СІНАГОГІ БЕЛАРУСІ

Тамара Матыль, архітэктар

Упершыню аседлае габрэйскае насельніцтва з'явілася ў Беларусі ў канцы XІV ст. у часы Вітаўта. Першыя габрэйскія абшчыны ўзніклі ў Берасці і Горадні. Інтэнсіўная міграцыя габрэяў у Беларусь адбылася ў XVІ ст. з Германіі праз Польшчу і паступова распаўсюдзілася да ўсходніх межаў ВКЛ. У гэты час габрэйскія паселішчы ператварыліся ў юрыдычныя абшчыны з кагальнай арганізацыяй. Першыя кагалы з'явіліся ў тых беларускіх гарадах, што мелі Магдэбургскае права. Кагал адказваў перад урадам і хрысціянскім насельніцтвам за ўсіх сябраў габрэйскай абшчыны. Ён плаціў падаткі, здзяйсняў суд у спрэчках паміж габрэямі, адказваў за будаўніцтва сінагог і малітоўных дамоў, а таксама ўтрымліваў могілкі.На тэрыторыі Беларусі існавалі таксама  духоўныя семінарыі  (Валожын, Магілеў) і талмудысцкая акадэмія (ешыва) у Міры.Спачатку сінагогі ў жыдоў ВКЛ былі драўлянымі. Адной з самых старажытных была сінагога XVІ ст. у Высокім на Брэстчыне. Захавалася яе замалёўка, зробленая прафесарам архітэктуры Варшаўскага ўніверсітэта Я.Клосам. Бажніца мае высокі трох'ярусны шатровы дах, які ўзвышаецца над асноўным аб'ёмам будынка. Вакол галоўнага памяшкання сінагогі збудаваны шматлікія аднапавярховыя прыбудовы, што таксама маюць спічастыя дахі.

Першыя мураваныя сінагогі ў Беларусі пабудаваны ў Берасці (1568 г.) і Горадні (1578 г.). У гэтыя часы найбольш пашыраным тыпам сінагогі быў рэнесансавы, прамакутны ў плане зальны аб'ём, перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. На пачатку XVІІ ст. склаўся новы тып сінагогі, што спалучаў рысы рэнесансу і барока (Стары Быхаў, Пінск, Наваградак).

У 1633 годзе кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў ІV Ваза дазволіў габрэям пабудаваць новую, мураваную сінагогу ў сталіцы ВКЛ Вільні (першапачатковая драўляная бажніца была ўзведзена ў гэтым горадзе пасля 1573 года). Гэта быў вялікі, амаль квадратны ў плане будынак. Асноўны аб'ём бажніцы - мужчынская зала (22,3 на 25 метраў) умяшчаў каля 3000 чалавек. З трох бакоў асноўная частка будынка была абкружана двухпавярховымі галерэямі. Прычым памяшканні для жанчын знаходзіліся ў паўночна-заходняй і паўночна-ўсходняй галерэях. Фасады і інтэр'еры віленскай сінагогі былі аздоблены ў рэнесансавым стылі. Невыпадкова, што віленская бажніца атрымала назву Вялікая сінагога.

У першай палове XVІІ ст. габрэі атрымліваюць падтрымку і мясцовай шляхты, асабліва буйной, якая мела патрэбу ў іхкапіталах і гандлёвыхсувязях з замежнымі рынкамі. Так, напрыклад, віцебскі староста Сангушка даў габрэям права пабудаваць сінагогу і адкрыць могілкі ў Віцебску. Колькасць драўляных сінагог значна ўзрастае і ў некаторых гарадах дасягае да 10 будынкаў.

У XVІІ ст. найбольш багатыя кагалы ў Беларусі атрымліваюць дазволы ад гарадскіх магістратаў на пабудову мураваных бажніц.

Адна з такіх бажніц узведзена ў сярэдзіне XVІІ ст. у гістарычным цэнтры Быхава ў стылі архітэктуры позняга рэнесансу. Унікальнасць гэтага збудавання ў тым, што яна прыстасавана да абароны і належыць да беларускіх інкастэляваных (абарончых) храмаў. Цэнтрычнае, амаль квадратнае ў плане (20 на 21 метр) памяшканне сінагогі мае на паўночна-заходнім рагу круглую баявую вежу і дэкаратыўна-абарончы атык з байніцамі, якія пазней замуравалі. Бажніца мае невысокі чатырохспадавы дах, што таксама прадыктавана ўмовай абарончага характару. Дэкор аздаблення фасадаў вельмі стрыманы. Гэта простыя гзымсы над вокнамі і неглыбокія прамакутныя нішы на фасадах. У інтэр'еры галоўнае месца займае двух'ярусная трыбуна - біма, вакол якой стаяць чатыры васьмігранныя цагляныя слупы, злучаныя паміж сабою аркамі. Будынак перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, якія па кутках пераходзяць у крыжовыя скляпенні. Алтар-ніша знаходзіцца ў цэнтры ўсходняй сцяны і аздоблены стукавай лепкай.

У 1642 годзе ў гістарычным цэнтры Слоніма таксама была ўзведзена мураваная сінагога ў стылі архітэктуры барока. Кампактны будынак мае выгляд базілікі з квадратным у плане аб'ёмам, да якога з трох бакоў дастасоўваюцца больш нізкія аб'ёмы дапаможных памяшканняў. Бажніца пакрыта двухспадавым дахам. Галоўны фасад мае франтон складанага пластычнага абрысу і аздоблены рознымі дэкаратыўнымі дэталямі. Цэнтральная зала перакрыта складанай сістэмай скляпенняў і мае ў сярэдзіне чатыры слупы вакол бімы.

У XVІІ ст. збудавана першая мураваная сінагога Менска. Гэты невялікі па аб'ёму будынак доўгі час быў адной з самых старых мураваных пабудоў у горадзе. Некаторыя даследнікі лічаць, што спачатку гэта была капліца Петрапаўлаўскага манастыра. Аднак да XІX ст. бажніца належала габрэйскай абшчыне, знаходзілася на вуліцы Школьнай і атрымаланазву Халодная сінагога. У 1965-1966 гг. пад час разбурэння гістарычнай забудовы вуліцы Нямігі будынак сінагогі быў знішчаны.

У канцы XІX ст. па вуліцы Серпухаўскай у Менску была пабудавана галоўная (харальная) сінагога, якая пасля апошняй вайны прыстасавана пад Рускі драматычны тэатр.

Харальная сінагога ў Менску. Фота пачатку ХХ ст.

Адным з самых значных цэнтраў габрэйскай культуры на пачатку XX ст. стаў Магілеў. Тут было 45 хедэраў (спецыяльных навучальных устаноў), адна рамесная вучэльня, талмуд-тора, адзін ешыбот і 38 сінагог і малітоўных дамоў. Да нашых дзён у Магілеве захаваўся будынак адной з мураваных сінагог, у якой зараз, па іроніі лёсу, знаходзіцца школа боксу.

Шмат сінагог, як драўляных, так і мураваных было ў гэты час і ў невялікіх беларускіх гарадах і мястэчках. Так, напрыклад, у Мсціславе ў 1844 годзе на 3696 габрэяў – гарадскіхжыхароў прыходзілася адна сінагога і восем малітоўных дамоў. У 1898 годзе ў будаўнічы аддзел Магілеўскага губернскага праўлення было пададзена восем праектаў на пабудову новых габрэйскіх малітоўных школ у Мсціславе. У 1890-1892 гг. тут узводзіцца першы будынак мураванай сінагогі, які дайшоў да нашых дзён у вельмі пашкоджаным выглядзе. Шмат фотаздымкаў драўляных сінагог на тэрыторыі Заходняй Беларусіпакінула нам Таварыства аматараў навукі, што існавала ў 20-30-я гады нашага стагоддзя ў Вільні.

Пасля 1917 года практычна ўсе сінагогі ў БССР былі зачынены. Шмат будынкаў, асабліва драўляных, было знішчана, мураваныя ж перарабляліся пад гаспадарчыя або культурныя патрэбы.

У часы апошняй вайны моцна пацярпелі і сінагогі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якія дзейнічалі па прамому прызначэнню да 1939 года.

У пасляваенныя гады некаторыя будынкі сінагог былі пастаўлены на дзяржаўную ахову як помнікі архітэктуры і іх пачалі вывучаць гісторыкі і архітэктары.

Паводле матэрыялаў:

1. А. Трусаў “Сінагогі Беларусі”

2. http://knihi.com/Aleh_Trusau/Bielaruskija_sinahohi.html

3. А. Лакотка “ Архитектура европейских синагог”, Мн.,Ураджай, 2002

СІНАГОГІ БЕЛАРУСІ