царква Раства Багародзіцы(1936),у вёсцы Явар, што на Дзятлаўшчыне, касцёлы ў Давыд-Гарадку Столінскага раёну, Антопалі Драгічанскага раёну, Нагорнае Клецкага раёну, у Любчы Навагрудскага раёну ды інш. Першыя вопыты канструктывізма ў Заходняй Беларусі звязаныя менавіта з будынкамі грамадзкага прызначэння (казармы ў Стаўбцах, Брэсце, Гродна, будынкі дзяржаўных установаў у Брэсце, Кобрыне, Пінску, Навагарадку, гарадзкі суд у Брэсце і г. д.). Другі шлях пранікнення канструктывізму – прыватныя замовы, якія атрымалі шырокае распаўсюджанне з сярэдзіны 30-х гадоў (прыватныя віллы, крамы, канторы, майстэрні, шматкватэрныя дамы ў Вільні, Гродна, Брэсце, Кобрыне, Пінске, Лідзе, Баранавічах, Маладзечна, Глыбокім ды інш.). Кансэрватызм большасці заказчыкаў, абмежаваныя сродкі (зрэшты, як і патрэбы) рашучым чынам паўплывалі на характар заходнебеларускага канструктывізма. Варыябельнасць канструкцыяў пасадзейнічала развіцьцю тыпа камфортнага асабняка, свабодна плянуемага ў мясцовасці, альбо нават стварэнню цэлых мікрараёнаў (яскравы прыклад – мікрараён прыватных дамоў для афіцэраў у Вільні на Антокалі, архіт. Л. Вітан-Дубейкаўскі). Адметныя рысы гэтае групы будынкаў можна назваць малапавехавасць (за выключэннем Вільні), развітасць па гарызанталі (углыб дзялак забудовы), моцна развітыя балконы, тэрасы ды інш.

4. Культавая архітэктура Заходняй Беларусі да 1939 г.

У Заходняй Беларусі да 1939 года дзейнічала 446 касцёлаў, 542 царквы, 387 сінагог, 14 манастыроў. Святарскую паслугу выконвала 617 каталіцкіх, 606 праваслаўных святароў, 293 рабіны, 17 мулаў. Цягам 1915-1940 гг., культавае дойлідства Заходняй Беларусі, як і архітэктура наогул, перажыла некалькі этапаў стылістычнай і тэхнічнай эвалюцыі.

Першы этап, што цягнуўся ад 1905-1907 гг., і лагічна і эвалюцыйна звязаны з агульнарасійскімі тэндэнцыямі, характарызуецца імклівым ростам колькасці сакральных пабудоваў у рэтраспэктыўным духу гістарызму. Гэты этап, што па інэрцыі цягнуўся да пачатку 1920-х гг., харатэрызуецца вялікай колькасцю аб’ектаў, пабудаваных у розных нэастылях – неагатычным, неарускім, неакласіцыстычным. Яскравымі прыкладамі гістарызму ёсць такія аб’екты, як касцёлы у в. Канвелішках і в.Пеляса Воранаўскага раёну,  Жукойні Жалядскія Астравецкага раёну, праваслаўная Свята-Крыжаўзьвіжанская царква ў в. Вялікая Лысіца, Нясвіжскага раёну, страверская Траецкая царква ў в. Кублішчы Мёрскага раёну і г.д..

Праваслаўнае дойлідства, ва ўмовах рэвіндыкацыі і прытока эмігрантаў з тэрыторый занятых савецкай уладаю, набыло адметныя рысы і атрымала рознастылёвую трактоўку. Цікавым прыкладам разглядаемай намі праблематыкі ёсць і храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў с. Мікалаева Іўеўскі р-н., што быў пабудаваны ў другой палове XIX стагоддзя з дрэва, згарэў у 1922 г. У 1923-1926 гадах на месцы згарэўшай царквы быў пабудаваны новы храм. У суседняй вёсцы Морына царква Тройцы Жываначальнай, пабудавана ў 1925 г., Мікалая Цудатворцы ў в. Вярховічы Камянецкага раёну, узведзеная ў 1933 г. у духу неакласіцызму з элементамі неаготыкі; Успенская царква ў вёсцы Казлоўшчына, Дзятлаўскга раёну,пабудаваная ў 1925 г.; Пакроўская царква ў в. Мікалаева, узведзеная паміж 1923 і 1926 гг. з псеўдарускімі элементамі, Свята-Крыжаўзвіжанская царква ў в. Вялікая Лысіца Нясвіжскага раёну; Траецкая царква старавераў у в. Кублішчы Міёрскага раёну і г.д..

З 1930-х гг. малапамернае культавае будаўніцтва рымска-каталіцкай царквы, пры дзяржаўнай падтрымцы, пераважна драўлянае, набыло масавы характар. У тыя часы, на тэрыторыі Заходняе Беларусі было ўзьведзена некалькі дзясяткаў драўляных касьцёлаў. Стылістычна будынкі гэтай пары характарызуюцца ўмоўна-рэтраспектыўнымі рысамі, з вялікім уплывам традыцыйных мясцовых будаўнічых прыёмаў. Цікавасьць уяўляе знойдзены мною праект Стэфана Нарэмбскага драўлянага касьцёлу ў Крэве. А таксама касьцёла ў Хаценьчыцах Вілейскага раёну. Яны мелі выразныя рысы “закапанскага” стылю.

Вялікую групу ппомнікаў складаюць касьцёлы, што будаваліся па тыпавых праектах для вайсковых гарнізонаў. Драўляны касьцёл Збвествавання Найсвяцейшай Дзеве Марыі у Ганцавічах быў пабудаваны ў 1934-1936 гадах, адначасна з драўляным касьцёлам у таамэйшым ваенным гарадку Людвікова, дзе мясціўся батальён памежнай аховы.

У старасьвецкай каталіцкай парафіі вёскі Гарадзілава, што сёння на тэрыторыі цяперашняга Маладзечанскага раёну быў пабудаваны драўляны гарнізонны касцёл ў 1923 г.. Драўляны, на бутавым мураваным падмурку, гарадзілавіцкі касцёл Сьвятой Ганны праіснаваў да сярэдзіны 1950-х гадоў, калі паводле загаду калгасных уладаў, быў зачынены і раскіданы.

Касьцёл Яна Хрысьціцеля ў мястэчку Гарадок, Маладзечанскага раёна, быў пабудаваны з дрэва ў 1930 г.  Храм уяўляў сабою падоўжаны ў плане прастакутны аб’ём, з пяціграннай апсідаю, абапал якой былі дзве, ніжэйшага аб’ему, сакрыстыі, і з трох’яруснай вежай-званіцаю над бабінцам пры ўваходзе. Агульны вобраз гэтага храма быў блізкі да тагачасных аналагаў – простае архітэктурнае рашэнне, што адлюстроўвала тутэйшыя народныя традыцыі і спосабы апрацоўкі дрэва.

Падобнае стылістычнае рашэнне атрымалі і іншыя храмы. Напрыклад – філіяльны касцёл 1930-х гг. мядзельскай парафіі ў вёсцы Юшкавічы, што ў Мядзельскім раёне.

     У 1915–1930-я гг. XX ст. у Заходняй Беларусі ўзводзіліся храмы розных канфэсіяў. Гэтак пабудаваны драўляныя стараверскія цэрквы ў мястэчку Відзы, у вёсках Акунёва, Кукляны, Мікалаёнцы, Астравішкі, Буеўшчына ў Мёрскім, Пастаўскім і Браслаўскім раёнах. Найбольш адметная з іх -- царква Святога Мікалая ў вёсцы Мікалаюнцы, што на Браслаўшчыне. У яе архітэктуры таксама адчуваецца ўплыў стылю мадэрн.       

Досыць актыўна пасля вайны ідзе аднаўленне і будаўніцтва новых татарскіх мячэцяў менавіта з дрэва. Мячэт у Ляхавічах былў разбураны ў вайну, але ў 1924 – 1928 гг. адноўлена на ахвяраванні фундацыйнага савета татар, якія эмігравалі ў Амерыку, віленскага муфція і егіпецкага караля. Мячэт у Мядзелі спалены ў гады вайны, быў адноўлены ў 1930 г. Старажытны мячэт у Міры, таксама спалены ў вайну, быў адноўлены ў рамантавалася ў 1925-1928 гадах. У 1926 г. адноўлены драўляны мячэт у Некрашунцах, спаленая ў верасні 1915 г. У 1924 – 1925 гг. пабудавана мячэць у Асмолава, пабудаваная майстрамі-габрэямі на ўзор драўляных сінагог. Мусульманскія малітоўныя дамы пабудаваны былі ў Докшыцах у 1925 – 1926 гг. і ў Глыбокім ў 1930 г.. 

Найбольш адметным будынкам сярод памянёнай групы аб’ектаў быў мячэт у Відзах. У 1923 г. мусульманская абшчына прыняла рашэнне аднавіць мячэць у Відзах. 15 чэрвеня 1934 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё новага будынка. Першую службу тут правёў віленскі муфцій Шынкевіч.Гэта быў просты нешаляваны зруб з двума прырубамі: квадратным у пляне прытворам і невялікім простакутнікам міхраба, нішы ў накірунку Каабы, ісламскае сьвятыні ў Мэкке. Над прытворам узвышалася шаляваная трох’ярусная вежа – мінарэт. Завяршаў вежу шпіль з паўмесяцам. Над вільчыкам, з супрацьлеглага боку, была пастаўленая дэкаратыўная вежачка, таксама завершаная паўмесяцам.

іл. Мячэць у Відзах, Браслаўскі павет, 1938 г.

ВЫСНОВЫ: Драўлянае дойлідства Заходняе Беларусі, што развівалася ва ўмовах паваеннага аднаўлення, як частка агульнапольскай архітэктуры, прайшла некалькі этапаў, ад масавага тыпавога дзяржаўнага будаўніцтва да прыватных паасобных праектаў. Галоўным матэрыялам, да 1930-х гг, было дрэва. Дзякуючы сваёй агульнай даступнасьці і таннасьці, наяўнасць кваліфікаваных рабочых кадраў будаўнікоў, менаваіта драўляныя канструкцыі сталі асноваю для фармаваньня рознастылёвых вобразаў будынкаў разнастайнага прызначэньня – ад гмінаў і школаў да храмаў. У міжваенны час адбылася ўнутраная эвалюцыя стыляў, што захапілі і практыку драўлянага будаўніцтва, ад гістарычных рэмінісцэнцый у дух неабарока і неарэнэсансу да канструктывізма. Перадусім, стылістычныя зьмены найярчэй увасобіліся ў культавым дойлідстве, даўшы шматлікія ўзоры храмаў розных канфэсіяў. Іх месца ў гісторыі беларускай архітэктуры найноўшага часу ўнікальнае, бо ва ўсходняй частцы Беларусі, у БССР, культавага будаўніцтва не вялося ўвогуле. Міжваенны час у Заходняй Беларусі быў эпохаю інтэнсіўнага міжкультурнага абмену з ішымі рэгіёнамі тагачаснае Польшчы, запазычваньня формаў і пашырэньня творчых патэнцыялаў.

На жаль, гэтая частка нашае культурных здабыткаў дасёньня ня лічыцца за гістрыка-культурнымі каштоўнасьцямі, а таму цэлы ансамблі і групы будынкаў прыходзяць у стан поўнае дэградацыі і імкліва разбураюцца. Выключэньнем тут ёсьць група помнікаў культавага дойлідзтва, што дасёньня выконваюць свае пачатковыя функцыі, а таму застаюцца каштоўнымі помнікамі тае эпохі.

Друкуецца паводле: Гістарычныя гарадскія ансамблі ў часы перамен.Праблемы. Выклікі.Шанцы. Варшава 2010, ISBN 978-83-940777-0-9 ;  с. 93-107.

Пры  выкарыстанні, спасылкі на аўтара і сайт-абавязковыя.


  1. Архітэктура Беларусі. - Мiнск, 1993. – С. 34, 67, 86.
  2. Vitan Kvetka. Liavon Vitan-Dubiajkoūski. - New York, 1954.- С. 5-7; 12-13
  3. Гліннік, В. Л. Вітан-Дубейкаўскі: старонкі бяграфіі / В. Гліннік // Строительство и архитектура Белоруссии. - №5. - 1991. -C. 40-44
  4. Збор помнiкаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. - Мiнск, 1984.
  5. Караткевіч, В.Б. Помнікі Слоніма / В.Б. Караткевiч, А.М. Кулагiн. - Мiнск, 1983. -C. 25, 35, 
  6. Kalamajska-Saeed Maria. Kościóły i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewуdztwa nowogrudzkiego.- Krakow, 2006. -C. 301-306
  7. Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы на Беларусі / А.М. Кулагiн. - Мiнск, 2000. -C. 103-104, 120
  8. Кулагін, А.М. Праваслаўныя храмы на Беларусі / А.М. Кулагiн. - Мiнск, 2002. -C.17-28
  9. Несцярчук, Л.М. Ахова гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі: Асноўныя этапы фарміравання, сучасны стан і перспектывы / Л.М.Несцярук. – Мінск: БЕЛТА, 2003. – 286 с.
  10. Wojciechowski, J. Historia powstania i rozwoju organizacji opieki państwowej nad zabytkami sztuki w Polsce / J. Wojciechowski // Ochrona Zabytkόw Sztuki.1930/31. – Zesz. 1-4. – S. 3 – 33.
  11. Orłowicz, M. Przewodnik ilustrowany po wojewόdztwie Białostockiem z ilustracjami, płanami i mapami – Białystok: Księgarnia Nauczycielska w Białymstoku, 1937. – 478 s.
  12. Lorentz, St. Konserwacja ruin zamkόw w Wileńszczyznie i Nowogrόdczyznie/St. Lorentz // Ochrona Zabytkόw Sztuki. – 1930/31. – Zesz. 1-4. – S. 161 – 180.
  13. Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці. Ф. 551, воп.1, спр. 2089.
  14. Wojciechowski, J. Co zrobiono w Polsce w zakresie odbudowy, restauracji i konserwacji zabytkόw sztuki w latach 1919 - 1929 / J. Wojciechowski // Ochrona Zabytkόw Sztuki. – 1930/31. – Zesz. 1-4. – S. 243 – 322.
  15. Лакотка, А.І. Драўлянае сакральна-манументальнае дойлідства Беларусі /А.І.Лакотка. – Мн.: Беларусь, 2003. – 224 с.
  16. Morozow, E. Modernizm w architekturze bialoruskiej lat 1920-1930 – cechy ogólnoeuropejskie i osobliwosci regionalne / E. Morozow // Modernizm w Europie -- Moderniym w Gdyni. Architektura lat miedzywojennych i jej ochrona: materialy Miedzynarodowej konferencji naukowej, 27-29 wrzesnia 2007 r. Gdynia, Polska / redaktor A.Baranowska. – Gdynia, 2009.
  17. Морозов, Е.В. Основные направления в архитектуре Западной Беларуси 20–30-х годов ХХ века / Е.В. Морозов // Архитектурные тетради: сб. науч. тр. / Белорус. нац. техни. ун-т. – Минск, 2004. – Вып. 1: Современные проблемы архитектуры и стратегия архитектурного образования. – С. 85–89.
  18. Budowa pomieszczeń dla Korpusu Ochrony Pogranicza i domów dla urzędników państwowych w województwach wschodnich. Z. 3 Warszawa : Ministerstwo Robót Publicznych 1925
  19. Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Ч. 1. Будслаўскі, Вілейскі і Мінскі дэканаты / Тэкст і фота А. Яроменкі. Уводзіны Ул. Трацэўскага, - Мн. "Про Хрысто"", 2003. - 256 с.
  20. Шамрук, А.С. Архитектура Западной Белоруссии: авангард и ар деко/А.С. Шамрук//Архитектура и строительство.-2008.№ 4.-С.72-75.
  21. Шамрук А.С. Стиль Ар Деко в архитектуре Западной Беларуси 1920-1930-х годов/А.С. Шамрук//Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 4/ Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка.-- Мінск: Права і эканоміка, 2008.-- С.74-79.
  22. Шамрук А.С. Архитектура Беларуси ХХ-начала ХХI в.:эволюция стилей и художественных концепций/А.С. Шамрук.-Минск: Белорус. Наука, 2007.-335 с.
  23. Шыдлоўскі, К. Архітэктурная спадчына Браслаўшчыны/Гісторыка-архітэктурны нарыс// К.С. Шыдлоўскі. Мінск, 1996
  24. Шыдлоўскі, К. Дзейнасць архітэктара Юліўша Клоса на Браслаўшчыне / К. Шыдлоўскi // Przeglad Wschodni. - t.VII - z.4(28), 2001,C. 28
  25. Харэўскі С. Архітэктура і рэлігійнае жыццё ў Заходняй Беларусі 1915 - 1939 гг. / С. Харэўскі//Працэсы ўрбанізацыі ў Беларусі: ХІХ - пачатак ХХІ ст. Зборнік навуковых артыкулаў. Гродна. ГрДУ імя Я.Купалы. 2010. C. 298
  26. Харэўскі С. Беларускі стыль y будаўніцтве 1921-1939 гг. (Лявон Вітан Дубейкаўскі)С. Харэўскі. // Bialoruskie Zeszyty Historyczne, Białystok. – 2002. – № 18. - s.206-213
  27. Харэўскі С. В. Культавая архітэктура Заходняй Беларусі//Искусствоведение/ Витебский государственный университет им. П.М.Машерова, Искусство и культура № 3(7) 2012. С.17-24.
  28. Харэўскі С. Сто твораў ХХ стагоддзя. Нарысы па гісторыі беларускага мастацтва найноўшага часу. Навук. рэд. Баразна М. Мінск: ЕГУ, Прапілеі, 2011.
  29. Харэўскі С.В. Стылістычныя асаблівасці храмавай архітэктуры Заходняй Беларусі 1915 - 1940 гг. // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / НАН Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры; навук. рэд. А.І. Лакотка. - Мінск, 2012. - Вып. 13. - С. 129-136.
  30. Харэўскi, С. В. Культавае дойлiдства Заходняй Беларусi 1915—1940 гг. — Вiльня: ЕГУ, Прапілеі, 2008. – с.104