Рэха страчанай спадчыны альбо цяжкае становішча будынка сядзібы Юндзілаў

Будынак сядзібы Юндзілаў адносіцца да XVIII – пач. XIX ст. Помнік гісторыі класіцызму. З пачатку 19 стагоддзя маёнтак Івацэвічы належыў памешчыку Антонію Юндзілу. Да нашага часу захаваліся некаторыя пабудовы мінуўшчыны маёнтка Юндзілаў. У іх ліку адзін з карпусоў цэнтральнай раённай бальніцы. Яго будаўніцтва адносіцца да канца 18 стагоддзя. Гэты будынак мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці III катэгорыі. На месцы былога бровара Юндзілаў дзейнічае сучасны спірта-крухмальны завод.

З пачатку 19-га стагоддзя і аж да 1939-га года, г.зн. да далучэння Заходняй Беларусі да БССР, маёнтак і навакольныя яго землі належалі знакамітаму беларускаму роду Юндзілаў. У старадаўніх Метрыках Вялікага Княства Літоўскага, датаваных 1522-1552 гг., прозвішча Юндзілы сустракаецца ў некалькіх дакументах, пісаных Вялікім Князем Літоўскім і Каралём Польскім Жыгімонтам I Старым і якія тычацца непасрэдна аднаго з продкаў графа Юндзіла.

Вельмі прыгожы парк, які складаецца ў асноўным з лістоўніц і соснаў, акружаў маёнтак Юндзілаў у Івацэвічах. Такія ж ігольчатыя дрэвы раслі з фасаднага боку будынка. Апошняй гаспадыняй дома была старая - маці гаспадара маёнтка графа Антонія Юндзіла. Лёс старой графіні трагічны. У 1939г., калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР, графіня была выслана ў Сібір і сляды яе самой і дзяцей дзесьці згубіліся. Адразу пасля вайны будынак Юндзілаў быў прыстасаваны пад бальніцу.

Тэрапеўтычнае аддзяленне бальніцы праіснавала тут да 2009 года. На сённяшні час, будынак сядзібы Юндзілаў знаходзіцца ў “крэтычным” становішчы. Зараз гэты будынак выкарыстоўваюць пад склад непатрэбных рэчаў. Але, як бы дзіўным не гучала непатрэбным з’яўляецца сам будынак Юндзілаў. Час ідзе, але ніхто не робіць крокаў да захавання сваёй гісторыі. Толькі шыльда на будынку, нагадвае што гэта гісторыка-культурная каштоўнасць. Для мяне, як для гісторыка, вельмі цяжка і балюча гладзець як знікаюць помнікі гісторыі роднага краю.

Прыйдзе час і нам трэба будзе адказваць перад нашчадкамі, за нашу абыякавасць да гісторыі Бацькаўшчыны!

Аўтар: Вольга Дайлід

паводле: Народны Журналіст