Ракаў 60-х вачыма “цінейджара”

Павел Ляхновіч

 

Навуковае падарожжа, якое група экспертаў здзейсніла ў красавіку б.г., праходзіла па міншчыне і закранула містычны Ракаў. Пісьменнік - Павал Ляхновіч, які ўдзельнічаў у падарожжы, аздобіў нашу працу з фотафіксацыяй ды аскетычных памераў сваімі  сакавітымі апаведамі пра жыццё у Ракаве ў палове 60-х. Мінула некалькі месяцаў, і зараз маем радасць прадставіць чытачам першую частку ягонага апавядання...

 

 

На ракаўшчыну бацькі мяне прывезьлі шасьцігадовым. Мама ўладкавалася настаўніцай у Кіявецкую пачатковую школу, гэта Яршэвіцкі сельсавет, памежны з Ракаўскім, а тата ў сталічны млынкамбінат. Кіявецкая школа стала першай у мяне і маёй сястры.Паводле татавых аповядаў у ёй вучыўся і ён, і мой дзед, Пётрусь Ляхновіч, і магчыма прадзед Ляксандра і прапрадзед Домка. Так што мы з сястрой працягнулі традыцыю атрымоўваць адукацыю менавіта там.  Школа гэтая была разьмешчана на правым беразе безіменнага ручая, што цячэ празь Пятровічы, Кіявец, і ля Тупальшчыны злучае свае воды з Іслаччу. Зусім побач, на ўзгорку стаяла царква. Я памятаю, як у ёй служылі, гэта была першая ў маім жыцьці літургія.  Празь некалькі гадоў царкву уначы разграмілі, і ад Кіяўца ў бок Ракава ўздоўж шашы былі раськіданы выдраныя аркушы са Сьвятога Пісьма, якія зьбіралі, галосячы, кіявецкія і навінскія кабеты. З таго часу, здаецца, царква была зачынена. Зьехаў і кіявецкі бацюшка, зьвёз сына, Машыка, зь якім я сябраваў.

 Школка тая праіснавала яшчэ пару-тройку дзясяткаў гадоў, ужо ў якасьці бібліятэкі. А зараз на яе месцы стаіць шыкоўны катэдж. Здаецца той будынак на месцы нашай школы належыць прыходзкаму сьвятару. І царкву адрамантавалі і ажывілі.

  Жыла наша сям’я тады на дзедаўскім хутары ў двух сотнях метраў ад шашы на Івянец, на ўскрайку лесу “Казіна”, якраз пасярэдзіне паміж вёскамі Навіны і Мендыжэчы (зараз гэты тапанімічны паланізм зьліквідавалі, і былыя Мендыжэчы называюцца “Міжрэччам”). На той хутар дзед пераехаў з сям’ёю недзе ў канцы дваццатых – пачатку трыццатых гадоў, дакладней ня ведаю, а спытаць ужо няма ў каго. Купіў дзесяць дзесяцінаў зямлі, і кавалак лесу.

Тая частка, што была дзедава, у адрозьненьне ад “Казіны”, зь якім была адным цэлым, называлася “Бярэзьнік”. Потым здарыўся трыццаць дзявяты год, і дзеда ад ягонай зямлі “вызвалілі”. Тата мне малому некалькі разоў паказваў:“Глядзі, Паўлік, гэта наша зямля – вунь адтуль, да Францішкоўскай гары, уздоўж Казіны, ажно да дарогі…”

Тата вельмі любіў Коласаву “Новую Зямлю”, казаў – напісана нібыта пра сям’ю дзеда і бабулі.

 

Тата вельмі любіў Коласаву “Новую Зямлю”, казаў – напісана нібыта пра сям’ю дзеда і бабулі. Кожную суботу на зьмярканьні па шашы ў мінскім напрамку паўз наш хутар пачыналі ехаць фурманкі, узімку – запрэжаныя сані. Ехалі ўсю ноч. За імі брылі, мыкалі прывязаныя каровы, вішчэлі на калёсах сьвіньні, бляялі авечкі. Усё навакольле накіроўвалася ў Ракаў. На кірмаш.

Першае, што я памятаю пра Ракаў – гэта ракаўскі кірмаш. Не “рынак”, не “базар”, а менавіта кірмаш. Там ня толькі гандлявалі, людзі ішлі туды камунікаваць, гэта быў вялізны клуб па інтарэсах. Там я ўпершыню пакаштаваў марозіва, упершыню пастраляў у пнеўматычным ціры, напіўся квасу. Памятаецца, там было некалькі выязных дзяржаўных (а якіх яшчэ?!) крамаў, частка плошчы занята для гандлю быдлам, частка – “таўчок”, дзе прадавалі ўсё непатрэбнае – ад паношанай вопраткі да каваных бязьменаў. Прыкладнае ўяўленьне аб ракаўскі “таўчку” можна атрымаць, наведаўшы “Поле Цудаў” на ГЦ “Ждановічы”. Толькі гандлявалі у Ракаве з зямлі, і рэчы прадаваліся для ўжытку, а не для аматараў антыкварыяту. Ці гандлявалі садавінай-гароднінай – ня памятаю. Відаць не.

фота By невядомы  Ракаўскі кірмаш напачатку ХХ стагодзя. 1914.

Працаваць кірмаш пачынаў – ледзь-ледзь зашарэла, і заканчваў прыкладна гадзін у сем-восем. Гэта ўлетку. Ракаўцы, якія праспалі і спазьняліся, падвяргаліся кпінам аднавяскоўцаў. Недзе ў годзе 63-м бацькі атрымалі ў Ракаве дзялку і дазвол будавацца. Пабудова сваёй хаты цягнулася доўга, не хапала сродкаў. Але ўзімку 1968 году да дзедаўскага хутара пад’ехаў гусянічны трактар, “запрэжаны” вялізнымі санямі на палазах-бярвеньнях, мы пагрузілі на іх рэчы, прывязалі карову Маліну, і пераехалі жыць у Ракаў. Да таго часу я ўжо скончыў Кіявецкую пачатковую, і трэці год вучыўся ў Ракаўскай сярэдняй школе, быў сямікласьнікам. Хата наша (якая ўжо ня наша, пасьля сьмерці таты прыйшлося прадаць), стаіць па вуліцы Паштовай, 9, ў чатырох-пяці хвілінах хады да касьцёла, царквы, ці ракаўскага базару. Зараз гэта ўжо “базар”, а не кірмаш, хоць знаходзіцца на тым самым месцы – ля ўсходняй агарожы яўрэйскіх могілкаў.

 

Народны аркестр м.Ракаў. 70-я.

Вуліца Паштовая пачынаецца ля касьцёла, у пачатку яе стаяла на высокім падмурку пошта, а яшчэ ў тым жа будынку жыла сям’я Залётавых, сын якіх, Мікола, марыў стаць футбалістам. Пошта была знакамітая тым, што ў пачатку дваццатага стагоддзя туды прыйшоў ліст ад Льва Талстога, адказ некаму з ракаўцаў. Па нейкім дзіўным супадзеньні яна згарэла якраз тады, як я гасьцяваў у Ракаве (да таго часу куды толькі мяне не кідала доля, а тут прыехаў, начаваў у Аксакаўшчыне (алібі!) ў кватэры былой суседкі Валянціны Гапановіч і яе мужа Чупрыса Вячаслава, і той ночай пошта пайшла дымам).

Падмурак пошты. фота Т.Матыль 2016.

 

 

 

 

Ад былой пошты (ад падмурка, што застаўся пасьля пажару) вуліца Паштовая цягнецца паралельна Іслачы, потым заварачваецца градусаў на 80-90, і ўпіраецца ў яўрэйскія могілкі. Праз адну хату з намі жыў парах ракаўскай парафіі ксёндз Ян Такарскі. Нягледзячы на тое, што бацькі мае былі зусім не набожныя, а паміж нашай хатай і ксяндзовай жыла сям’я Коржыкавых, гаспадыня ў якой была даволі зацятая каталічка, прыязныя адносіны з айцом Янам склаліся менавіта ў маіх таты і мамы. Відаць сыграла ролю падобнае мінулае таты і а. Яна – абодва зусім нядаўна былі вязьнямі ГУЛАГу. Тата з 45-га па 52-гі валіў лес у тайзе ля Усьць-Кулома, Комі, ксёндз Такарскі – калі мяне не падводзіць памяць (чуў ад таты) – недзе таксама ў Комі АССР. Прыязнасьць у адносінах паміж бацькамі і а.Янам выявілася ў прыватнасьці тым фактам, што да майго 16-годдзя ксёндз, паклікаў маму і падараваў “для дзецко” шыкоўны скураны кашалёк, у ім шаснаццаць дзесяцірублёвак, і два бананы. Я ўпершыню бачыў бананы, бацькі таксама, і мы даволі доўга ня ведалі, як да іх падступіцца. Разабраліся. На тыя грошы - 160 рублёў, месячны заробак абодвух бацькоў! - мне набылі шарсьцяны спартовы, “майстарскі”, касьцюм нябесна-блакітнагна колеру зь белымі палоскамі на каўняры і манжэтах “майстаркі”. Як зараз кажуць – вельмі “круты”.Я бярог яго, і ён пратрымаўся ажно да 91 году, хоць апошні дзясятак гадоў “круцізну” страціў – зьмянілася спартовая мода.

Працяг будзе.