З гісторыі яўрэйскіх могілак Брэста ў першай палове ХІХ ст. (паводле архіўных і мемуарных крыніц)

З гісторыі яўрэйскіх могілак Брэста ў першай палове ХІХ ст. (паводле архіўных і мемуарных крыніц)

Беларусы і яўрэі былі самымі шматлікімі народамі поліэтнічнага беларуска-літоўскага рэгіёна Расійскай імперыі. Паводле перапісу насельніцтва 1897 года яўрэі былі на другім месцы па колькасці пасля беларусаў сярод народаў, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь. Яны складалі 14 % (каля 1 млн. чалавек) сярод усяго цывільнага насельніцтва рэгіёна[1]. Удзельная вага яўрэяў сярод гарадскога насельніцтва складала 53, 5 %[2]. Беларусь мела найбольшую шчыльнасць яўрэйскага насельніцтва ў свеце яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя.

Натуральна, што такія аб’екты матэрыяльнай культуры яўрэйскага народа, як сінагогі ды могілкі сталі неад’емным элементам культурнага ландшафту беларускіх гарадоў, пачынаючы з сярэднявечча. І сёння ў шэрагу гарадоў і былых мястэчак Беларусі самабытная яўрэйская традыцыя застыла ў архітэктурных формах надмагілляў  і сінагог.

Тытульны аркуш 1622 справы 378 фонда Віленскага генерал-губернатара ў Літоўскім Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы. Фота аўтара

Крыніцамі дадзенага даследавання, прысвечанага гісторыі яўрэйскіх могілак Брэста ў першай палове ХІХ ст., сталі дакументальныя матэрыялы з гістарычных архіваў Вільні і Гродна, а таксама мемуарная літаратура. Галоўнае месца сярод  дакументальных кныніц займае выяўлены ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве ў фондзе канцылярыі віленскага генерал-губернатара цікавы дакумент пад назвай: “Дело о переносе из старого Брест-Литовского еврейского кладбища мертвых тел на вновь отведенное место”[3]. Перапіска паміж чыноўнікамі Вільні, Гродна і Брэста па гэтай справе цягнулася з 12 лютага па 31 мая 1837 г.

   Істотна дапаўняюць звесткі з гэтага дакумента мемуары Паліны Вянгеравай (Эпштэйн), дзе апісваецца жыццё трох пакаленняў яўрэйства “мяжы аселасці” ХІХ ст. Яны прысвечаныя жыццю яўрэйскай сям’і (у Бабруйску, Брэсце, мястэчку Каноп) з падрабязнасцямі «гісторыі штодзённасці». Успаміны Паліны Вянгеравай апублікаваныя ў перакладзе з нямецкай мовы яе ўнучатай пляменніцай Элай Вянгеравай[4].

Аўтарка кнігі "Успаміны маёй бабулі-Паліны Венгеравай"-Эла Венгерава

Даследуемая намі праблема, звязаная з руйнаваннем старога Брэста, у тым ліку і яўрэйскіх могілак, у сувязі з будаўніцтвам крэпасці, знайшла адлюстраванне на дзесяці старонках гэтага мемуарнага твора.

Статыстыка яўрэйскага насельніцтва, сінагог і малітоўных школ Брэста ды іншыя звесткі ўзятыя з даследавання Вольгі Сабалеўскай, прысвечанага паўсядзённаму жыццю яўрэяў Брэста ў першай палове XIX ст.[5]

Брэст на працягу канца XVIII – першай паловы XIX стагоддзя прадэманстраваў фенаменальны рост колькасці жыхароў: з 1624 чал. у 1796 г. да 20943 чал. у 1861 г.[6]  Узрастала і “яўрэйская прысутнасць” у Брэсце. Да пачатку 1840-х гадоў яўрэі (іўдзеі) склалі абсалютную большасць жыхароў горада, пераважаючы па колькасці хрысціян ў сярэднім у тры разы. Паводле дадзеных канцылярыі гродзенскага губернатара ў 1821 г. да іўдзейскай канфесійнай групы належала каля 78 % гараджан, у 1826 г. – каля 89 %, у 1840 г. – каля 82 %.

Размяшчэнне старых і новых могілак на тэрыторыі горада. Фрагмент плана “ Окрестности крепости Брест Литовска в 1853 г.»Zbior pomiarów ZA RW, N.U-I-128. Апр.І.Лаўроўскай.

Будаўніцтва Брэсцкай крэпасці змяніла суадносіны яўрэйскага і хрысціянскага насельніцтва на карысць апошніх за кошт пераважна хрысціянскага асабовага складу гарнізона. На 1848 г. тут налічвалася 10120 яўрэяў абодвух палоў (43 % ад агульнай колькасці гараджан), на 1852 г. – 9438 (50 %), на 1855 г. – 9856 (48 %)[7].

Рэвізскія сказкі 1807 г. раскрываюць саслоўны склад яўрэйскага насельніцтва. У Брэсце сярод яўрэяў мужчынскага полу зафіксаваныя 10 купцоў, 160 рамеснікаў і фабрыкантаў, 315 земляробаў і 820 мяшчан. “Карысныя” гарадскія і местачковыя яўрэі трапілі ў склад купцоў, фабрыкантаў і рамеснікаў. Разгарнулася палітыка па “асяляньванню” яўрэяў, у працэсе якой было створана саслоўе земляробаў. Гарадскія нізы, стомленыя галечай і штодзённай барацьбой за выжыванне, першапачаткова даволі актыўна выказвалі жаданне перасяліцца на казённыя і памешчыцкія землі, скарыстаўшы з прапанаваных урадам ільгот. Гэтым тлумачыцца вялікая колькасць “земляробаў” сярод яўрэяў Брэста ў 1807 г. Яны не займаліся сельскай гаспадаркай у гарадской мяжы, а чакалі перасялення на вёску. У склад “некарысных” была занесена большая частка мяшчан і тыя, хто насуперак забароне жылі на вёсцы, але займаліся не сельскай гаспадаркай, а арэндай і вырабам алкаголю. Іх, а таксама тых, хто наўмысна не быў запісаны ў рэвізскія сказкі, назбіраў вялікую запазычанасць па падатках, не меў стабільнага заробку, а таму “займаўся фактарствам, бадзяннем і сачыненнем паклёпніцкіх прашэнняў”, вырашана было накіроўваць у працоўную роту Брэсцкай крэпасці. На думку ўладаў, такая мера спрыяла выпраўленню распаўсюджаных сярод яўрэяў заган[8].

Вельмі цікавую характарыстыку стаўлення яўрэяў Брэста да расійскіх уладаў утрымлівае дакумент з фонда канцылярыі гродзенскага губернатара:  “Сярод яўрэяў Брэст-Літоўска няма ніводнага, хто быў бы вядомы асаблівай адданасцю ўраду альбо даваў бы падставы падазраваць сябе ў якіх-небудзь недабразычлівых ці варожых намерах. Падчас польскага мецяжу 1830-1831 гг. ні адзін з іх не вылучыўся нейкім учынкам, які заслугоўваў бы пахвалы, важкім даносам ці ахвяраваннем. Але, з другога боку, сярод іх не было таксама ніводнага, хто прымаў бы ўдзел у хваляваннях, якія тады адбываліся”[9]. Такім чынам, яўрэі Брэста мудра трымаліся нейтралітэту.

Колькасць сінагог і малітоўных дамоў у Брэсце ўвесь час мянялася.  У 1841 г., перад пачаткам ліквідацыі яўрэйскай нерухомасці на тэрыторыі, дзе павінна была размясціцца крэпасць, яўрэйскай абшчыне, у якой на той момант налічвалася 822 яўрэйскіх дамоў, належалі сінагога і 12 малітоўных школ: у самім горадзе знаходзіліся будынкі сінагогі і 11 малітоўных школ, яшчэ адзін бес-мідраш узвышаўся на Кобрынскім фарштаце. Пасля зносу яўрэйскіх дамоў у 1842 г. колькасць малітоўных устаноў скарацілася да 5 мураваных і 3 драўляных, але абшчына тут жа парупілася аб пачатку будаўніцтва малітоўных школ на новым месцы жыхарства. У 1843 г. налічвалася 1 сінагога і 18 малітоўных школ на 8147 чалавек яўрэйскага насельніцтва. У 1848 г. гарадскія ўлады ўхвалілі ўзвядзенне на грамадскі кошт новай галоўнай мураванай сінагогі на Кобрынскім фарштаце. Яе будаўніцтва працягвалася да 1854 г. У 1855 г. па афіцыйных звестках у Брэсце налічвалася 1 сінагога і 16 малітоўных школ[10].

Яўрэйская абшчына Брэста вельмі моцна пацярпела ў выніку будаўніцтва крэпасці. Гэту падзею варта разглядаць у агульным рэчышчы палітыкі царызму, накіраванай на планамернае вынішчэнне тутэйшай ідэнтычнасці, што праявілася сярод іншага і ў разбурэнні мясцовага каларыту старых ліцвінска-беларускіх гарадскіх цэнтраў. Падчас непазбежнай мадэрнізацыі гарадоў знішчаліся ратушы (так, у 1857 г. быў знесены будынак ратушы ў Мінску), руйнаваліся альбо перабудоўваліся да непазнавальнасці старажытныя каталіцкія святыні (у 1896 – 1898 гг. была перабудаваная ў псеўдарускім стылі “Фара Вітаўта” у Гродне), змяняліся функцыі старых ансамбляў (комплекс езуіцкага кляштара ў Гродне быў ператвораны ў турму). З мэтай стварэння магутнай крэпасці на заходніх рубяжах Расійскай імперыі ў 1830-я гг. поўнасцю быў знішчаны сярэдневяковы Брэст, багаты архітэктурнымі каштоўнасцямі (старажытны замак, 10 каталіцкіх і ўніяцкіх храмаў, гандлёвая плошча з ратушай, палацам князя Чартарыйскага і іншымі будынкамі). На гэтых прыкладах бачна, як у царскія часы закладваліся асноўныя прынцыпы каланіяльнай горадабудаўнічай практыкі ў Беларусі: гвалтоўная змена функцыяў старых ансамбляў, брутальнае разбурэнне важных у духоўным і гістарычным сэнсах аб’ектаў, наўмыснае стварэнне эстэтычнага канфлікту праз радыкальную стылістычную змену альбо пабудову чужародных і несумаштабных аб’ектаў у традыцыйным высокамастацкім асяроддзі[11].

У 1836 г. Брэст наведаў імператар Мікалай I у суправаджэнні сына, будучага цара Аляксандра II. Прычынай цікаўнасці да правінцыйнага Брэста было заснаванне тут магутнай крэпасці. Яе пабудова павінна была ажыццявіцца на месцы старога горада. Для яўрэйскай супольнасці, якая пераважна і насяляла цэнтральны раён, гэтая катастрофа была ўвасабленнем разбурэння Іерусаліма. 14 чэрвеня 1841 г. ваенны міністр загадаў абавязаць яўрэяў, нерухомасць якіх аказалася на тэрыторыі будучай крэпасці, перанесці свае дамы на новы фарштат альбо прадаць іх хрысціянам. У “чорным спісе” апынуліся 314 дамоў, з іх 46 мураваных і 268 драўляных. Пад знос трапілі 13 грамадскіх будынкаў: 9 сінагог і малітоўных дамоў, рэзня, рытуальная лазня (міква), 2 шпіталя[12].

За некалькі месяцаў быў разбураны ўвесь звычайны лад паўсядзённага жыцця, людзі прымусова былі сагнаны з месцаў, дзе жылі іх дзяды і прадзеды. Дзяржава абяцала па справядлівасці кампенсаваць насельніцтву кошт страчанай маёмасці. “Справядлівасць” абярнулася разарэннем нават для заможных: пад знос трапілі і дамы, і прадпрыемствы. Што ўжо казаць пра самых бедных. Іх старыя хаціны, якія нахіліліся ад старасці і каштавалі капейкі, ніхто не жадаў набываць, а перанесці хаты на новае месца было немагчыма з-за дрэннага фізічнага стану. Сродкаў для будаўніцтва дамоў на закладзеным на новым месцы фарштаце не хапала. З агульнага ліку гаспадароў нерухомасці, якая павінна была быць ліквідавана, больш-менш заможнымі былі толькі 95, а 206 фактычна былі жабракамі. Праца камісіі па вызначэнню кампенсацый суправаджалася інтрыгамі і скаргамі ў сталіцу. У выніку жыхарам пад пагрозай штрафу было загадана самім знесці дамы і перасяліцца за свой кошт. Не было і гаворкі пра ўзвядзенне ў такі кароткі тэрмін новых сядзіб. Дамы змаглі зняць толькі тыя, хто меў капітал – каля чвэрці насельнікаў старога Брэста. Царскія чыноўнікі цынічна заўважалі, што мэтай выдачы матэрыяльнай дапамогі ад дзяржавы за знесеныя дамы павінна быць не павышэнне дабрабыту гаспадароў і спроба падняць іх з поўнай галечы, а толькі кампенсацыя за згубленую маёмасць. Па вельмі сціплых падліках членаў камісіі, мінімальны памер выплаты павінен быў дасягнуць 100-120 рублёў. Але і гэтага зроблена не было. За ўсе крамы і дамы да 1848 г. было выдадзена са скарбу 15917 рублёў 50 капеек. Атрымліваецца, што ў сярэднім на кожны аб’ект прыходзілася 37 рублёў 40 капеек. За гэтыя грошы не толькі набыць, але і зняць жытло для сям’і было немагчыма. Расследаванне па справе кампенсацый цягнулася 15 год. У сярэдзіне 1850-х вымушаным перасяленцам выдалі больш-менш значныя сумы, але не ўсе змаглі дачакацца справядлівасці. Хтосьці памёр, хтосьці стаў жабраком, некаторыя з’ехалі ў эміграцыю[13].

Паліна Вянгерава апісала ва ўспамінах, што значыла будаўніцтва крэпасці для гараджан і для яе сям’і: “Эта новость повергла всех в ужас. В души горожан закралось предчувствие полного разорения. Для моих родителей проект возведения крепости означал катастрофу, потому что сносу подлежал не только наш прекрасный дом, но и большой кирпичный завод в двух верстах от города… Через 15 лет бесконечных тяжб отец получил от правительства крупную сумму в качестве возмещения за недвижимое имущество. Но он был уже отошедшим от дел стариком и настоящим затворником – ученым, чья деятельность могла быть плодотворной только в его кабинете, где он проводил свои дни над фолиантами Талмуда. Можно было, пожалуй, взять еще несколько заказов для строительства крепости. Но отец был как дерево, вырванное с корнем из родной земли. Оно больше не плодоносит»[14].  

Як адбываўся перанос старых яўрэйскіх могілак Брэста на новае месца, можна ўявіць на аснове дакумента “Дело о переносе из старого Брест-Литовского еврейского кладбища мертвых тел на вновь отведенное место”[15]. Гэты дакумент утрымлівае наступную інфармацыю.

У 1833 г. пры будаўніцтве Кобрынскага ўмацавання былі раскапаныя і перанесеныя могілкі, дзе былі пахаваныя памерлыя ад халеры. Ніякіх негатыўных наступстваў пасля таго, як былі вырытыя целы, не было.

У пачатку 1837 г. на старых могілках было каля 3000 магіл, у тым ліку шмат “халерных”, на гэтых могілках ужо тры гады як не хавалі памерлых з-за адсутнасці месца.

Старыя могілкі знаходзіліся за трынітарскай пабудовай па Беластоцкай дарозе ў адлегласці 5 вёрстаў (1 вярста  = 1066 м) ад новазакладзеных могілак.  Перанос павінен адбывацца праз доўгую вуліцу Войтавую за валамі. Гродзенскі губернатар прапаноўваў не пераносіць магілы са старых на новыя могілкі, а пакінуць: частка магіл патрапіць пад валы і не будзе разрытая, а частку можна перапахаваць тут жа – падалей ад месца будаўніцтва.

Начальнік інжынераў Галоўнага Штаба арміі паведамляў 27 сакавіка 1837 г. з Варшавы ў Вільню, што тая частка старых могілак, дзе былі пахаваныя памерлыя ад халеры ў 1831 г., ужо патрапіла пад узведзены ў тым месцы вал, астатнюю частку могілак, на якой халерных не хавалі, неабходна будзе здымаць да 6 футаў (1 фут каля 0,3 м), працы пачнуцца з 1838 г. 

Брэсцкі паліцмайсцер даносіў, што Брэсцкі кагал згаджаецца прыняць выдаткі, якія патрабуюцца для пераносу астанкаў мёртвых целаў, і просіць дазволу для пачатку гэтай справы.

Гродзенская ўрачэбная ўправа прадпісала выконваць наступныя правілы:

  • Пры ўсім працэсе пераносу павінны прысутнічаць два добранадзейных чыноўніка для кантролю па выкананні правіл;
  • Нельга адкрываць адразу некалькі трунаў – толькі паступова па адной;
  • У выпадку, калі пасля адкрыцця труны будзе смурод – заліваць вапнай пакуль ён не знікне;
  • Калі застануцца адныя косткі без цела – то вымаць іх і складваць у прыгатаваную скрыню для перавозу;
  • Калі целы яшчэ зусім не згнілі – то спальваць іх ноччу ў час вятроў, якія дуюць не ў бок горада;
  • Скрыні для перавозкі касцей павінны быць шчыльнымі з накрыўкамі; пасля загрузкі касцей скрыні паліць вапнаю і закрыць; перавозіць ноччу;
  • Перад пачаткам перавозкі падрыхтаваць на новых могілках ямы, каб адразу закопваць скрыні.

Рэкамендавалася пачаць перанос могілак на новае месца восенню 1837 г. да наступлення халадоў.

Успаміны Паліны Вянгеравай апісваюць непасрэдна працэдуру пераносу магілаў на новае месца. “Еврейская община Бреста с ужасом и возмущением услышала о том, что земля, у которой много веков покоились останки многих тысяч людей, будет использована под проектируемые крепостные сооружения и что старое место захоронения со всеми памятниками будет снесено. Если разрушение старого Бреста означало для всех разорение, то весть об осквернении могил прямо-таки разрушительно подействовало на состояние умов. Все усилия, все прошения, все мольбы оставить мертвых в покое оказались тщетными. Власти остались неумолимыми, как судьба, и приказали очистить кладбище. Асе еврейское население во главе с раввином реб Л.Каценеленбогеном неустанно молилось и постилось. Ничто не помогло. В конце концов пришлось подчиниться жестокому приказу”[16].

У вызначаны дзень (гэта быў панядзелак) уся яўрэйская абшчына – маладыя і старыя, багатыя і бедныя – пасціліся. Пасля таго, як ўсе, жанчыны і мужчыны, на досвітку прыйшлі ў сінагогу, дзе адбыўся малебен, быў прачытаны урывак з Торы, натоўп рушыў на могілкі. Там калектыўная малітва паўтарылася. Яўрэі прасілі прабачэння ў памерлых, як гэта робіцца на пахаванні, а потым прыступілі да працы. Адно з самых страшных пракляццяў у яўрэяў: “Хай зямля выкіне твае косткі”. І вось усе ўбачылі, што яно можа ажыццявіцца ва ўсёй сваёй жудаснай канкрэтнасці. Прах клалі ў загадзя пашытыя мяшэчкі з шэрага палатна, перавязвалі вяроўкамі і складвалі на вазы, затым пакрывалі чорнымі хусткамі. У працы прымалі ўдзел усе, і усе разам плакалі над апаганенымі магіламі: “Эта процедура глубоко потрясла людей. Здесь не одна семья горевала о своих ближних, но целый народ скорбел о своих оскверненных мертвых”[17].

Ізноў прагучала малітва, кантар прапеў кадзіш (памінальную малітву), і працэсія зрушыла з месца. Многія ў знак пакаяння ішлі са Старога горада ў Новы басанож. Картэж суправаджалі салдаты з ружжамі, ганаровая варта, якую прыслалі ўлады. Многія баяліся, што нябёсы пакараюць горад хваробамі: сярод нябожчыкаў было многа памерлых падчас эпідэмій. На новым месцы каля вёскі Бярозаўкі мяшэчкі з прахам невядомых былі пакладзены ў агульнай магіле, іншых чакалі асобныя пахаванні, накрытыя плітамі са старых могілак. Масавае пахаванне закончылася ў прыцемках. Натоўп моўчкі разышоўся. “Вечером у нас в доме царила скорбь, – успамінала П.Вянгерава, – на моих родителей этот день произвел тяжелое впечатление. Они были потрясены до глубины души, молчаливы и замкнуты. Никто не произнес ни слова, ни звука. Все размышляли о смерти и бренности земной жизни. В этот день город Брест мог насчитать много святых, забывших обо всем земном, ибо они постигли бренность земной жизни… Этот тяжкий день парализовал кипучую энергию моего дорогого отца. В сущности, он никогда не оправился от жестогого удара, вырвавшего его из привычной колеи»[18].

Яўрэйская абшчына Брэста, нягледзячы на цяжкія выпрабаванні, працягвала развівацца, што ілюструюць статыстычныя дадзеныя. Паводле звестак на 1867 г. у Брэсце было 2 сінагогі, 29 малітоўных дамоў; рабін – Аўсей Надзель; могілкі былі падзеленыя на 5 разрадаў з уплатаю грошай (за пахаванне) за 1 разрад – 50 руб., 2 разрад – 30 руб., 3 разрад – 15 руб., 4 разрад – 5 руб., 5 разрад – бясплатна[19]. Паводле перапісу 1897 г. у горадзе налічвалася 46 586 жыхароў, з іх 30 608 яўрэяў (65,8 %).

У пачатку ХХ ст. на яўрэйскіх могілках Брэста можна было яшчэ расчытаць эпітафіі старадаўніх мацэваў (надмагільных плітаў), перанесеных са старых могілак. Прыклады некаторых з іх прыводзяцца на старонках мемуараў Паліны Вянгеравай: “Еще и сегодня можно прочесть эпитафии на еврейском, высеченные в камне несколько столетий назад. Вот как звучит в переводе эпитафия раввина Авраама Каценеленбогена: «Здесь покоится великий рабби, наш гаон и учитель Авраам, сын Давида, бывшего раввином в Бресте. Умер в 1742 г.». На другом надгробии читаем: «Отворите двери и впустите праведника! Здесь покоится знасенитый гаон, усопший Йосеф, сын Авраама, да будет благословенна его память. Да будет принята его душа в царство Вечно живущего!» Дата смерти стерлась от времени. И вот еще одна надпись: «Здесь покоится чрезвычайно добродетельный рабби и проповедник, наш учитель и наставник, Моисей, сын Киве, скончался в понедельник, накануне Йом-Кипура в лето после сотворения мира 5591. Он ушел туда, где свет его мудрости будет светить вечно… Он говорит с нами в своих трудах и продолжает жить после своей смерти… Благоухание его языка, подобного богатому цветнику, непреходяще»[20].

Выявы мацэваў з могілак Брэста пачатку ХХ ст. захаваліся на старых фотаздымках. Іх можа пабачыць на сайце, прысвечаным могілкам Беларусі[21], а таксама ў кнізе Артура Леві[22].

Перад пачаткам Другой сусветнай вайны яўрэйскія могілкі Брэста займалі тэрыторыю ў 7 гектараў. Могілкі, у адрозненне ад брэсцкай яўрэйскай абшчыны, перажылі Халакост. Яны пачалі актыўна знішчацца з другой паловы 1940-х гадоў. У 1970-я гады рэшткі могілак канчаткова ліквідавалі падчас будаўніцтва стадыёна “Лакаматыў”.  У 1990-я гады, калі пачалася рэканструкцыя гістарычнага цэнтра Брэста, з-пад асфальту яго вуліц назбіралі больш за тысячу мацэваў, якія захоўваюцца ў адным з казематаў крэпасці. Існуе праект стварэння лапідарыя – своеасаблівага музея надмагільных пліт і помнік яўрэям Брэста.

Надзвычай важна захаваць на нашай зямлі сляды амаль зніклай самабытнай цывілізацыі беларускіх яўрэяў. Вельмі трапна напісаў супрацоўнік Нью-Йоркскага “Цэнтру яўрэйскай гісторыі” Віталь Зайка: “Цудоўная каляровая экзатычная птушка заляцела калісьці пад нашу беларускую шэрую страху. Яна прамаўляла штосьці сваё, а мы, беларускія людзі, кідалі ў яе каменнем. Гэтая птушка даўно ўжо паляцела прэч, і толькі цяпер здолелі разабраць ейныя словы. Птушка гэтая – яўрэйская культура. Яна яшчэ абавязкова вернецца, забыўшыся на старыя крыўды, каб дапамагчы беларусам дыверсіфікаваць сваю культуру, пераадолець гравітацыю расійскай культуры, увесьці ў культурны зварот новыя імёны і канцэпты”[23].

Друкуецца паводле  Іна Соркіна. Архіўныя крыніцы ды ўспаміны пра жыдоўскія могілкі Берасьця з першай паловы ХІХ ст.  "Гістарычныя гарадскія ансамблі  у перыяд перамен. Праблемы.Выклікі Шанцы" Варшава 2014 г., с.36-44 
Спасылка на крыніцу абавязкова.

[1] Іофе Э. Яўрэі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 2. Минск, 2003. С. 310. [2] Падлічана па звестках: Первая всеобщая перепись населения Роcсийской империи 1897 г. – СПб., 1903. – Т. ІV. Віленская губерния; Т. V. Витебская губерния; Т. XI. Гродненская губерния; Т. XXII. Минская губерния; Т. XXIII. Могилевская губерния.[3] Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў (далей ЛДГА). Ф. 378, агульны аддзел. 1837 год. Адзінка захавання 1622. [4] Венгерова П. Воспоминания бабушки. Иерусалим – Москва, 2003.[5] Сабалеўская В. “Як сьлімак у шкарлупіне”: культура паўсядзённага жыцця берасцейскіх яўрэяў у першай палове XIX стагоддзя // Arche. 2011. № 3. С. 270-300.  6] Шыбека, З.В., Соркіна, І.В. Працэсы урбанізацыі ў заходнім рэгіёне Беларусі ў ХІХ – пачатку ХХ ст. // З.В.Шыбека, І.В.Соркіна // Веснік ГрДУ. Серыя 1. Гісторыя, філасофія, паліталогія, сацыялогія. – № 3 (101). – 2010. – С. 53 – 59. [7] Сабалеўская В. “Як сьлімак у шкарлупіне”…[8] Сабалеўская В. “Як сьлімак у шкарлупіне”… [9] Там сама.[10] Там сама. [11] Харэўскі С. Два стагоддзі руйнавання Горадні // Горад святога Губерта. Краязнаўчы альманах. Выпуск трэці. Варшава, 2007. – С. 80 – 86. [12] Сабалеўская В. “Як сьлімак у шкарлупіне”…[13] Сабалеўская В. “Як сьлімак у шкарлупіне”…[14] Венгерова П. Воспоминания бабушки. С. 119, 128. [15] ЛДГА. Ф. 378, агульны аддзел. 1837 г. Адз. зах. 1622. [16] Венгерова П. Воспоминания бабушки. С. 125. [17] Венгерова П. Воспоминания бабушки. С. 126. [18] Венгерова П. Воспоминания бабушки. С. 128. [19] ЛГИА. Ф. 378, об. отд., 1867 г., д. 1728. Дело о доставлении сведений о существующим по городам и местечкам Северо-Западного края еврейских погребальных братствах. Арк. 327 адв., 328 адв., 330.[20] Венгерова П. Воспоминания бабушки. С. 127. [21] Еврейское кладбище в Бресте // http://by-mohilki.livejournal.com/3464.html#cutid1 [22] Rabbiner Dr. Arthur Levy. Judische Grabmalkunst in Osteuropa. Berlin, 1923. [23] Зайка В. Некалькі запозненых і некалькі заўчасных думак пра габрэяў і беларусоў // ARCHE. № 3 (8). 2000. // Рэжым доступу:  http://arche.bymedia.net/3-2000/zajka300.html